Гром, Сокал, Зэльва і ўэльскія поні Какетка і Таймун хутка паселяцца побач з сядзібай Агінскага ў Залессі

Виолетта ВОЙТКО
18.01.2019 11:34
1208
Пры жыцці Міхала Клеафаса Агінскага залеская сядзіба славілася коннымі прагулкамі па паркавых сцяжынах. Госці кампазітара ведалі: іх абавязкова запросяць палюбавацца краявідамі з прыгожых экіпажаў або нават саставіць кампанію гаспадару ў вандроўках вярхом.

Залесье_Огинского_кони_иппотерапия_7074.JPG

12 студзеня ў сядзібе Міхала Клеафаса адбылося ўрачыстае закрыццё праекта “Іпатэрапія для эфектыўнай рэабілітацыі інвалідаў”. Усіх, хто тым ці іншым чынам далучыўся да яго рэалізацыі, запрасілі на баль. Перш чым закружыцца ў вальсе і выбраць партнёра для кантрданса, госці пазнаёміліся з уланамі Вяліка га Княства (добра вядомы нам клуб “Залатая шпора”). Уланы паказалі сваё майстэрства верхавой язды і валодання зброяй.

Залесье_Огинского_кони_иппотерапия_7093.JPG

Залесье_Огинского_кони_иппотерапия_7188.JPG

Бравы ўлан 17 палка Вялікага Княства Літоўскага (рэканструкцыя).


А некаторыя дамы нават скарысталіся магчымасцю праехацца на баявым кані ў суправаджэнні бравых ваякаў.

Год за годам сядзіба аднаўляецца і прыгажэе. Сёння настаў час менавіта канюшні Міхала Клеафаса. Па праграме “Польская дапамога” выдзелена 35 тысяч еўра на закупку коней, вупражы, карэты і саней для праекта “Іпатэрапія для эфектыўнай рэабілітацыі інвалідаў”. Новыя “супрацоўнікі” музея-сядзібы ў Залессе пакуль не прыехалі, яны знаходзяцца на каранціне, але дырэктар Людміла Градзіцкая з імі завочна пазнаёміла. Гэта коні Гром, Сокал, Зэльва (латвійская вупражная і беларуская вупражная пароды) і ўэльскія поні Какетка і Таймун. 

Аўтар праекта, старшы навуковы супрацоўнік музея Васіль Грыбанаў расказаў, што патрабаванні да жывёл былі строгія: яны павінны быць не старымі і не зусім маладымі, спакойнымі, падрыхтаванымі да іпатэрапіі, умець вазіць карэту і працаваць у пары. Такіх знайшлі ў сядзібе “Коні-поні” пад Мінскам. Паколькі ў канюшні яшчэ вядуцца работы, “прытуліць” жывёл згадзіліся ў Залескай школе. Цяпер чарга за пошукам новых супрацоўнікаў – інструктара па іпатэрапіі і конюха.

Баль упрыгожылі рамансы, інструментальная музыка ў выкананні трыа “Унісон” і розныя шляхетныя забавы. На дабрачынны аўкцыён былі выстаўлены чайны і кафейны сервізы, а таксама копія гравюры Леанарда Ходзькі “Залессе ў Літве. 1922”. А на заканчэнне, як заўсёды, – паланэз Агінскага.

Залесье_Огинского_кони_иппотерапия_7314.JPG

Раманс Міхала Клеафаса Агінскага ў выкананні Веры Міхайлавай.

Залесье_Огинского_кони_иппотерапия_7318.JPG

Кантрданс – танец для траіх.

Залесье_Огинского_кони_иппотерапия_7356.JPG

Уражаннямі ад мерапрыемства і супрацоўніцтва з беларускімі партнёрамі напрыканцы падзяліўся адзін з арганізатараў праекта, саветнік пасольства Рэспублікі Польшча Аркадзіуш Сарна: 

“Як добра, што такія ідэі нараджаюцца! Залессе – месца важнае для многіх народаў: беларусаў, палякаў, літоўцаў, італьянцаў… Таму мы з задавальненнем узяліся за праект “Іпатэрапія для эфектыўнай рэабілітацыі інвалідаў”. 

У нас было дзве мэты: зрабіць Залессе больш прывабным для турыстаў, для адпачынку і рэабілітацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Асноўны цяжар па рэалізацыі лёг на плечы работнікаў музея. Безумоўна, мы спачатку ацанілі, як развіваецца сядзіба, як яна функцыянуе і ўпэўніліся ў тым, што наш агульны праект будзе паспяховым і ўстойлівым”.

Залесье_Огинского_кони_иппотерапия_7265.JPG

Гасцей балю вітаюць саветнік пасольства Польшчы Аркадзіуш САРНА і першы сакратар пасольства Магдаліна СІДАРОВІЧ.

Віялета ВОЙТКА.

Фота аўтара.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений