Аператыўны канал: інфармацыя Смаргонскага раённага аддзела Следчага камітэта

Происшествия
23.02.2018 13:50
1312
Жыхар раёна набыў у растэрміноўку прымысловыя тавары ў магазінах, якія належаць мясцовым індывідуальным прадпрымальнікам. Спачатку  ён выплачваў грошы, а потым палічыў, што гэтага дастаткова, прадаў купленыя рэчы і махнуў адпачываць у Сочы.
кошелек.jpg

Дамоў вярнуўся мужчына без капейкі ў кішэнях і вырашыў заняцца ранейшай справай – заключыў у некалькіх магазінах дагаворы на набыццё тавараў у растэрміноўку і неўзабаве стаў шчаслівым уладальнікам офіснага крэсла з паваротным механізмам, горнага веласіпеда, канапы­ложка. Як і ў папярэднім выпадку, пакупнік не збіраўся плаціць за іх у поўным аб’ёме, а каб займець неадкладна грошы, прадаў новыя рэчы.

Падманутыя індывідуальныя прадпрымальнікі не захацелі мірыцца з незайздроснай для іх сітуацыяй і звярнуліся з заявамі ў міліцыю.

*       *       *

Напярэдадні выхадных вечарам гараджанін прыйшоў да сваёй маці, якая знаходзіцца на пенсіі. Але не для таго, каб пацікавіцца яе здароўем, аказаць у выпадку неабходнасці дапамогу ў хатніх справах. Як толькі састарэлая жанчына выйшла ў суседні пакой, сын накіраваўся да схованкі, дзе ляжаў мацерын кашалёк.

Праз некалькі мінут мужчына пачаў развітвацца са сваёй маці, якая вырашыла дапамагчы сыну надзець на рукаў флікер, каб у цёмную пару сутак яго не затрымалі на дарозе міліцыянеры. У гэты момант жанчына ўбачыла свой кашалёк, які вытыркаўся з кішэні сынавай курткі.

Сын пусціўся наўцёкі, выбег з хаты разам з кашальком. Напэўна, у яго “гарэлі трубы”, неабходна было тэрмінова паправіць здароўе.

І калі першапачаткова дзеянні  мужчыны кваліфікаваліся б як дробны крадзеж, то пазней пацягнулі ўжо на рабаўніцтва. Справа ў тым, што ў кашальку ляжалі толькі 10 рублёў і банкаўская пластыкавая картка, на якой захоўвалася мацярынская пенсія.

Потым сын зняў з банкаўскай пластыкавай карткі 60 рублёў, код ведаў, бо раней маці прасіла яго купіць у аптэцы лякарствы.

Узбуджана крымінальная справа. Мужчыну чакае лава падсудных.

*       *       *

У райаддзел міліцыі і цэнтральную раённую бальніцу каля 21 гадзіны паступіла паведамленне аб тым, што каля вёскі Дзенавішкі на дарозе знойдзены мёртвы чалавек. Пры знешнім аглядзе трупа не было выяўлена відавочных прыкмет траўміравання, аднак ускрыццё паказала, што ў мужчыны пашкоджаны ўнутраныя органы, косткі таза.

Пасля правядзення шэрагу экспертыз было ўстаноўлена, што смяротна траўміраваны мужчына ляжаў на дарозе, ён быў п’яны. Побач знаходзіўся веласіпед. Гэты чалавек працаваў на жывёлагадоўчай ферме і жыў у вёсцы Пазборцы.

Вадзіцель “Форда”, якога падазраюць ва ўчыненні ДТЗ, патлумачыў, што ўбачыў толькі веласіпед і то ў апошні момант, павярнуў руль у левы бок, каб пазбегнуць наезду, пасля гэтага аўтамабіль нават апынуўся ў кювеце.

Паколькі няма дакладных даных аб тым, быў учынены наезд гэтым аўтамабілем на чалавека ці не, то  ў бліжэйшы час будзе праведзены следчы эксперымент. Пасля таго як эксперт­аўтатэхнік зробіць неабходныя разлікі, стане вядома, ці была тэхнічная магчымасць прадухіліць наезд на чалавека.

Інфармацыю раённага аддзела Следчага камітэта падрыхтаваў да друку Юрый ЯНУШКЕВІЧ. 

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений