На Смаргоншчыне адкрылі Год культуры

События 2016 года
03.02.2016 12:07
1506
“Смаргонскай урачыстай” на верш Мар’яна Дуксы і музыку Аляксандра Ляха распачалося святочнае мерапрыемства “Віват, Культура!”, прысвечанае адкрыццю ў нашым раёне Года культуры.
IMG_6242


Прысутных віталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Рамановіч, клірык храма Праабражэння Гасподня Аляксандр Дзяшук, ксёндз Алег Жураўскі. 

Усе яны адзначылі наспеўшую неабходнасць надання большай увагі захаванню і папулярызацыі нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны і падкрэслілі важнасць выхавання юнага пакалення на ўзорах высокай духоўнасці. Словы ўдзячнасці ад Івана Рамановіча прагучалі ў адрас тых, хто абірае сваёй прафесіяй спецыяльнасць дарыльшчыка яркіх эмоцый, правадніка ў цудоўны свет мастацтва, гіда па літаратурных лабірынтах, беражлівых захавальнікаў скарбаў даўніны.

На Смаргоншчыне заўжды паважалі добрыя традыцыі продкаў, аднаўлялі забытыя рамёствы і надавалі новае гучанне аўтэнтычным творам. Таленавітыя творчыя людзі памнажалі сваімі творамі і здабыткамі культурную скарбонку. Сярод іх адметныя мастакі, музыканты, спевакі, літаратары, краязнаўцы. Сёння можна ганарыцца дасягненнямі і высокім прафесійным узроўнем многіх самадзейных калектываў, сярод якіх ёсць народныя, узорныя і нават заслужаныя.

У канцэрце бралі ўдзел многія выдатныя музычныя калектывы, як вопытныя і сталыя, так і дзіцячыя, пачынаючыя, але з высокім творчым патэнцыялам. Многія з іх неаднойчы і паспяхова прадстаўлялі наш раён на рэгіянальных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і фестывалях, станавіліся лаўрэатамі, дыпламантамі, а то і ўладальнікамі Гран-пры аўтарытэтных конкурсаў.

Своеасаблівым запрашэннем у “Паўночныя Афіны” стала тэатралізаваная дзея, прадстаўленая супрацоўнікамі музея-сядзіба М. К. Агінскага з Залесся. Лагічным працягам гэтага выступлення быў сусветна вядомы паланэз ля-мінор славутага кампазітара. Атмасферу стара-свецкага балю падтрымалі выканаўцы танцавальнай групы народнага ансамбля песні і танца імя М. К. Агінскага.

Супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі, пры якой доўгі час плённа дзейнічае літаратурная гасцёўня, нагадалі пра многіх празаікаў, паэтаў, драматургаў, літаратурных дзеячаў, выдаўцоў, чые жыццё і творчасць звязаны са Смаргоншчынай. Ад згадак пра дабраўлянскую пісьменніцу-мемуарыстку Габрыэлю Пузыну і кушлянскага паэта-дэмакрата Францішка Багушэвіча, напамінаў пра творчасць сёлетніх юбіляраў Майсея Кульбака, Уладзіміра Някляева, Паўла Савоську выступоўцы перайшлі да багатай літаратурнай спадчыны войстамскага паэта Генадзя Пашкова і сольскага Мар’яна Дуксы. Згадалі і пра творчасць яшчэ аднаго сёлетняга юбіляра – кампазітара і грамадскага дзеяча Аляксандра Шыдлоўскага. Яго знакамітую песню “Колькі ў небе зор” разам з народным хорам ААТ “СЗАС” спявалі многія гледачы.

Пра тое, што творчы патэнцыял устаноў культуры нашага раёна вельмі высокі, сведчылі выступленні фальклорных калектываў “Валэйчанка”, “Вечарынка”, гурта з Сінькоўскага Дома культуры. Дарэчы, фальклорны калектыў “Валэйчанка” ў гэтым годзе будзе адзначаць 40-годдзе сваёй творчай дзейнасці. Толькі падумайце – чатыры дзесяцігоддзі (!) фактычна на ўласным энтузіязме самадзейныя спявачкі, працавітыя і руплівыя жанчынкі, захоўваюць, папулярызуюць і папаўняюць раку народнай песеннай творчасці.

Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь, узорны ансамбль танца “Мишутка” пад кіраўніцтвам Вольгі Радчанковай - бяс-спрэчны гонар не толькі нашага горада, але і ўсяго Наднёманскага краю. “Полька беларуская” ў выкананні юных танцораў выклікала ўдзячнасць гледачоў, якія бурна апладзіравалі калектыву. Не менш апладысментаў прагучала ў адрас народных калектываў “Явар”, “Кантрасты”, “Кантабіле”, “Субіта”. Кожны з гэтых калектываў на працягу творчага жыцця выпрацаваў свой непаўторны стыль. Гарантыяй поспеху сталі прафесіяналізм удзельнікаў, высокая сцэнічная культура, артыстызм і вытанчаны гумар у многіх творах, якія сталі візітнай карткай калектываў.

Яркія перамогі на шматлікіх конкурсах смаргонскіх пачаткоўцаў надаюць упэўненасць у стабільным руху да вяршынь дасканаласці смаргонскіх дзіцячых калектываў і асобных салістаў. Узорная вакальная група эстраднай песні “Радасць” раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі дае шмат падстаў спадзявацца на гэта. Як і заўсёды непадражальныя выступленні нашай юнай “зорачкі” Надзеі Шчэрбачэвіч.

Завяршыўся канцэрт выступленнямі салістаў народнай эстраднай студыі “Міраж” раённага Цэнтра культуры. У выкананні Ірыны і Эдуарда Кулагіных прагучаў гімн работнікаў культуры, які салісты прысвяцілі сваім калегам-ветэранам гэтай сферы. А фінальным акордам стала песня “Адна зямля” ў выкананні ўсіх удзельнікаў імпрэзы.
Ала СТРАШЫНСКАЯ.
Фота аўтара.

IMG_6262IMG_6384 IMG_6381 IMG_6367 IMG_6346 IMG_6313 IMG_6306 IMG_6301 IMG_6268IMG_6282 IMG_6278IMG_6264 IMG_6261 IMG_6260IMG_6400IMG_6393IMG_6403

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений