Міліцыя Смаргоні расказала пра ашуканства ў сацыяльных сетках

 

Міліцыя Смаргоні расказала пра ашуканства ў сацыяльных сетках

Происшествия и безопасность
06.01.2020
1379
Інтэрнэт трывала ўвайшоў у чалавечае жыцццё. Людзі перапісваюцца адзін з адным, купляюць тавары, дзеляцца фотаздымкамі ў сацыяльных сетках і нават іншым разам не падазраюць, што ў сусветнай павуціне акрамя прыстойных карыстальнікаў ёсць яшчэ і злачынцы. Яны гэтак жа, як і ў рэальным жыцці, хочуць бязбедна жыць за кошт іншых.

Найбольш распаўсюджаным злачынствам у інтэрнэце з’яўляецца ашуканства. У нашым раёне ўжо зарэгістраваны 43 кібер-злачынствы. Але, як адзначыў першы намеснік начальніка райаддзела міліцыі Іван Руткоўскі, гэта лічба не адлюстроўвае рэальнасць, бо некаторыя не звяртаюцца ў міліцыю па прычыне таго, што саромеюцца расказаць усю праўду, як іх лоўка абдурылі нейкія прайдзісветы.

Ашуканствы ў інтэрнэце дзеляцца на 5 відаў. Адзін з іх – падман падчас куплі-продажу тавараў. Пакупнік пералічвае грошы, але не атрымлівае выбраную рэч. Пасля гэтага звяртаецца па дапамогу ў міліцыю.

Узбуджаецца крымінальная справа, але знайсці злачынцу няпроста, бо ён можа выходзіць у сусветную павуціну не толькі з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, але і з краін блізкага і далёкага замежжа.

Таму, перш чым нешта купіць праз інтэрнэт, спачатку неабходна пачытаць каментарыі іншых пакупнікоў аб канкрэтным інтэрнэт-магазіне. І калі водгукі будуць адмоўныя, то лепш з ім не звязвацца, каб не трапіць у непрыемную сітуацыю.

Іншым разам у сацыяльнай сетцы “Одноклассники”, “ВКонтакте” чалавеку прыходзіць інфармацыя аб тым, што ён уступіў у спадчыну. Трэба толькі пералічыць пэўную суму падатку. Інфармацыя бывае і такога кшталту: вы нешта выйгралі. Але, каб атрымаць выйгрыш, зноў жа неабходна заплаціць пэўную суму падатку. Асабліва вялікая радасць захліствае людзей, калі яны атрымліваюць паведамленне аб тым, што выйгралі аўтамабіль.

“Шчасліўчыкі”, не думаючы, плацяць падаткавы збор і чакаюць новенькае аўто. Але праходзяць дні, тыдні, а жаданага транспартнага сродку няма. Людзі разумеюць, што іх ашукалі, і звяртаюцца па дапамогу ў міліцыю.

Пастка можа чакаць і наведвальнікаў порнасайтаў. У сувязі з гэтым Іван Руткоўскі паведаміў, што некалькі год таму была выкрыта злачыннная дзейнасць студэнтаў аднаго з беларускіх ВНУ. Яны распрацавалі спецыяльную вірусную праграму і выклалі яе ў інтэрнэт. І калі чалавек вырашае паглядзець у інтэрнэце “клубнічку”, то на маніторы з’яўляецца клішэ з выявай міністэрства ўнутраных спраў і надпісам: “Вы зайшлі на забаронены сайт! Калі не заплаціце 100 рублёў штрафу, то да вас прыедуць супрацоўнікі міліцыі”. Пры гэтым камп’ютар блакіруецца.

Напалоханыя людзі бягуць на пошту альбо ў ашчадную касу, каб заплаціць кругленькую суму грошай, а вярнуўшыся дамоў сутыкаюцца з тым, што і пасля выплаты штрафу камп’ютар не разблакіраваны. Хаця, па словах Івана Іванавіча, гэта праблема лёгка вырашаецца пасля перазагрузкі камп’ютара.

У інтэрнэце нямала сайтаў знаёмстваў. Ёсць яны ў “Одноклассниках», “ВКонтакте” і г. д. І тут карыстальнікаў камп’ютара ці іншых гаджатаў можа падсцерагаць непрыемнасць. Справа ў тым, што кіберзлачынцы выстаўляюць сваю старонку з выявай мілай дамы альбо знешне прывабнага, забяспечанага мужчыны. Пачынаецца знаёмства, падчас якога прапаноўваецца паэтапны працэс распранання. Распранаюцца абодва чалавекі – ён і яна. Калі карцінка з аголеным целам трапляе ў рукі злачынцаў, то яны адразу ж выстаўляюць сваёй ахвяры патрабаванне аб пералічэнні пэўнай сумы грошай на ўказаны інтэрнэт-кашалёк, інакш старонка з голым чалавекам будзе бачна шырокаму колу камп’ютарных карыстальнікаў. Чалавек, які трапіў у пастку злачынстваў, вымушаны альбо заплаціць пэўную суму грошай, альбо звярнуцца са сваёй праблемай у міліцыю.

Наступны від ашуканства звязаны з банкаўскімі пластыкавымі карткамі. Іх уладальнікам тэлефануюць злачынцы пад выглядам супрацоўнікаў службы бяспекі банка і просяць падключыцца праз мабільны тэлефон альбо назваць рэквізіты сваёй карткі, каб пераправерыць даныя, бо была спроба несанкцыянаванага пранікнення на карт-рахунак. Калі чалавек адмаўляецца назваць звесткі і кажа, што сам прыедзе ў банк, каб высветліць усё на месцы, то яго адгаворваюць, спасылаючыся на часовую адсутнасць у банку неабходнай інфармацыі, зноў просяць даць даныя. Калі чалавек урэшце рэшт згаджаецца, то неўзабаве з яго карт-рахунка знікаюць грошы.

Асабліва лёгка паддаюцца на ўгаворы кібер-злачынцаў пажылыя людзі, якія вераць у тое, што маюць справу з работнікамі банка. Хаця, як адзначыў першы намеснік начальніка РАУС Іван Руткоўскі, ні адзін банкаўскі работнік ніколі не будзе цікавіцца па тэлефоне вашымі пашпартнымі данымі, карт-рахункам.

Нярэдка ўладальнікі банкаўскіх пластыкавых картак даюць іх сваім родным, блізкім альбо знаёмым. Бывае, што нехта з гэтых людзей сам бярэ картку свайго сваяка і без яго дазволу здымае пэўную суму грошай. Гэта з’яўляецца злачынствам. Як адзначыў Іван Руткоўскі, калісупрацоўнікам міліцыі становіцца вядома аб падобных выпадках, то яны адразу ж узбуджаюць супраць вінаватых асобаў крымінальныя справы. Не патрэбны нават заявы пацярпелых.

Кібер-злачынцы “палююць” не толькі на асобных людзей, іх цікавяць прадпрыемствы і арганізацыі. Для гэтага распрацоўваецца спецыяльная шкодная камп’ютарная праграма і запускаецца ў інтэрнэт. Гэта праграма блакіруе камп’ютарную сістэму суб’екта гаспадарання. Калі з рахунка здымаецца буйная сума грошай, то супрацоўнікі службы бяспекі тэлефануюць кіраўніку арганізацыі. У выпадку адмоўнага адказу адразу ж блакіруецца банкаўская фінансавая аперацыя.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.