Ваенныя правялі дзень прафарыентацыі ў гімназіі Смаргоні

Служу Отечеству
03.12.2018 14:51
281
Дзень прафарыентацыі правялі ў гімназіі прадстаўнікі ваенных навучальных устаноў і вайсковых часцей, якія дыслакуюцца на тэрыторыі нашага раёна і за яго межамі.

1543829239132_313.jpg

Але спачатку перад гімназістамі-старшакласнікамі і вучнямі старэйшых класаў СШ №1, якіх запрасілі на гэта мерапрыемства, выступіў ваенны камісар райваенкамата Леанард Гружэўскі. Ён нагадаў аб тым, што паступленне ў ваенныя навучальныя ўстановы праводзіцца праз ваенны камісарыят, дзе юнакі стаяць на ваенным уліку. Тым з іх, хто пажадае ў далейшым стаць афіцэрам, неабходна звярнуцца да 1 лютага 2019 года ў райваенкамат, напісаць заяву аб паступленні ў ваенную акадэмію ці іншую спецыяльную навучальную ўстанову. Пасля гэтага будзе аформлены шэраг дакументаў, праведзена медыцынскае абследаванне, прыняты нарматыў па фізпадрыхтоўцы. На тых, хто пройдзе выпрабаванні, у ваенкамаце аформяць асабістую справу, пачнуць рыхтаваць гэтых лю­дзей да паступлення.

Потым слова было прадастаўлена выкладчыку авіяцыйнага факультэта Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь падпалкоўніку Дзмітрыю Васілеўскаму. Ён пералічыў факультэты, адзначыў, што курсанты выпускных курсаў супрацьпаветранай абароны праходзяць вайсковую стажыроўку ў часцях і падраздзяленнях Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, выконваюць баявыя стрэльбы на палігонах нашай краіны і Расійскай Федэрацыі. Будучых лётчыкаў на першых курсах рыхтуюць да лётнай справы ў аэраклубах, а потым – у баявых часцях.

У ваеннай акадэміі ёсць спецыялізаваныя класы, трэнажорная зала, спартыўныя секцыі, гарадкі, стадыёны, палігоны і вайсковае стрэльбішча, дзе праводзяцца практычныя заняткі па агнявой падрыхтоўцы. На першым курсе курсанты жывуць у казармах, а потым у інтэрнатах. Харчаванне трохразовае. Курсанты ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах, падчас вучобы атрымліваюць вадзіцельскае пасведчанне. Стыпендыя складае ў сярэднім 327 рублёў. Прадугледжана бясплатнае абмундзіраванне. А ўвогуле, на навучанне кожнага курсанта дзяржава выдаткоўвае каля 650 рублёў штомесяц. У акадэмію набіраюць і дзяўчат на авіяцыйны факультэт па інжынерных спецыяльнасцях  і на факультэт сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання.

Намеснік начальніка аддзела па ідэалагічнай рабоце і ўліку асабовага саставу вучэбнага цэнтра Інстытута пагранічнай службы падпалкоўнік Аляксандр Гаўрылкевіч адзначыў, што галоўная мэта гэтай навучальнай установы – патрыятычнае выхаванне курсантаў і ваеннаслужачых, падрыхтоўка высокакваліфікаваных пагранічных кадраў для забеспячэння суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці нашай краіны.

У мясцовым вучэбным цэнтры курсанты праходзіць практычнае навучанне, заняткі па агнявой падрыхтоўцы. Яшчэ адзін цэнтр інстытута знаходзіцца ў Брэсце. Там рыхтуюць спецыялістаў пагранічнага кантролю. Паколькі ў органах пагранічнай службы ёсць аператыўна-вышуковая дзейнасць, то і для гэтага падраздзялення таксама патрэбны  высокакваліфікаваныя спецыялісты, якія валодаюць прыёмамі рукапашнага бою, прафесійна во­дзяць тэхніку, ведаюць замежную мову. У Інстытуце пагранічнай службы не застаюцца па-за ўвагай курсанты, якія надзелены нейкімі талентамі, добра спяваюць, танцуюць, граюць на музычных інструментах і г. д. 

Старшы афіцэр в/ч 2044 маёр Антон Бандарэнка дадаў, што акрамя пагранічнага інстытута для пагранічнай службы рыхтуюць спецыялістаў у ваеннай акадэміі, на ваенна-тэхнічным факультэце БНТУ, ва ўніверсітэце інфарматыкі і электронікі.

З-за геаграфічнага становішча сваёй малой радзімы зрабіў выбар на карысць пагранічнага ведамства курсант 3 курса Інстытута пагранічнай службы Дзяніс Каралёў са Смаргоні, выпускнік гімназіі 2016 года. Ён вучыцца па спецыяльнасці “Кіраванне падраздзяленнямі пагранічнага кантролю”.

Курсантаў штогод адпраўляюць на службовую практыку. Яны нясуць службу па ахове дзяржаўнай граніцы, у пунктах пропуску, нават такіх, як нацыянальны аэрапорт “Мінск”. У перыяд правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў курсанты з факультэта ўпраўлення падраздзяленнямі пагранкантролю будуць адпраўлены на ўчасткі пагранічнай службы для ўзмацнення штатных падраздзяленняў.

Дзяніс паведаміў, што ўжо атрымаў вадзіцельскае пасведчанне катэгорый Б і А1, страляў з усіх відаў зброі, якая ёсць у органах пагранічнай службы. Яму падабаецца, што Інстытут пагранічнай службы добра забяспечаны, курсанты не знаходзяцца пастаянна ў вучэбных аўдыторыях, а выязджаюць на практычныя заняткі за межы гэтай навучальнай установы.

Са Слоніма ў Смаргонь на сустрэчу са старшакласнікамі прыехаў намеснік каман­дзіра па ідэалагічнай рабоце 354 радыёнавігацыйнай часці Ігар Цівунчык. Ён расказаў аб тым, што часць камплектуецца выключна кантрактнікамі. Там зусім няма ваеннаслужачых тэрміновай службы.

Спецыялістаў для гэтай часці рыхтуюць не толькі ў Беларусі, але і  ў Варонежскай акадэміі ваенна-паветраных сіл Расійскай Федэрацыі. Туды можна паступіць праз Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь. А ваенных тапографаў навучаюць у Санкт-Пецярбургскай акадэміі імя Мажайскага.

1543829212267_318.jpg

1543829216736_317.jpg

1543829229288_315.jpg

1543829221124_316.jpg

1543829233686_314.jpg

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений