Аператыўны канал: самыя гучныя злачынствы, якія адбыліся на тэрыторыі Смаргонскага раёна за апошнія тыдні

Происшествия
11.07.2019 12:54
716
Напэўна, у Шутавічах нехта запланаваў вялікі рамонт.

Грошай у гэтага чалавека не аказалася на пакупку неабходнага інструмента, таму заставаўся толькі правераны часам варыянт: раздабыць вельмі патрэбную рэч іншым шляхам. У выніку адзін з жыхароў Шутавічаў застаўся без перфаратара.

***

У Смаргоні з аб’екта, які належыць індывідуальнаму прадпрымальніку і знаходзіцца па вул. Чырвонаармейскай, нехта ўкраў будаўнічыя матэрыялы – уцяпляльнік, клей, сетку і інш. Можа, у гэтага чалавека не ўцеплена свая хата, і ён такім чынам вырашыў падрыхтавацца да суровай зімы?

***

Жанчыну лепш не злаваць, бо гэта можа скончыцца дрэнна нават для неслабога ад прыроды мужчыны. Жыхар Смаргоні не ўлічыў гэту акалічнасць і пачаў сварыцца з рашуча настроенай кабетай. Цяпер ён знаходзіцца ў бальніцы. Трапіў туды з нажавым раненнем грудзі. Узбуджана крымінальная справа па артыкуле “Прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў”.

***

Мясцовы жыхар слаба арыентаваўся ў прасторы, паколькі добра “прыняў за каўнер”, але ўсё ж такі знайшоў ключы ад аўтамабіля сваяка. Уладкаваўшыся за рулём, мужчына з “затуманенымі вачыма” паехаў на аўтамабілі па двары ў раёне шматпавярховай забудовы. Пацярпелі іншамаркі, якія былі прыпаркаваны на аўтастаянцы.

***

Двое мужчын спачатку пілі, а потым вырашылі папоўніць свае фінансавыя запасы. Асабліва не напружваючыся, яны ўкралі чужую банкаўскую пластыкавую картку і пры яе дапамозе разлічваліся за пакупкі ў магазінах горада. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі зладзеяў. Імі аказаліся грамадзяне Расійскай Федэрацыі, якія прыехалі ў наш раён працаўладкоўвацца.

***

Прыватнае прадпрыемства захоўвала для сваіх патрэбаў чыгуначныя рэйкі. Пра немалую колькасць металу даведаліся нейкім чынам мясцовыя несуны. Падабраўшы зручны момант, яны вынеслі са сховішча 70 метраў нялёгкіх рэек. Аматары чужога дабра затрыманы, іх чакае лава падсудных.

***

Раней судзімы жыхар Смаргоні павінен быў надоўга засвоіць, што бывае за прагу да завалодання чужымі рэчамі. Аднак знаходжанне ў месцы не вельмі аддаленым не пайшло мужчыну на карысць. Калі ён убачыў каля лаўкі пакінуты без нагляду чужы рукзак, то не змог упусціць прадастаўлены зручны шанц. Пацярпелы праз некалькі мінут вярнуўся да лаўкі, але не ўбачыў свайго рукзака.

***

На тэрыторыі “Кранаспана” работнік мінскай фірмы кіраваў самаходнай люлькай. Неўзабаве па нейкай прычыне гэты тэхнічны сродак перакуліўся, мужчына вываліўся з яго і пры падзенні з вышыні атрымаў шматлікія пераломы. Цяпер пацярпелы знаходзіцца на лячэнні ў хірургічным аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы. Калі б ён падчас руху быў прышпілены рэменем бяспекі, то, магчыма, не атрымаў бы такіх сур’ёзных траўмаў.

Інфармацыю раённага аддзела Следчага камітэта падрыхтаваў да друку Юрый ЯНУШКЕВІЧ.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений