Аператыўны канал: самыя гучныя злачынствы, якія адбыліся на тэрыторыі Смаргонскага раёна за апошнія тыдні

 

Аператыўны канал: самыя гучныя злачынствы, якія адбыліся на тэрыторыі Смаргонскага раёна за апошнія тыдні

Происшествия и безопасность
19.07.2019
1591
У жыхаркі Клідзенятаў добры “нюх” на мужчын, у якіх кашалёк распухае ад грошай. І хаця ў расіяніна, што здымае кватэру ў Смаргоні, яны захоўваліся на банкаўскай картцы, жанчыну гэта не збянтэжыла. Яна ведала: тое, што хоча, будзе яе.

Хуткае знаёмства. Стол са спіртнымі напіткамі. І вось ужо расслаблены алкаголем грамадзянін суседняй краіны працягнуў сваёй сабутэльніцы кавалачак пластыка з карцінкамі і наборам літараў-лічбаў. Напэўна, у хмельным дурмане падзяліўся іншай інфармацыяй, якая стала ключом да завалодання хрумсткімі купюрамі, бо кабета без праблем зняла збанкаўскай пластыкавай карткі свайго новага знаёмага немалую суму грошай.

***

Некаторыя дачнікі з садаводчых таварыстваў “Усход”, “Механізатар”, “Ураджай” атрымалі з райаддзела міліцыі “прэмію”. На зямельных участках гэтых людзей палымнеў забаронены да вырошчвання мак, за якім так ганяюцца наркаманы.

За наркотыкаў трымліваючае зелле на сваіх агародах да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты двое жыхароў Валэйкавіч. Рэйды будуць прадоўжаны, таму не выключана, што “прэміяваных” стане больш.

* * *

Можна ўявіць стан людзей, якія пайшлі ў лес, што знаходзіцца каля Валэйкавіч, каб пашукаць грыбоў ці ягад, а натрапілі на фрагмент чалавечага чэрапа без ніжняй сківіцы. Цяпер на тым месцы працуюць прадстаўнікі кампетэнтных органаў.

* * *

На ферме “Малыя Рачуны” жанчына атрымала абухам сякеры па галаве. Віноўнік пагаршэння стану здароўя гэтай кабеты – яе муж. Падагрэты рэўнасцю, ён пусціў у ход цяжкі металічны прадмет. Пасля гэтага неўраўнаважаны мужчына стаў жаданым “госцем” у праваахоўных органах.

* * *

Жыхар ашмянскіх Жупранаў нейкім чынам заблукаў у смаргонскія Падбалотцы. Жанчыне з гэтай вёскі не спадабаўся “прышэлец”, і неўзабаве з двух варагуючых бакоў пасыпаліся калючыя стрэлы непрыемных эпітэтаў і параўнанняў. Аднак канфлікт не закончыўся сваркай. Пацярпеў нос кабеты, па якім ударыў жупранец. Жыхара суседняга раёна чакае лава падсудных.

* * *

Маставы кран адной з будаўнічых арганізацый нашага горада на пэўны час застаўся без работы. І вінаваты ў гэтым нейкі ахвотнік да сілавых кабеляў. 50-метровы кавалак ізаляванага дроту ён зняў з названага вышэй крана, а потым яшчэ прыхапіў на тэрыторыі 20 метраў кабелю іншай мадэфікацыі. Будаўнічая арганізацыя падлічыла матэрыяльны ўрон. Ён склаў 1509 рублёў.

* * *

Да жыхара Солаў наведаліся ў госці двое ашмянцаў. За сустрэчу неўзабаве былі ўзняты ўверх чаркі. Пасля добрага ўлівання ў страўнік моцнай і пякучай вадкасці гаспадар неўзабаве захмялеў і яго пацягнула ў адбымкі Марфея. Калі мужчына працверазеў, то сабутэльнікаў і след прастыў. У хаце не аказалася акустычнай сістэмы і быў разукамплектаваны камп’ютар.

Інфармацыю раённага аддзела Следчага камітэта падрыхтаваў да друку Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Статьи по теме: