Ведай свой край: Падарожжа ў “Паўночныя Афіны”

 

Ведай свой край: Падарожжа ў “Паўночныя Афіны”

Сморгонские раритеты
31.05.2018 07:00
278
Суботнім майскім ранкам мы, вучні пачатковых класаў, адправіліся ў чарговае падарожжа па родным краі. Нас чакала экскурсійная паездка ў аграгарадок Залессе, дзе наведалі музей-сядзібу Міхала Клеафаса Агінскага, таленавітага кампазітара і дзяржаўнага дзеяча пачатку XIX стагоддзя, аўтара вядомага паланэзу “Развітанне з Радзімай”.
огинского.jpg

Наша знаёмства з «Паўночнымі Афінамі» (культурным цэнтрам, дзе пастаянна праводзіліся мастацкія выставы, балі, літаратурныя чытанні і музычныя вечары) пачалося са старадаўняй ліпавай алеі, якая раней служыла пад’язной дарогай. У канцы алеі мы заўважылі памятны камень роду Агінскіх, а таксама каплічку, якая ў тыя часы была сямейнай. Непаўторныя пейзажы натхнілі нас прагуляцца па парку. Асабліва мы залюбаваліся возерам з векавымі вербамі, астраўкамі і мосцікамі.

А на парозе музея нас гасцінна сустрэла экскурсавод, пераапранутая ў старэйшую дачку Агінскага Амелію, якая ў цікавай і даступнай форме на роднай мове пазнаёміла нас з жыццём і дзейнасцю кампазітара і яго сям’і. Потым яе па чарзе змянялі малодшая сястра Іда, брат Ірэніуш і нават асабісты сакратар Агінскага.

Дзякуючы арыгінальна пабудаванай экскурсіі, мы адчулі атмасферу таго часу, як быццам перанесліся ў XIX стагоддзе. Экспазіцыя музея-сядзібы, якая прадстаўлена 13 заламі, вельмі ўразіла нас. Зала для музіцыравання з музычнымі інструментамі і пюпітрам, вялікая і малая гасцёўні з камінамі і мноствам партрэтаў, кабінет, більярдная, кафейня, аранжарэя з вялікай колькасцю экзатычных раслін, велізарны ўнутраны двор, альтанка Амеліі.

Пасля наведвання сядзібы мы адправіліся да невялікай рачулкі, дзе адшукалі памятныя камяні, пакінутыя тут з тых далёкіх часоў. Адзін з іх прысвечаны Тадэвушу Касцюшку, другі – Жану Ралею (настаўніку Агінскага). Напрыканцы кожны з нас загадаў жаданне ля самага старога дрэва ў парку.

Марына ЖУК, настаўніца пачатковых класаў Сыраваткінскіх ясляў-сада - сярэдняй школы.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений