Старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Рамановіч сустрэўся з жыхарамі вёскі Асінаўка

Местное управление и самоуправление
10.09.2018 16:40
1229
На гутарку з жыхарамі вёскі Асінаўка  старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Рамановіч прыехаў не адзін, запрасіў прадстаўнікоў службаў, якія маюць дачыненне да сельскай мясцовасці. Каб людзі маглі задаць пытанні па медыцынскім, сацыяльным абслугоўванні і атрымаць кампетэнтныя адказы.

Але спачатку з інфармацыяй выступіла старшыня Каранёўскага сельвыканкама Святлана Гаспадарова. Яна адзначыла, што працуе ў цесным кантакце са старастам Асінаўкі, прыслухоўваецца да яе просьбаў. Былі спілены дрэвы на могілках, наведзены парадак, падсыпаны дарогі.

Асінаўка 121.jpg

З вяскоўцамі гутарыць старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван РАМАНОВІЧ.


Жыхары Асінаўкі скардзіліся на тое, што магазін знаходзіцца ў 3 кіламетрах ад вёскі, пажылым людзям цяжка туды дабірацца. Святлана Сяргееўна запэўніла іх у тым, што з наступнага месяца ў вёску будзе прыязджаць аўталаўка, неабходна толькі вырашыць пытанне з прыпынкам. Людзі папрасілі, каб яна спынялася ў адным і другім канцах вёскі, бо так будзе зручна.

Загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму УТЦСАН “Цёплы дом” Людміла Алехна паведаміла аб тым, што ў Каранёўскім сельсавеце працуюць 5 сацыяльных работнікаў. На абслугоўванні ў Асінаўцы знаходзіцца толькі адзін чалавек. Таму прадстаўніца сацыяльнай службы пацікавілася ў вяскоўцаў, можа яны ведаюць людзей, якія маюць патрэбу ў сацыяльным абслугоўванні. Гэта могуць быць пенсіянеры, інваліды 1 альбо 2 групы непенсійнага ўзросту, нават сям’я пенсіянераў.

Адзінокага чалавека, які ў сілу нейкіх абставін не можа адрамантаваць печ, сацыяльная служба можа змясціць на зіму ці на пастаянна ў дом сумеснага пражывання. Адзін з іх знаходзіцца ў Бялкоўшчыне, другі – у Лылойцях. Аказалася, што ў Асінаўцы ёсць такі чалавек, у яго не склалася жыццё, таму старшыня раённага Савета дэпутатаў папрасіў прадстаўнікоў адпаведных службаў узяць гэтага мужчыну на кантроль.

У вяскоўцаў былі пытанні па медыцынскім абслугоўванні. На мясцовым ФАПе ёсць лякарствы, але іх не прадаюць без рэцэпта. Людзям неабходна ехаць па яго ў горад. Там яны заадно і купляюць лякарствы, каб не ісці на ФАП, які знаходзіцца няблізка. Людзі папрасілі аб тым, калі будуць прыязджаць у Асінаўку ўрачы для правядзення абследавання, каб разам з ім быў і лабарант, які ўзяў бы аналізы, бо ў каранёўскай паліклініцы пастаянна ёсць чэргі. Адна жанчына-гіпертонік паскардзілася на тое, што цяпер ёй не выпісваюць пэўнае лякарства.

Намеснік галоўнага ўрача Наталля Тупека дала неабходныя тлумачэнні і запісала ў блакнот пытанні, якія патрабуюць вырашэння.

Аб падрыхтоўцы да зімы вяла размову інспектар райаддзела па надзвычайных сітуацыях Надзея Вайнілка. Яна папрасіла вяскоўцаў, каб яны прывялі ў належны парадак свае печы, пабялілі коміны, устанавілі ў жылым памяшканні, у каго няма, аўтаномны пажарны апавяшчальнік, які ў выпадку надзвычайнай сітуацыі выратуе чалавечыя жыцці.

Некаторыя жыхары вёскі Асінаўка трымаюць кароў, таму іх цікавіла, куды іх можна выганяць на пашу. Намеснік дырэктара саўгаса “Смаргонскі” Іван Дарашкевіч адказаў, што для гэтага ў вызначаным месцы на наступны год будзе пасеяна трава.

Намеснік дырэктара лясгаса, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Андрэй Пятроўскі папрасіў жыхароў Асінаўкі, сваіх выбаршчыкаў, каб яны звярталіся да яго ў выпадку ўзнікнення нейкіх праблем, назваў дні прыёму, нумар тэлефона. А яшчэ Андрэй Зянонавіч перасцярог людзей, якія ходзяць у лес па грыбы, што з 1 кастрычніка пачынаецца паляўнічы сезон, таму пажадана апранаць на сябе адзенне светлых колераў, каб быць лепш бачным.

Што датычыць нарыхтоўкі дроў на зіму, то, пачынаючы з наступнага года, усе жадаючыя могуць звяртацца ў лясніцтвы з заявамі, каб ім выдзелілі ўчасткі лесу, дзе яны маглі б самі, заплаціўшы невялікія грошы, нарыхтаваць сабе паліва. Пакуль жа яго можна купіць у лясгасе. А вось за самавольную высечку дрэў законам прадугледжаны буйны штраф. У лясах смецце альбо высякаючы дрэвы ці кусты. 

“Можна беспакарана зрэзаць толькі некалькі галінак для веніка ці іншых гаспадарчых патрэбаў”, - сказаў Андрэй Пятроўскі.

Асінаўка 116.jpg

Аб надзённых турботах расказвае старшыня Каранёўскага сельвыканкама Святлана ГАСПАДАРОВА.

Асінаўка 055.jpg

Намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Наталля ТУПЕКА інфармуе жыхароў Асінаўкі аб медыцынскім абслугоўванні.

Асінаўка 083.jpg

Інспектар РАНС Надзея ВАЙНІЛКА раздае вяскоўцам буклеты з інфармацыяй аб пажарнай бяспецы.

Асінаўка 092.jpg

Аб вырашэнні гаспадарчык пытанняў распавядае намеснік дырэктара саўгаса “Смаргонскі” Іван ДАРАШКЕВІЧ.

Асінаўка 128.jpg

Намеснік дырэктара лясгаса, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Андрэй ПЯТРОЎСКІ гутарыць з выбаршчыкам.

Асінаўка 132.jpg

Ёсць аб чым пагаварыць загадчыку аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму УТЦСАН “Цёплы дом” Людміле АЛЕХНА і намесніку галоўнага ўрача ЦРБ Наталлі ТУПЕКА.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений