Старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Рамановіч правёў выязны прыём грамадзян у Асінаўшчызне

Юрий Янушкевич
01.02.2018 14:00
1501
Людзей прыйшло нямала, каля дзесяці чалавек, усе жанчыны. Паколькі ў іх былі аднолькавыя пытанні, то зайшлі ў кабінет усе разам. Адразу ж паскардзіліся на адсутнасць вулічнага асвятлення. З-за гэтага раніцай  прыходзіцца ўпоцемку вадзіць дзяцей у садок, а вечарам забіраць іх адтуль таксама ў цемры. Няма асвятлення і каля ясляў-сада - пачатковай школы, толькі над уваходам у будынак устаноўлены ліхтар, які асвятляе сцежку да варот. Таму в. а. старшыні Каранёўскага сельвыканкама Святлана Норык напісала пісьмо ў аддзел адукацыі райвыканкама, каб там разабраліся з гэтай праблемай.

Осиновщизна_приём_Романович.jpg

Адна жанчына паскардзілася на тое, што дома перагара-юць лямпачкі, гаспадары не паспяваюць іх мяняць. Прычына ў тым, што некаторыя жыхары Асінаўшчызны паадкрывалі на сваіх падворках “аўтасэрвісы”. Калі ўключана электразварка, то з-за перападаў напружання ў дамах пачынаецца мірганне лямпачак, можа сапсавацца бытавая тэхніка.

Жанчыны ўзнялі пытанне пра дрэнны стан гаспадарчай дарогі, якая пралягае па Асінаўшчызне. Яны лічаць, што з адкрыццём нелегальных рамонтных майстэрняў  дарогу разбілі так, што па ёй мясцовым жыхарам ні прайсці, ні праехаць да сваіх хлявоў.

Наведвальніцы пахвалілі Святлану Норык за тое, што яна пачынае ўзводзіць у Асінаўшчызне танцавальную пляцоўку, бо  тут няма  Дома культуры і яго ніхто ўжо не пабудуе, паколькі на гэту справу неабходна вялізная сума грошай. А дзецям, якіх многа ў аграгарадку, трэба недзе бавіць вольны час. В. а. старшыні сельвыканкама прапанавала сабраць талаку для выканання неабходных будаўнічых работ. Ужо ёсць тры добраахвотнікі, якія будуць працаваць на будаўніцтве танцавальнай пляцоўкі.

Мясцовыя жыхаркі паскардзіліся на тое, што ў Асінаўшчызне няма ні банкамата, ні інфакіёска, закрыты ФАП. Хвораму чалавеку трэба ехаць у паліклініку, што ў Каранях. Праўда, нядаўна ў будынку дзіцячага садка выдзелілі пакойчык для прыёму пацыентаў, але ён не прыстасаваны і не прадугледжаны для гэтага. Па словах медработніка, якая таксама прыйшла на прыём, па санітарных правілах і нормах нельга ў дашкольнай навучальнай установе адкрываць медыцынскі пункт, паколькі адзін уваход у будынак, таму хворыя людзі будуць кантактаваць са здаровымі.

Яшчэ адну жанчыну прывяла на прыём бяда – працякае дах у двухпавярховым доме на дзве сям’і. Жанчына жыве на першым паверсе, і пасля моцнага дажджу прыходзіцца падстаўляць вёдры і тазікі, бо са столі капае вада. Кватэра прыватызаваная, а ў суседа зверху – не, з’яўляецца ўласнасцю гаспадаркі. “Я згодна ўнесці сваю долю грошай у рамонт даха ў адпаведнасці з займаемай плошчай (кватэра трохпакаёвая, а ў суседа на адзін пакой больш), - сказала наведвальніца. - І прыватнікі не супраць узяцца за рамонтныя работы, але іх спыняе тое, што не абедзьве кватэры прыватызаваныя”.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Рамановіч сказаў, што ўсе звароты жыхароў Асінаўшчызны не застануцца без увагі, будуць падключаны службы, якія дапамогуць глыбей разабрацца ў кожнай канкрэтнай сітуацыі, каб потым можна было прыняць адпаведныя рашэнні па дапамозе людзям. А наведвальнікам, якія паскардзіліся на дрэнную якасць вады ў дамах, адказаў, што перад выязным прыёмам грамадзян заязджаў на станцыю абезжалезвання, якая знаходзіцца непадалёку ад Асінаўшчызны. Работнікі РУП “ЖКГ” прывезлі туды новы фільтр і ўстановяць яго замест сапсаванага, з кранаў ужо не будзе цячы жоўтая вада.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений