19 чэрвеня інспекцыі па справах непаўналетніх спаўняецца 82 гады

МВД
19.06.2017 11:40
Пасля заканчэння грамадзянскай вайны ў СССР была распаўсюджана дзіцячая беспрытульнасць, павялічылася колькасць злачынстваў, якія ўчынялі падлеткі. Тады і ўзнікла неабходнасць у стварэнні спецыялізаваных падраздзяленняў міліцыі для барацьбы з дзіцячай беспрытульнасцю, правапарушэннямі. З гэтага часу і пачынаецца гісторыя інспекцыі па справах непаўналетніх. У Беларусі яна з’явілася пазней, пасля таго, як 19 чэрвеня 1935 года была прынята адпаведная пастанова Савета Народных Камісараў і ЦК ВКП(б)Б.

ИДН_Сморгонь.jpg

З вучнямі СШ №1 гутараць супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх  вядучы спецыяліст Аксана СТРАХ, участковы інспектар міліцыі Алег НОВІКАЎ і спецыяліст 1 катэгорыі Людміла ЦІРАШКЕВІЧ.

Цяпер інспекцыя па справах непаўналетніх уваходзіць у склад міліцыі грамадскай бяспекі органаў унутраных спраў. Супрацоўнікі ІСН праводзяць прафілактычныя мерапрыемствы сярод падлеткаў, выяўляюць прычыны і ўмовы, якія садзейнічаюць учыненню злачынстваў. Яны, як правіла, залежаць ад сям’і, духоўна-маральнай атмасферы, якая пануе ў ёй. Таму не дзіўна, што падлеткі капіруюць лад жыцця сваіх бацькоў. Выхавальнікі ў пагонах – частыя госці ў сем’ях, дзе дзеці жывуць ва ўмовах антысанітарыі, п’янства, бескантрольнасці, недахопу харчовых прадуктаў. Такое становішча называецца сацыяльна небяспечным.

“У інспекцыі па справах непаўналетніх немагчыма быць проста міліцыянерам. Гэты супрацоўнік з’яўляецца псіхолагам, педагогам, бацькам ці маці, проста таварышам для сваіх падапечных, - кажа ўчастковы інспектар ІСН Алег Новікаў. - Галоўная задача - не выявіць правапарушэнне і пакараць за яго, трэба падказаць падлетку, што ёсць іншы, правільны шлях, – вось што важна для кожнага супрацоўніка міліцыі”.

Праз рукі супрацоўнікаў інспекцыі па справах непаўналетніх Смаргонскага райаддзела міліцыі праходзяць дзясяткі падлеткаў, якіх яны імкнуцца зберагчы ад непапраўных памылак, робяць усё магчымае, а часам нават і немагчымае, каб дзіця выправілася, вырасла дастойным грамадзянінам сваёй краіны.

У мясцовай ІСН надоўга не затрымліваюцца выпадковыя людзі. Тут застаюцца толькі самыя стойкія, мэтанакіраваныя і адданыя сваёй справе, здольныя аберагчы падлеткаў ад учынкаў, якія могуць сапсаваць іх далейшае жыццё. Кожны інспектар добра ведае, што ўзнагарода за старанне і працу – гэта выратаваныя дзіцячыя лёсы, ажыццёўленыя мары дзяцей на лепшую будучыню, у якой замест горкіх слёз будуць толькі радасныя ўсмешкі.

Інспекцыя па справах непаўналетніх з’яўляецца адным з самых важных падраздзяленняў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, бо менавіта ад яго работы залежыць папярэджанне правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх, вяртанне на правільны шлях дзяцей, якія па розных прычынах ступілі на “крывую” сцежку жыцця.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара. 

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений