Тэлешоу “Лучше всех”. Юная цымбалістка Насця Ванеева са Смаргоні

Знай наших!
04.04.2018 10:36
1
2980
Навіна пра ўдзел смаргонскай школьніцы Насці Ванеевай у тэлешоу юных талентаў “Лучше всех” і пра яе дыялог з Максімам Галкіным уміг абляцела ўсю віртуальную прастору.

Некалькі дзён запар пасля 1 красавіка смаргонцы, ды і не толькі, актыўна галасавалі за сваю ўдзельніцу, у сацыяльных сетках бурна абмяркоўвалі яе заўвагу. Толькі сама Насця, яе мама Юлія Мікалаеўна і настаўніца музыкі Вольга Грагоўская захоўвалі спакой і душэўную раўнавагу. Што трапіла ў кадр – бачылі ўсе. Яны ж ведалі, што засталося за кадрам…

Галкин Ванеева Лучше всех.jpg

Скрыншот з відэа “Першы канал”.


Пра Насцю

На асабістым рахунку гэтай мініяцюрнай усмешлівай дзяўчынкі – перамогі на шматлікіх міжнародных конкурсах выканальніцкага майстэрства, бліскучыя выступленні на разнастайных фэстах, гала-канцэртах і шоу.

Анастасія Ванеева – дыпламант конкурсу імя Веры Гарадоўскай, які ладзіцца Расійскай акадэміяй музыкі імя Гнесіных, лаўрэат конкурсу “Смаленскі брыліянт”, пераможца сярод выканаўцаў “Залатой ліры Палесся”, удзельніца гала-канцэрта тэлевізійнага шоу талентаў “Круче всех” украінскага тэлеканала “Інтэр”.

Тым не менш яе імя было вядома толькі вузкаму колу прафесіяналаў і прыхільнікаў. Менавіта дзякуючы высокаму выканальніцкаму майстэрству, артыстызму юную віртуозную цымбалістку заўважылі арганізатары шоу “Лучше всех” расійскага Першага канала і запрасілі паўдзельнічаць у конкурсе.

Пачатак гісторыі

Званок з Масквы прагучаў у кватэры Вольгі Грагоўскай. Параіўшыся з мамай Анастасіі і самой “зорачкай”, вырашылі паўдзельнічаць. Тым больш што ўсе расходы браў на сябе бок, які прымае ўдзельніцу шоу. Ад юнай цымбалісткі патрабавалася выканаць адзін твор пад мінусоўку. Выбралі п’есу Г. Петэрса “Цырк Рэнц”, на прыкладзе якой можна было прадэманстраваць віртуознае выканальніцкае майстэрства.

Запіс праграмы быў запланаваны на 19 сакавіка. Але раптоўна трапіла ў бальніцу выкладчыца музыкі і ў Маскву Анастасія паехала з мамай. Там у яе было толькі два дні на тое, каб вывучыць новы твор, пад які на шоу і выступала джазавая спявачка Этэры Берыашвілі.

Дарэчы, выступалі яны без рэпетыцый, нават Максім Галкін быў у шоку, калі даведаўся пра гэты факт. Са спявачкай наша цымбалістка пазнаёмілася перад выхадам на сцэну.

Ванеева Настя 014.jpg

Насця з настаўніцай музыкі Вольгай ГРАГОЎСКАЙ. 


Што не ўбачылі гледачы

Вядома ж, хваляваліся ўсе. Вольга Грагоўская ці не найбольш, бо не магла, як гэта было раней, нават інструмент настроіць, не кажучы пра тое, каб падбадзёрыць, прыціснуць да сябе і супакоіць сваю вучаніцу, не мела магчымасці з-за адлегласці перадаць ёй частку сваёй энергетыкі.

Насця трымалася вартасна, ніхто нават не заўважыў неверагоднага напружання і хвалявання. Хіба толькі мама, якая прысутнічала ў зале. Калі перадача выйшла ў эфір, то і Вольга Анатольеўна ўбачыла тое, пра што іншыя не здагадваліся. Між іншым, аж да самога эфіру ўсе “віноўніцы” гэтай падзеі хавалі факт удзелу ў шоу – такія ўмовы паставілі арганізатары.

Нялёгкі шлях да зорнасці

Самае класнае таленавітае дзіця выбіраюць агульным галасаваннем. На тое яно і шоу! Раптоўна стаўшы знакамітай, Анастасія нават не ўсвядоміла, на якую вышыню ўзляцела. Яна, як мне здалося, яшчэ не адышла ад таго шоку, што перажыла пры падрыхтоўцы да выступлення. 

Напружаны рытм падрыхтоўкі, сонныя малыя дзеткі, якіх прывозілі на здымкі ў спячым стане, імправізацыі на сцэне, парваная струна…

Сапраўдная выдатніца і ў агульнаадукацыйнай школе, і ў музычнай, дзяўчынка не прывыкла спадзявацца на авось. Усе яе ранейшыя перамогі – вынік напружанай штодзённай працы. Як кажа Вольга Грагоўская, каб быць у форме, музыканту трэба іграць не менш трох гадзін у дзень. У шоу свае законы: тут важна здзівіць, зачапіць, каб запомніцца неардынарнасцю ці крэатыўнасцю. І бацькі, і выкладчыца Насці Ванеевай лічаць, што чарговы яе поспех стане яшчэ адным урокам на шляху да мары.

Гэта яшчэ не ўсё…

А пакуль наша юная цымбалістка рыхтуецца да чарговага выпрабавання. Нядаўна яна ўдзельнічала ў абласным адборачным этапе і выйшла ў фінал VIII рэспубліканскага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя Жыновіча. Пажадаем жа нашай смаргонскай зорачцы поспехаў і сілы духу.

Ала КЛЕМЯНОК. 

Фота аўтара.


Увага! На сайце "Первый канал" працягваецца галасаванне "Кто лучше всех?" Свой голас можна аддаць за Анастасію Ванееву. 

Перайдзіце па ссылцы https://www.1tv.ru/shows/luchshie-deti-strany-obedinyaytes/golosovanie

Поделиться:

0
Сяргей Махнач
Дзякуй, Ала. Учора толькi даведауся пра гэтую дзяучынку. Выдатна
Имя Цитировать 0
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений