Напачатку была Дальва…

 

Напачатку была Дальва…

Галина АНТОНОВА
08.07.2023
506

Велічная постаць жанчыны-маці, да якой даверліва прытуліўся, абхапіўшы яе сваімі ручкамі, маленькі бездапаможны хлопчык. А за спінай – чорныя абгарэлыя бэлькі… На  плітах Сцяны памяці словы: “Людзі, схіліце галовы перад памяццю жыхароў вёскі Дальва, нявінна загубленых 19 чэрвеня 1944 года”.

Урачыстае адкрыццё Мемарыяльнага комплексу “Дальва” адбылося пяцьдзясят гадоў таму – 15 ліпеня 1973 года. Ад гэтага часу можна пачынаць адлік творчай дзейнасці заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, ганаровага грамадзяніна Смаргонскага раёна, скульптара Уладзіміра Церабуна – аўтара мемарыяла.


30.jpg

15.jpg

16.png

17.jpg

34.jpg

У 2002 годзе «Дальва» была ўключана ў Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублiкi Беларусь. Цяпер гэта фiлiял мемарыяльнага комплексу «Хатынь».

Дальву ўвесь час называлі “сястрой Хатыні” (злучаныя агульным лёсам вёскі аддзяляюць каля 20 кіламетраў). Менавіта такую назву мела кніга  Мікалая Гірыловіча, адзінага, каму пашчасціла выжыць у знішчанай разам з насельнікамі вёсцы. У Дальве, у агульнай магiле, знайшлі свой супакой і самыя родныя людзi Мікалая Пятровіча: маці, бацька, дзядуля і тры малодшыя браты.

Восенню 1954-га, пасля службы ў арміі, Мікалай Гірыловіч прыехаў у родныя мясціны. Пайшоў да брацкай магілы аднавяскоўцаў і ўбачыў заняпад: адзін з драўляных крыжоў паваліўся, агароджа пакасілася... Мясцовы сельсавет дапамог тады паставіць жалезную агароджу і бетоннае надмагілле, у 1963-м тут з’явіўся абеліск. Але да мемарыяльнага комплексу шлях быў яшчэ доўгі...

26.jpg

“Стварыць праект помніка ўзяліся студэнты Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Быў аб’яўлены конкурс на лепшы праект. Пераможцам аказаўся трэццякурснік аддзялення скульптуры мастацкага факультэта Уладзімір Церабун. Суровай і праўдзівай мовай напісаў ён дальвінскую трагедыю. Уладзіміру ўдалося стварыць глыбока патрыятычны, высокаідэйны мастацкі твор. Прычым, простымі сродкамі, без выкарыстання дарагіх матэрыялаў, без архітэктурнай раскошы”, - менавіта так пісаў Гірыловіч у адным са сваіх матэрыялаў у газеце “Знамя юности” ў 1976 годзе.

Прайшло паўстагоддзя. І ў нас ёсць унікальная магчымасць разам з аўтарам мемарыяла “Дальва” прыпомніць той час, калі ён ствараў свой першы манументальны твор.

1.jpg

- Уладзімір Васільевіч, Вы ж памятаеце, як усё пачыналася?..

- І праз гады я памятаю ўсё, да дробязей. Летам, пасля заканчэння чацвёртага курса, я прыехаў у вёску Мятлічыцы (гэта амаль 8 кіламетраў ад Дальвы). Мяне засялілі да звычайных вяскоўцаў – пенсіянераў Антона Пятровіча і Анастасіі Міхайлаўны Акулічаў.

Комплекс узводзіўся пры пільнай падтрымцы і дапамозе кіраўніка саўгаса “Іскра”, на тэрыторыі якога помнік знаходзіцца і зараз. Дырэктарам гаспадаркі тады быў Уладзімір Буйневіч, ён на кожным этапе работ імкнуўся дапамагчы ўсім неабходным: тэхнікай, металам, цэментам… Напрыклад, бетонныя бэлькі, якія сімвалізуюць пажарышча і разбурэнне, саўгас заказваў па індывідуальным праекце для патрэб гаспадаркі з інжынернымі разлікамі і фінансаваннем.

Неўзабаве я зразумеў, што мне трэба мець свайго каня з возам. З Мятлічыц у Дальву неабходна было вазіць цэмент, метал, дошкі, інструмент, у асноўным, праз лес. Кожны раз машыну ў гаспадарцы прасіць не будзеш, у іх сваіх клопатаў хапае. Каня мне далі адразу, а воза – няма… Пайшоў шукаць па тэрыторыі саўгаса – і знайшоў пярэднюю вось з аглоблямі і дышлам, а пасля і заднюю. Людзі далі мне дошак, збрую, і я стаў сапраўдным гаспадаром з транспатрам на любы момант. Потым мужыкі прыходзілі да мяне пазычыць воза, каб прывезці сена. Я не адмаўляў. Воз стаяў па сярэдзіне двара і ўпрыгожваў наша паселішча.

32.jpg

Мне выдзелілі пуню (памяшканне для захавання сена). Там была праведзена электрычнасць і ўсталяваны подыум, на якім і ляпілася чатырохметровая скульптура з гліны. Подыум круціўся, каб добра было відаць кампазіцыю з усіх бакоў. Але адбылася першая недарэчнасць – замест металічнай трубы, прываранай да пласціны і замацаванай да крышкі подыума, мы загналі драўляны кол. З цягам часу калок нахіліўся і круціць станок стала небяспечным: на ім было амаль дзве з паловай тоны гліны. Завяршаў я лепку інтуітыўна. 

Неўзабаве прыехала камісія Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута.  Узначальваў камісію народны мастак БССР Анатоль Анікейчык. Я быў здзіўлены, калі маэстра сказаў: “Нічога падпраўляць не трэба, пакідаем, як ёсць”. Я адчуў, што атрымаў ад высокага прафесіянала сапраўдную ўзнагароду.

Мая гаспадыня частавала нас смачным вясковым абедам: хатнім тварагом, маслам, мёдам, у печы спякла хлеб. Усе былі задаволеныя.

33.jpg

- Як справа рухалася далей?

- Наступны этап – фармовачныя работы з гіпсу. Фармоўка фігуры, адліўка тэкстаў, прозвішчаў. Вялікая работа, але і яна паступова была зроблена. У кузаў самазвала насыпалі пяску і кожную форму замацоўвалі ў пясок.  Падмурак пад фігуру быў заліты загадзя. Мой сябра, студэнт старэйшага курса Аляксандр Крохалеў, параіў падлажыць пад ніз формы рубероід ці толь. Калі разбілі гіпсавыя формы, фігура стаяла  нахіленай на адзін бок. Падважылі, выраўнялі, паставілі апалубку згодна з кампазіцыяй і ўсё залілі бетонам. Стаіць фігура і па сённяшні дзень.

- Новы этап – сцяна памяці, 16 метраў у даўжыню.

- Адлівалі яе секцыямі па 3 метры. Усталявалі першую апалубку, пачалі заліваць бетонам. У другой палове формы бетон стаў распіраць дошкі… Работа была зроблена дарэмна. Не хапіла вопыту будаўнічых работ. Запытацца няма ў каго, сувязі з Мінскам няма, толькі з цэнтра саўгаса. Што рабіць? Мне 28 гадоў. Прымаю рашэнне: бетон пераносім на месца падмурка другой секцыі, а апалубку збіраем нанова. Устанавілі ў сярэдзіну шмат брускоў-распорак. Прывезлі многа вазоў пяску і больш за палову апалубкі па перыметры засыпалі сырым пяском. Усё атрымалася выдатна.

Здараліся і недарэчнасці. На сцяне памяці тэкст-зварот быў адліты з памылкай: у слове “загублеННых” былі напісаны дзве літары Н, а трэба – адна. Для мяне – балюча і сорамна. Не ведаю, ці заўважыў хто яшчэ памылку, але грызла сумленне. Прайшлі гады, выдзелілі грошы на рэстаўрацыю архітэктурных аб’ёмаў. Тады мы выразалі адну літару Н, а астатняе зварылі. Маёй радасці не было мяжы.

- А што было самым складаным пры будаўніцтве комплексу?

- Усталяванне бэлек – як сімвала спаленай хаты і разбурэння. Патрабаваліся спецыялісты – ніякай самадзейнасці ў гэтым выпадку  не дапускалася. Саўгас “Іскра” зрабіў заказ  распрацаваць па індывідуальнаму праекту і адліць тры бетонныя бэлькі для патрэб гаспадаркі. Галоўны інжынер праекта даў мне некалькі парад. Перад усталяваннем бэлек пры канцы, што пойдзе ў падмурак, трэба адбіць бетон і праверыць размяшчэнне магутных арматурных прутоў. Там, дзе налічваецца шэсць, верх бэлькі, дзе дзве – ніз. Калі размясціць наадварот, бэлька прагнецца. Унізе варыцца рама і туды ўсталёўваецца бэлька. Заліўка падмурка робіцца без перапынку за адзін прыём. Таму заліўку завяршылі ноччу пад свет вогнішча і генератара.

Калі тралер прывёз бэлькі і прыехаў кран для разгрузкі, то вадзіцель нават не стаў расстаўляць лапы: вага бэлькі шэсць тон, а кран мог падняць толькі тры.  Пачалі шукаць замену. Прыехаў пяцітоннік, і толькі той узняў бэлькі і даў магчымасць тралеру выехаць. На мантаж заказалі трынаццацітоннік. Усё ўсталявалі на апоры з бярвенняў, якія я рабіў сам.

Пасля заканчэння Смаргонскай СШ №1, акрамя атэстата, я атрымаў вадзіцельскае пасведчанне. Гэта мне спатрэбілася  і ў арміі, і ў Дальве. На апошнім этапе трэба было на лузе нарэзаць дзёрну і ўкласці яго на пляцоўцы комплекса. Гэта вялікі аб’ём работы. Вадзіцель, які вазіў дзёрн, выконваў гэту паслугу вельмі неахвотна. Тады я папрасіў дазволу і сеў за руль грузавіка. У мяне з’явілася магчымасць бачыць, як ідуць работы па нарэзцы дзёрну і як яго ўкладаюць.

Дарэчы, некаторыя рэчы былі выканны на мемарыяле без майго ўдзелу. Напрыклад, уздоўж вуліцы, дзе стаялі пяць хат (усяго ў вёсцы было их 12), была пасаджана алея з 44 бяроз (па колькасці загінуўшых жыхароў), якія выраслі і стварылі магутную алею-тунэль. Я лічу, лепш было б пасадзіць бэз, які б адпавядаў гісторыі і кампазіцыі спаленай вёскі. 

Пазней да мяне звярнулася мясцовае кіраўніцтва, каб выляпіць нацюрморты і ўсталяваць іх на прыступках умоўных хат мемарыяла. Я зрабіў, але неўзабаве вандалы павыдзіралі нацюрморты дзеля нажывы. Прайшоў час, і кіраўніцтва мемарыяльнага комплексу “Хатынь” зноў знайшло сродкі аднавіць нацюрморты. Я вельмі грунтоўна і адказна аднёсся да такой прапановы, распрацаваў нацюрморты кампазіцыйна больш складаныя. Сімвалічныя. Сям’я ў вёсцы пачынае будаўніцтва хаты (нацюрморты з цяслярскімі інструментамі), нараджаецца дзіця (лялька, буквар), аздабленне ў хаце (ткацтва, матавіла, клубкі), гасціннасць (збанок, серп, кветкі), святы і радасць жыцця (музычныя інструменты). Я тады ўжо меў пэўны вопыт работы з чыгуном, і па маёй прапанове кампазіцыі былі адліты на заводзе ацяпляльнага абсталявання з чыгуна. Якасць выдатная. Усталявалі нацюрморты ў 2015 годзе. Работнікі лясніцтва адгукнуліся на маю прапанову, і па маіх чарцяжах яны зрабілі арэлі і азярод – каб стварыць атмасферу адзіноты і трагедыі.

22.jpg

24.jpg

29.jpg

- Хто найперш падхопліваў Вашу ініцыятыву? Хто наогул найбольш падтрымліваў у гэтай справе?

- Мікалай Пятровіч Гірыловіч! Будаўніцтва комплексу – яго ініцыятыва. Ён шукаў сродкі і матэрылы для ўзвядзенне мемарыяла, шмат зрабіў для яго добраўпарадкавання. Там было праведзена асвятленне, тэлефонная сувязь, 5 кіламетраў дарогі пакрылі асфальтам. Рыма Ігараўна, жонка Мікалая Гірыловіча, таксама шмат арганізацыйных пытанняў брала на сябе. У будаўніцтва комплексу яны ўкладвалі і свае сродкі.

- Раскажыце, як прайшло ўрачыстае адкрыццё мемарыяла?

- На высокім узроўні! Цэлы грузавік народу прыехаа з маёй Смаргоні. Былі нават госці з блакаднага Ленінграда, шмат ветэранаў і, безумоўна, галоўны герой – Мікалай Пятровіч Гірыловіч. На жаль, яго ўжо няма ў жывых.

27.jpg

- Наколькі я ведаю, “Дальва” стала Вашай дыпломнай работай ў інстытуце, якую камісія ацаніла самымі высокімі баламі…

- Толькі скульптура разглядалася ў інстытуце як дыпломны праект скульптара Уладзіміра Церабуна. Комплес у залік не ўваходзіў. Узначальваў дзяржаўную камісію рэктрар такога ж тэатрадьна-мастацкага інстытута з Кіева. Прозвішча не памятаю. У камісіі былі і прадстаўнікі іншых кафердаў інстытута: манументальнага мастацтва Гаўрыла Вашчанка, жывапісу – Пятро Крохалеў, скульптуры – Андрэй Бембель. Мастацтвазнаўца Кірыл Зеленой быў рэцэнзентам. Ён у нас выкладаў гісторыю мастацтва. Калі ён пачаў выступленне, слёзы  сталі ціснуць мне вочы. Дзівіўся: як па бетоне можна прачытаць і бачыць так глыбока!

Я атрымаў дыплом з “адзнакай” і на адзін года датэрмінова завяршыў навучанне. Гэта быў першы выпадак за 25 гадоў існавання інстытута, калі абарона дыплома ў скульптуры  выконвалася на месцы і ў матэрыяле.

- Памятаю, Вы гаварылі, што сем месяцаў катаржнай працы ў Дальве прынеслі Вам вядомасць. У 1976 годзе за яе Вы атрымалі прэмію Ленінскага камсамола БССР.

- Так, прэмію тады атрымалі ВІА “Песняры”,  рэжысёр кінастудыі “Беларусфільм” Віктар Дашук і я – удакладняю пра той вялікі ўзровень, якога трэба было дасягнуць, каб атрымаць прэмію. Матэрыяльна я не пабагацеў, але “Дальва” стала добрым трамплінам у мастацкае жыццё. У 1977 годзе мяне прынялі ў Саюз мастакоў.

- 50-гадовае дзецішча па-ранейшаму - пад Вашай пільнай увагай. Час ад часу бываеце там, адсочваеце лёс комплексу…

- Не проста адсочваю. Пасля таго, як скульптурная кампазіцыя была адліта з бетона і прыведзена ў парадак, Аляксандр Крохалеў, мой куратар, прапанаваў пакрыць скульптуру расплаўленым цынкам. Падрыхтавалі неабходнае - кампрэсар, генератар, прыехаў спецыяліст і работа пачалася, але нешта пайшло не так: бліснула і пульвелізатар згарэў. Зноў 78 кіламетраў у Мінск і назад. Вечарэла. Вырашылі работу рабіць на другі дзень. Скульптура  была пакрыта тонкім слоем напыленага цынку, які надаў прыгожы тон і трываласць для захавання бетона.

Значна пазней былі выдзелены сродкі на рэстаўрацыю. Фігуру абліцавалі ліставой каванай меддзю – калі бетонные формы паўтарае медзь, а швы зварваюць, чаканяць.  Гэта вельмі трывалы матэрыял – на дзесяцігоддзі, і фарбаваць не трэба.  Медзь набірае сваю паціну праз пэўны час і надае скульптуры сваю знакавасць. Цяпер скульптура выканана ў тэхніцы “выкалатка з медзі”. Рэстаўрацыю паступова атрымалі і ўсе архітэктурныя аб’ёмы. Зараз гэта граніт, бронза, медзь, чыгун. Вельмі надзейна!

Трэба сказаць, што шмат чым па рэстаўрацыі на комплексе дапамагаў і дапамагае дырэктар МК “Хатынь” Артур Зэльскі. Вялікая ўдзячнасць яму за добразычлівасць, адказнасць і дапамогу. 

Я ўпэўнены, што праца скульптара, у тым ліку і мая , патрэбна людзям. У гэтым кожны раз пераконваюся, калі бываю каля помніка спаленай Дальвы. Зімой і ў восеньскі  лістапад, вясной і летам сюды прыносяць кветкі. У Дзень Перамогі помнік у зеляніне вянкоў і кветак. Сюды збіраецца шмат народу, і я бачу жывую памяць людзей. Адчуваю сапраўднае шчасце, што ўвасобіў яе, гэту памяць, праз вобраз жанчыны-маці.

IMG_0890.jpg

19 чэрвеня 1944 года нацысты зажыва спалiлi 44 жыхары: 29 дзяцей, 13 жанчын, двух мужчын. Гэта была апошняя з 628 беларускiх вогненных вёсак Вялiкай Айчыннай, якія паўтарылі трагічны лёс Хатыні. Пасля вайны жыццё тут так i не адрадзiлася.

Галіна АНТОНАВА.

Фота з архіва Уладзіміра ЦЕРАБУНА.


 

Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях