Сустрэча з працоўным калектывам Смаргонскай птушкафабрыкі

Юрий Янушкевич
26.12.2018 08:13
528
Падчас сустрэчы з працоўным калектывам Смаргонскай птушкафабрыкі размова ішла аб тым, якія меры прымае мясцовая ўлада па стварэнні ўмоў для бяспечнай жыццядзейнасці грамадзян, прадухіленні пажараў і гібелі на іх людзей.

Адкрыў мерапрыемства старшыня Сольскага сельвыканкама Міхаіла Мірскі. Ён адзначыў, што за 11 месяцаў гэтага года аглядавая камісія, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі зацікаўленых службаў, абследавала 863 домаўладанні, што складае 73% ад агульнай іх колькасці. За гэты перыяд былі адрамантаваны 10 печак у 8 хатах, у 27 домаўладаннях заменена электраправодка, устаноўлены 60 аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, у тым ліку ў ведамасным жыллі, якое належыць мясцовай гаспадарцы.

1.jpg

Старшыня Сольскага сельвыканкама Міхаіл МІРСКІ расказвае аб сітуацыі з пажарамі на тэрыторыі сельсавета.

2.jpg

Людзей, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, папрасілі ўстаць, каб на іх паглядзелі ўсе ўдзельнікі сходу.


Найбольшая ўвага пры праверцы домаўладанняў надавалася людзям з так званай групы рызыкі. Да некаторых нядбайных гаспадароў аглядавай камісіі прыйшлося зайсці не адзін раз. “Аднак гутаркі з імі аб пажарнай бяспецы не прынеслі жаданага выніку”, - сказаў Міхаіл Мірскі. На тэрыторыі сельсавета адбылося 8 пажараў, на 3 больш, чым летась. У агні загінулі два чалавекі. Згарэлі 5 хат, дзве гаспадарчыя пабудовы і аўтамабіль.

Прычынамі загаранняў сталі няспраўнасць печаў і электраправодкі, неасцярожнае абыходжанне з агнём.

Разам з работнікамі птушкафабрыкі ў мерапрыемстве ўдзельнічалі і вяскоўцы, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Звяртаючыся да іх, Міхаіл Фёдаравіч папярэдзіў: “Калі вы не прыслухаецеся да нашых патрабаванняў, то да вас будуць прынятыя больш жорсткія меры. Вы трапіце ў поле зроку ўчастковага інспектара міліцыі, бу­дзеце пастаўлены на ўлік. Тым, у каго моцная цяга да спіртных напіткаў, прыйдзецца мець справу з урачом-нарколагам”.

Вельмі жорстка выказаўся ў дачыненні да праблемнага кантынгенту намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко: “Мы павінны іх ратаваць, а яны пра сябе не думаюць. Цяжка прымацаваць да столі аўтаномны пажарны апавяшчальнік, не піць да страты прытомнасці, не курыць у пасцелі. Інстынкт самазахавання. А потым за іх спытаюць у старшыні сельвыканкама: чаму павялічылася колькасць пажараў, многа п’яніц і яны гінуць”.

Па распараджэнні начальніка райаддзела міліцыі цяпер усіх аматараў выпіць будуць выклікаць на пункты аховы правапарадку і праводзіць з імі прафілактычную работу, некага паставяць на ўлік, а калі хто не захоча выпраўляцца,  – міліцыянеры складуць некалькі адміністрацыйных пратаколаў і накіруюць ў лячэбна-прафілактычны прафілакторый.

Генадзь Паўлавіч расказаў пра выпадак, калі адна жанчына, пазбаўленая бацькоўскіх правоў, не хадзіла на працу, піла і думала, што будзе прадаўжаць так жыць і далей. Аднак супрацоўнікі міліцыі хуценька надзелі ёй наручнікі і даставілі ў паліклініку для праходжання медыцынскай камісіі. Людзі са здзіўленнем глядзелі на не першай свежасці кабету з “бранзалетамі” на руках. Было ёй сорамна ці не – невядома.

3.jpg

Намеснік старшыні райвыканкама Генадзь БЫЧКО выказвае жорсткія словы аб п’яніцах і абібоках.


І ў начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніса Мінко накіпела ў душы. Ён нават захацеў пасля заканчэння мерапрыемства звадзіць мясцовых п’яніцаў на недалёкае ад птушкафабрыкі папялішча, якое засталося ад хаты, дзе жыў аматар спіртных напіткаў, жыццё якога забраў агонь.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Рамановіч, які ўзначальвае раённую камісію па працаўладкаванні, пагутарыў з праблемнымі вяскоўцамі. Сярод тых, хто злоўжывае спіртнымі напіткамі, былі некалькі пенсіянераў, дзве жанчыны, астатнія мужчыны працаздольнага ўзросту, якія існуюць за кошт часовых заробкаў. Ім Іван Рамановіч сказаў, каб у бліжэйшы час з’явіліся на пасяджэнне раённай камісіі па працаўладкаванні.

4.jpg

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван РАМАНОВІЧ гутарыць індывідуальна з кожным з людзей, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений