Самыя гучныя злачынствы, якія адбыліся на тэрыторыі Смаргонскага раёна за апошнія тыдні

Происшествия
03.10.2019 17:09
1474

У Смаргоні на вул. Энер­гетыкаў, дзе знаходзіцца бар, стаяў п’яны мужчына. Яму хацелася да некага прычапіцца. Неўзабаве ў поле зроку трапіў мясцовы жыхар. Пачалася сварка, падчас якой хуліган пусціў у ход кулакі. Пацярпелы атрымаў кантузію вока і пералом касцей твару.

 Узбуджана крымінальная справа.

*       *       *

Смаргонец 1995 года нара­джэння блукаў каля дома па  вул. Маладзёжнай.  Яму хацелася нейкіх забаў. Спачатку ўдарыў па нагах жыльца інтэрната, а калі той схаваўся ў памяшканні, то сагнаў злосць на дзвярах, паламаўшы іх.

Мужчына з суседняга блока вырашыў спыніць парушальніка спакою, але пацярпеў сам: хуліган разам са сваім знаёмым накінуліся на ні ў чым невінаватага чалавека і пачалі яго дубасіць без аніякага шкадавання.

*       *       *

Неўстаноўленая пакуль асоба выклала на сайце “Аднакласнікі” для продажу жаночае паліто. Мабыць, яно было прыгожае, бо жыхарка Смаргоні  захацела купіць сабе і звязалася з прадаўцом. Той запатрабаваў 200 рублёў. Аднак пакупніца згадзілася пералічыць са сваёй банкаўскай пластыкавай карткі толькі сотню. Яшчэ 100 рублёў яна пералічыла б пазней, як стала б уладальніцай моднага паліто.  Аднак яго ніхто не выслаў, не вярнуў і пералічаных жанчынай грошай.

*       *       *

І хто сказаў, што жанчыны – слабы пол? Жыхарка вёскі Сівіца абвергла гэты ўстойлівы выраз. Глытнуўшы моцнага напітку, яна адчула ў сабе прыліў сіл. Сужыцель потым пашкадаваў, што сказаў нешта насуперак. Жанчына нібы майстар рукапашнага бою хутка ўклала прадстаўніка моцнай паловы чалавецтва на зямлю, а каб ён не падняўся, тры разы ўдарыла нагою па галаве.

*       *       *

Смаргонец захапіўся камп’ютар­най гульнёю ў танкі, у інтэрнэт-магазіне рабіў пакупкі, таму там засталіся даныя яго банкаўскай пластыкавай карткі. Аднойчы наш зямляк меў неасцярожнасць перадаць логін і пароль свайго аккаўнта ў гульні “Свет танкаў” такому ж невядомаму “танкісту”-аматару. Выкарыстаўшы гэтыя даныя, незнаёмец трапіў у камп’ютарную сістэму, адшукаў у інтэрнэт-магазіне танкавай гульні даныя банкаўскай карткі смаргонца і зняў з яе 500 рублёў, якія потым зрасходаваў… на гульню ў танкі.

*       *       *

Нейкі прайдзісвет узламаў чужую старонку ў “Аднакласніках” і разаслаў паведамленні карыстальнікам названай вышэй сацыяльнай сеткі, каб яны прадаставілі рэквізіты сваіх банкаўскіх пластыкавых картак. Потым грошы з іх зніклі б гэтак жа хутка, як здзьмутыя ветрам штаны з плоту. Аднак дурняў не знайшлося сярод родных і знаёмых пацярпелага чалавека, чыя старонка была ўзламана. Даныя картак ніхто з іх не даў.

Інфармацыю раённага аддзела   Следчага камітэта падрыхтаваў да друку Юрый ЯНУШКЕВІЧ.



Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений