Сталі вядомыя падрабязнасці няшчаснага выпадку са смяротным зыходам на “Кранаспане”

 

Сталі вядомыя падрабязнасці няшчаснага выпадку са смяротным зыходам на “Кранаспане”

Происшествия и безопасность
19.09.2019
1719
У райвыканкаме прайшло пасяджэнне па выніках расследавання няшчаснага выпадку са смяротным зыходам на “Кранаспане”. На яго запрасілі спецыялістаў па ахове працы гэтага прадпрыемства і тых з іх, хто меў непасрэднае дачыненне да смяротнага траўміравання работніка на вытворчасці.

На пульце ў аператарскай загарэўся індыкатар памылкі на канвееры, што сведчыла аб магчымай няспраўнасці. Тэхнічная служба завода неўзабаве яе знайшла – парваўся ланцуг. Пасля заканчэння рамонтных работ было вырашана праверыць работу канвеера. Усе работнікі разышліся, акрамя аднаго. Ён знаходзіўся ўнутры корпуса канвеера і атрымаў смяротную траўму.

Старшыня райвыканкама Генадзь Харужык звярнуўся да статыстыкі. У 2013 годзе на “Кранаспане” адбыліся два няшчасныя выпадкі, у тым ліку адзін смяротны. 2015 год – тры няшчасныя выпадкі. У тым ліку два з цяжкім зыходам. 2016 год – два няшчасныя выпадкі, у тым ліку адзін з цяжкім зыходам. 2018 – зноў смяротны выпадак. І сёлета два няшчасныя выпадкі на вытворчасці.

Генадзь Васільевіч спытаў у прадстаўнікоў “Кранаспана”: “Вы падбіраеце самыя лепшыя кадры. Падбор жорсткі. Дык чаму ў вас не спрацоўвае сістэма па ахове працы?”

Па меркаванні старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Вікенція Найдзіча, праблема ў тым, што падчас рамонтных работ на “Кранаспане” ніхто своечасова не апавяшчае работнікаў, не прымушае іх пакінуць небяспечнае месца. Усё робіцца паспешна, каб хутчэй уключыць тэхналагічнае абсталяванне і пачаць вытворчы працэс. Але ж на першым плане павінны быць здароўе і жыццё работнікаў, а не матэрыяльная выгада.

Аб тым, што не выконваюцца патрабаванні аховы працы, сказала і намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Шчэберака. Яна нават папрасіла прадстаўнікоў ліцейнага завода і камбіната хлебапрадуктаў падзяліцца сваім вопытам правядзення рамонтных работ.

Прадстаўнікі “Кранаспана” паведамілі, што на гэтым прадпрыемстве працуюць ужо над паляпшэннем аховы працы, каб у далейшым не было няшчасных выпадкаў на вытворчасці.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.