4 грамы важыць сучасная смаргонская сушка

Промышленность
15.09.2017 15:32
1224
“Ідэя наладзіць выраб сушак на прадпрыемстве належыць нашаму калектыву, - сказаў дырэктар хлебазавода Іван Касцюшка. – Для гэтага выканалі мадэрнізацыю на лініі па выпечцы паніровачных сухароў, набылі ў лізінг абараначныя машыны, купілі іншае абсталяванне, рэканстуіравалі дзеючую печ”.

Сушки_баранки_Сморгонь_2.jpg

Пільна сочаць за канвеерам машыністы цестараздзелачных машын Вольга КЛЯБЕКА і Кацярына ГУНЬКЕВІЧ.


Іван Іванавіч нават звярнуўся ў мясцовы гісторыка-краязнаўчы музей, каб даведацца пра рэцэптуру знакамітых смаргонскіх абаранкаў, але яму сказалі, што не захавалася. Ды і не было адной рэцэптуры, якою карысталіся калісьці ў прыватных абараначных пякарнях. Кожная гаспадыня мела сваю і трымала яе ў сакрэце.

Цяпер на Смаргонскім хлебазаводзе выпякаюць шырокі асартымент сушак па распрацаванай і зацверджанай дзяржаўнай рэцэптуры, безрасстоечнай тэхналогіі. За месяц прадпрыемства выпускае 20 тон гэтай прадукцыі. Тэрмін яе рэалізацыі – 150 дзён. Пры выпечцы сушак выкарыстоўваюцца падсыпкі з маку, кунжуту, ёсць сушкі з водарам ваніліну.

Накінуўшы на плечы белыя халаты, разам з начальнікам вытворча-тэхналагічнай лабараторыі Таццянай Міроненка накіраваліся ў цэх, дзе наладжана вытворчасць сушак. Якраз у гэты час замешвалася цеста ў цестамясільнай машыне, крутое, вільготнасцю 30-37 працэнтаў.

Для таго каб цеста было больш пластычным і аднародным, яго некалькі разоў прапускаюць праз націрачную машыну, якая складаецца з рубчатага вала і размешчанай пад ім канвеернай стужкі.

Фармуецца абараначная прадукцыя ў дзялільна-закатачных машынах. З атрыманага жгута цеста ўзнікаюць правільнай формы кольцы. Яны маюць больш прывабны знешні выгляд, чым загатоўкі абаранкаў ці сушак ручной работы.

Па словах спецыялістаў, абаранкі і сушкі істотна не адрозніваюцца ў спосабе прыгатавання. Іх рэцэптура аднолькавая. Толькі ў параўнанні з іншай абараначнай прадукцыяй у сушак вельмі малыя памеры і нізкая вільготнасць, яны больш сухія. Адсюль пайшла і назва гэтага вырабу.

Сушки_Сморгонь_1.jpg

Цеставод Галіна ЛЯЎЧЭНЯ каля націрачнай машыны.


Сушкі выпякаюць у апарачна-пячным агрэгаце, які складаецца з апарачнай камеры і печы. Сюды па канвееры бесперапынна рухаюцца сырыя кольцы цеста, дзе з іх выпарваецца вільгаць і адначасова з выпечкай адбываецца сушка.

Потым гатовая абараначная прадукцыя па транспарцёры паступае на ўчастак фасоўкі. Работніцы наклейваюць неабходныя этыкеткі на пакеты і складваюць іх у кардонныя каробкі. Сушкі гатовыя да адпраўкі спажыўцам.

Як адзначыў дырэктар хлебазавода Іван Касцюшка, смаргонскія сушкі адрозніваюцца па знешнім выглядзе і смакавых якасцях ад аднайменных вырабаў, якія выпускаюць на іншых хлебазаводах. Сушка мясцовай выпечкі тонкая, важыць усяго 4 грамы і мае назву “Крыштальная”. Гэта прадукцыя карыстаецца вялікім попытам у спажыўцоў і рэалізоўваецца амаль па ўсёй Беларусі.

Сушки_баранки_Сморгонь_3.jpg

Сушкі фасуе Алена БАРДЗЮКОВА.


Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений