Напярэдадні летняга наступлення 1917 года

Сморгонские раритеты
30.10.2018 14:00
1473
Да 100-годдзя завяршэння Першай сусветнай вайны

Унікальным сведкам падзей Першай сусветнай вайны з’яўляецца вынесеная ў смаргонскі гарадскі парк бетонная пліта з надпісам: «1917 год. Въ Ревалюц. спасенія сол. граж.». Часткова яе лёс быў узноўлены ў артыкуле “Незвычайны экспанат”, які быў надрукаваны на старонках раённай газеты ў №40 ад 9 верасня 2011 года. У публікацыі быў згаданы факт знаходжання некалькіх бетонных пліт з надпісамі ў невядомым на той час першапачатковым месцы іх збудавання, адкуль адна з мураваных “паштовак для нашчадкаў” трапіла ў наш горад. Далейшы пошук гэтых помнікаў эпіграфікі ўзнавіў не толькі іх месцазнаходжанне, але дапамог адчуць подых той рэвалюцыйнай стыхіі, пад уздзеяннем якой ствараліся надпісы.

Летам 1917 года расійскае камандаванне запланавала пад Крэвам маштабную аперацыю па прарыву фронту. Наносячы галоўны ўдар з маладзечанскага напрамку ў накірунку Ашмян і Вільні, ваенныя стратэгі разлічвалі прыпыніць развал арміі, пераламаць ход Першай сусветнай вайны на руска-нямецкім фронце. Калі б удалося вызваліць Вільню, то пад пагрозай акружэння аказаліся б усе германскія войскі ў Прыбалтыцы. У сувязі з гэтым ваенны міністр Часовага ўрада Аляксандр Керанскі прыкладае вялікія намаганні для здзяйснення свайго першага буйнога палітычнага праекта - арганізацыі наступлення расійскай арміі.

Да тагачасных газетных выказванняў пра яго асобу - “рыцар Рэвалюцыі”, “народны трыбун”, “першае каханне Рэвалюцыі”, “выратавальнік Айчыны” - салдаты надаюць яму трапную мянушку “галоўнаўгаворваючы”. Керанскі аб’язджае франтавыя часткі, выступае на шматлікіх мітынгах, імкнучыся натхніць салдат на наступленне і падняць баявы дух войска. Яго аскетычную постаць з кароткай стрыжкай у паўваенным карычневым фрэнчы, пакамечанай фуражцы і неахайна павязаных абмотках, каб выглядаць падобна “народнаму правадыру” і падабац-ца салдацкім масам, можна было ў ліпені 1917 года заўважыць каля Палачанаў і Гарадка, пад Крэвам і Сівіцай, на станцыі Залессе і паблізу вёскі Белая.

Упершыню А. Керанскі наведаў нашы мясціны 11 ліпеня 1917 года. Па дарозе на станцыю Маладзечна яму далажылі, што некаторыя часці выказалі недавер Часоваму ўраду і камітэты адмовіліся прымаць удзел у аперацыі. Таму ён адразу пасля прыезду прымае ўдзел у сходах армейскіх, карпусных і дывізіённых камітэтаў. У сваіх прамовах ваенны міністр заклікае салдат і афіцэраў да ўдзелу ў наступленні. Амаль пачаўшы агітацыйную паездку, Керанскі ў гэты ж дзень адразу яе перарывае і накіроўваецца ў Кіеў для ўрэгулявання пытанняў па ўкраінскай арміі.

Візіт Керанскага ў 38 корпус пад Крэва.jpg

Салдацкі сход падчас прыезду Керанскага.


Наступны візіт галоўнакамандуючага адбыўся 17 ліпеня. Паведамляў часопіс “Іскры”: “Міністр прыбыў на станцыю Маладзечна, дзе быў сустрэты генералам Дзянікіным, начальнікам штаба генералам Маркавым, членамі франтавога армейскага камітэта, членамі французскай місіі і камісарамі арміі і флота. Міністр прысутнічаў на пасяджэнні армейскага камітэта, затым былі прыняты члены французскай місіі, у тым ліку сын М. Горкага, лейтэнант французскай службы Пешкаў.

Пасля пасяджэння армейскага камітэта міністр у суправаджэнні генералаў Дзянікіна і Маркава аб’язджалі палкі фронту. У адным месцы было сабрана тры палкі дывізіі, цалкам гатовых да бою. Палкі былі пастроены па ўсіх правілах страявога ўстава, са сцягам на правым флангу. Луналі сцягі з надпісамі: “Да здравствует демократическая республика”, “Земля и воля”, “Доверие временному правительству”, “Да здравствует Керенский”.

Вечарам гэтага дня ён цягніком адпраўляецца на нараду ў Магілёў і вяртаецца наступным днём, каб прадоўжыць інспекцыйны аб’езд. Прыехаўшы да палкоў, якія былі размешчаны бліжэй да перадавых пазіцый, перад шматтысячнымі натоўпамі вайскоўцаў ён працягвае свае агітацыйныя прамовы, пасля якіх “цалаваў салдат”, апошнія на руках з воклічам “ура” пераносілі міністра ў іншае месца, дзе ён зноў пачынаў прамову і гэтак далей. Вечарам Керанскі пакідае фронт і вяртаецца ў Петраград, абяцаючы генералу А. Дзянікіну вярнуцца да пачатку аперацыі.

Апошні прыезд ваеннага міністра ў наш рэгіён прыпадае на другую палову дня 21 ліпеня 1917 года. Дзеля яго візіту было вырашана прадоўжыць яшчэ на гэты дзень артылерыйскі абстрэл нямецкіх пазіцый. Аляксандр Керанскі працягвае ўгаворваць салдат прыняць удзел у наступленні, якое павінна было пачацца на наступны дзень. А вечарам, як ён сам адзначыў у сваіх успамінах, яму “нічога не засталося”, як вярнуцца ў Петраград. Так што сама наступальная аперацыя адбылася без непасрэднага ўдзелу галоўнакамандуючага.

Гарачыя і падкупляючыя сваёй шчырасцю ўгаворы міністра не змаглі настроіць армію на наступленне, а салдацкая маса адказала тупа і злосна адным словам: “Будзя”. Нават, як успамінаў камандзір 38-га армейскага корпуса генерал Ю. Доўбар-Мусніцкі: “Салдаты мелі намер пабіць Керанскага. Што тут дзіўнага? Былі гэта вынікі загада №1, па выхаду якога салдаты ўжо беспакарана замардавалі некалькі генералаў і вялікую колькасць афіцэраў. Мелі верагодна жаданне забавіцца яшчэ і пабіццём “галоўнага правадыра”, ледзь ён ад іх уратаваўся”. У выніку аперацыя скончылася поўным правалам і па некаторых меркаваннях, менавіта гэтае ганебнае паражэнне паслужыла галоўнай прычынай звяржэння Часовага ўрада. У адказ 29 ліпеня на супрацьлеглых пазіцыях суперніка кайзерам Вільгельмам ІІ быў праведзены агляд войска і ўзнагароджванне лепшых у час абароны салдат. Нямецкія парады прайшлі на станцыі Солы-Усход, каля Асіпанаў і Чаркасоў. Такім чынам было падкрэслена, што ў арміі не бывае рэвалюцыйнага парадку і права, а існуе звычайная вайсковая дысцыпліна.

Сёння матэрыяльным напамінам тых вірлівых падзей з’яўляецца не толькі пліта ў парку Смаргоні, але і іншыя бетонныя часткі бліндажа і пляцовак для цяжкіх гармат каля вёскі Кеўлы, пры дарозе на неіснуючы хутар Верасы. На іх паверхні выціснуты характэрныя тагачасныя рэвалюцыйныя лозунгі: «Товариш, постоимъ за Свободу», «Да здравствует демократическая республика!», «Смерть врагам Свободы». З іншых надпісаў вынікае, што нанасіліся лозунгі на бетон вайскоўцамі 1 батарэі 10 палявой цяжкай артылерыйскай брыгады ў першай палове чэрвеня 1917 года, гэта значыць у час падрыхтоўкі да ліпеньскай наступальнай аперацыі. Магчыма, паблізу гэтага месца праходзіў адзін з мітынгаў ваеннага міністра А. Керанскага. І таму каля гэтых мураваных сведкаў гісторыі ў наш час можна адчуць усе супярэчнасці мінулай сусветнай вайны: эйфарыю рэвалюцыі, горыч паражэння і далейшы трагізм грамадзянскай вайны.

Уладзімір ПРЫХАЧ. 

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений