Сустрэча з жыхарамі вёскі Міцкавічы

Сморгонский райисполком
07.03.2019 12:27
383
6 сакавіка пасля заканчэння працоўнага дня, намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Шчэберака сустрэлася з жыхарамі Міцкавічаў. Напачатку свайго выступлення яна адзначыла, што адказныя работнікі раённага выканаўчага камітэта наведваюць не толькі аграгарадкі і буйныя вёскі, але і невялікія населеныя пункты ў сельскай мясцовасці, каб расказаць людзям аб тым, як развіваецца наш раён,  выслухаць праблемы і пажаданні вяскоўцаў.

IMG_9681.jpg

Намеснік старшыні райвыканкама Таццяна ШЧЭБЕРАКА і старшыня Вішнеўскага сельвыканкама Святлана МАХНАЧ.


Таццяна Мікалаеўна паведаміла, што ў гэты ж дзень некалькімі гадзінамі раней у Смаргоні быў праведзены вялікі савет па развіцці прадпрымальніцтва і круглы стол у рамках праекта развіцця сельскіх тэрыторый, для чаго быў створаны бізнес-інкубатар у Камарове Мядзельскага раёна.  Там выступілі са сваімі бізнес-ініцыятывамі ў ліку жыхароў іншых трох суседніх раёнаў 8 смаргонцаў і выйгралі гранты на адкрыццё ўласнай справы. Гэтых людзей запрасілі ў райвыканкам, каб яны падзяліліся сваім вопытам з іншымі. Можа яшчэ хто-­небудзь вырашыць заняцца прадпрымальніцтвам у сельскай мясцовасці? “Калі ў вас ёсць цікавыя ідэі, то звяртайцеся з імі ў райвыканкам, выслухаем, падтрымаем”, - сказала намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Таццяна Шчэберака.

Жыхары Міцкавічаў, якія прыйшлі на сустрэчу, закранулі тэму закрыцця магазінаў, работы аўталавак. Таццяна Шчэберака патлумачыла, што райспажыўтаварыству накладна трымаць у невялікіх вёсках магазіны, якія не прыносяць прыбытку, толькі страты. Жыхароў у такіх населеных пунктах нямнога, яны купляюць мала тавараў, таму выручка мізэрная. У падобных выпадках больш выгадна выкарыстоўваць аўталаўкі. Для гэтага распрацаваны маршруты, складзены графікі. Да ўласнікаў аўтамагазінаў прад’яўляюцца жорсткія патрабаванні. Скаргаў па абслугоўванні практычна няма, ёсць толькі заўвагі наконт цэнаў на прывозімыя тавары. Месцы прыпынку аўталавак у населеных пунктах, як правіла, абсталёўваюцца лаўкамі, сметніцамі. Вяскоўцы хочуць, каб былі ўстаноўлены якія-небудзь навесы, дзе можна было б схавацца ад непагадзі ў чаканні аўтамабіля з прадуктамі. Гэта зрабіць цяжэй, аднак Таццяна Мікалаеўна паабяцала разгледзець узнятае пытанне і знайсці прымальныя варыянты яго вырашэння. Міцкавіцкі магазін таксама будзе часова зачынены, паколькі звольніўся прадавец, а іншага пакуль не ўдалося знайсці. Жыхароў гэтай вёскі будзе абслугоўваць аўталаўка.

На пытанні вяскоўцаў, якія тычыліся вуліц і дарог, адказаў галоўны інжынер ДРБУ-134 Андрэй Блізнюк. Па яго словах, цёплая зіма спрыяла выкананню ямачнага рамонту, таму ў першую чаргу работы выконваліся на дарогах, дзе вялікая інтэнсіўнасць аўтамабільнага руху. Для ўхілення ямін выкарыстоўваліся спецыяльныя халодныя сумесі.

Спецыяліст дарожна-рамонтнай службы паабяцаў жыхарам Міцкавічаў, што ў бліжэйшы час будзе адрамантавана асфальтавае пакрыццё ў самой вёсцы і прагрэйдзіраваны гравійныя дарогі ў наваколлі, калі крыху падсохне зямля. У красавіку плануецца ўвесці ў эксплуатацыю асфальтабетонны завод, таму дарожна-рамонтныя работы будуць выконвацца больш хуткімі тэмпамі.

Старшыня Вішнеўскага сельвыканкама Святлана Махнач коратка расказала аб тым, што ў зімовы перыяд дарогі пастаянна ачышчаліся ад снегу. Работу выконвала тэхніка ДРБУ-134 альбо калгасная.

Падчас сустрэчы людзі ўздымалі пытанні нарыхтоўкі дроў, выкарыстання ворыўных земляў, забеспячэння ўладальнікаў прыватных гаспадарак збожжам і іншыя. Таму намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Шчэберака прыняла рашэнне, што ў бліжэйшы час сустрэнецца з жыхарамі Міцкавічаў яшчэ раз. І ўдзельнічаць у гэтай сустрэчы будуць кіраўнікі арганізацый і службаў, якія кампетэнтныя даць тлумачэнні на пытанні вяскоўцаў.

IMG_9696.jpg

IMG_9693.jpg

Жыхары Міцкавічаў задаюць пытанні.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений