Пад заступніцтвам Святога Мікалая

Сельское хозяйство
06.06.2019 15:48
1091
Мікалай Страшынскі нарадзіўся 22 мая – на свята Мікалая Цудатворцы. У выбары імені для хлопчыка бацькі не сумняваліся і назвалі яго ў гонар праваслаўнага святога. І таму кожны год 22 мая мужчына адзначае адразу два святы – дзень нараджэння і імяніны.

Родам Мікалай Страшынскі з вёскі Сукневічы. Звычайны сялянскі хлопец. Скончыў школу, пасля – Ашмянскае ПТВ, пазней прыйшоў на працу ў родную гаспадарку і з той пары працуе ў цяперашнім ААТ “Шутавічы-агра” механізатарам. Няма той работы, якую б не даводзілася выконваць Мікалаю Віктаравічу. Але часцей за ўсё, як самаму адказнаму і рупліваму, яму давяралі палявыя работы. З шутавіцкімі наваколлямі ён знаёмы з дзяцінства. Памятае, як яму, дзесяцігадоваму хлапчуку, бацька даваў касу і выпраўляў у поле касіць іржышча і траву, якая пачынала расці пасля жніва. У тыя часы, вядома, калгасы не песцілі вяскоўцаў вялікімі сенажацямі. Кароў па вёсках было шмат. Кожнаму давалі сенакос “за буракі”.

IMG_6315.JPG

Гэта значыць, каб атрымаць дзялку, людзі павінны былі ўзяць на праполку калгасныя буракі. Чым большы надзел буракоў – тым больш сенакосу. Праполка гэтых буракоў на ўсё жыццё запомнілася хлопчыку. Разам з братам, маці і сястрою на калгасных сотках праходзілі многія летнія дзянькі.

Як тыповы вясковы жыхар, гадаванец роднай зямлі, Мікалай і па-ранейшаму жыве ў вёсцы. У “Шутавічах-агра” галоўным ветурачом працуе яго жонка. Кіраўніцтва гаспадар- кі ўпэўнена: каб такіх сем’яў было больш – паказчыкі працы ў былым калгасе былі б значна лепшымі. Вядома, кожная справа трымаецца на людзях: на іх неабыякавых адносінах, абветраных шчоках і да мазалёў спрацаваных руках. Сёлета Мікалай Страшынскі адзначыў свой 55-гадовы юбілей. Павіншаваць яго на месца працы прыехалі калегі, кіраўніцтва гаспадаркі, а таксама старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віталь Івашка.

Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота аўтара.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений