Мар’ян Дукса: “Жыву ў Солах і тым ганаруся”

Юбилеи
04.04.2018 07:13
Я спытала ў жураўля :
- Дзе ёсць лепшая зямля?
Птах трымаў такі адказ:
- Няма лепшай, як у нас!
Вёска Солы… Такая, якіх мноства на Беларусі, але ўсё ж адзіная і непаўторная, бо гэта мая радзіма.

Штодзень я сустракаюся з роднай вуліцай, сцяжынкай, што бяжыць праз луг, да болю знаёмымі прыгажунямі бярозамі. Але чамусьці кожны раз адчуваю нешта новае. І гэта не дзіўна: з кожным днём Солы становяцца на дзень старэйшымі. А я жыву разам са сваёй вёскай, у нас агульныя інтарэсы, агульныя сакрэты.

Іду не спяшаючыся, іду і паціху гутарку вяду са сваёй вёскай. Яна расказвае мне навіны мясцовага жыцця, хітра ўсміхаецца чамусьці, а разам з ёй усміхаюся і я.

Вабіць наша сольская зямля сваёй багатай гісторыяй, цікавымі гісторыка-культурнымі і архітэктурнымі помнікамі, славіцца край працавітымі і шчырымі людзьмі. Культурнае жыццё роднай вёскі нельга сёння ўявіць без літаратуры. Ганарацца сольцы сваім земляком – паэтам Мар’янам Дуксам.

Дуксо.jpg

Мар’ян ДУКСА.

Чалавечы і творчы лёс Мар’яна Дуксы ў многім вельмі тыповы для яго пакалення. У раннім юнацтве будучы паэт асвоіў папулярную ў пяцідзесятыя гады прафесію механізатара. Пасля яго, як і многіх вясковых юнакоў і дзяўчат, паклікаў да сябе горад. Вучоба на філфаку ўніверсітэта, першыя вершы... Пасля заканчэння вучобы вярнуўся да сваіх вытокаў: паехаў працаваць у вёску настаўнікам. Школа на доўгія гады стала лёсам паэта. Ёй аддадзена шмат душы і сілы, пра яе напісана багата добрых, праўдзівых вершаў.

С женой.jpg

З жонкай Леакадзіяй Міхайлаўнай.


Мар’ян Дукса добра разумее і тонка адчувае прыроду. Можа, таму, што ён адзін з нямногіх нашых пісьменнікаў, хто родную зямлю бачыць не час ад часу, наязджаючы ў вёску з цёплай гарадской кватэры, а жыве на гэтай зямлі, ведае яе праблемы.

Для нас ён – аднавясковец, адзін з членаў нашай вялікай вясковай сям’і. Кожны дзень мы бачым яго: то ён спяшаецца на імшу ў касцёл Маці Ружанцовай, а яшчэ Мар’ян Мікалаевіч спявае ў касцельным хоры; то на рэпетыцыю ў Дом культуры, ён удзельнік розных канцэртаў, творчых вечароў. Бачым мы яго і з сякерай у руках, жвава і хутка ён упраўляецца з дровамі. І на агародзе ён упраўляецца спрытна: палівае, поліць, збірае агародніну. Радуецца зямельцы, удыхае яе водар, адчувае сілу, зараджаецца энергіяй. Летам часта яго можна ўбачыць на веласіпедзе, яго шлях ляжыць у лес, па грыбы ды ягады. Значыць, разам з поўным кашом будуць і новыя вершы.

С внуками.jpg

Мар’ян ДУКСА з унукамі Кацярынай і Міхаілам.


Мы ведаем і чытаем яго вершаваныя зборнікі ”Спатканне”, ”Крокі”, ”Станцыя”, ”Прыгаршчы суніц”, ”Забытыя словы”, ”Зона супраціўлення”, ”Валуны на пагорках” і іншыя. Вельмі прыемна бачыць і новыя вершы нашага славутага земляка ў каталіцкім часопісе ”Авэ Марыя”, у блізкім яму па духу часопісе ”Наша вера” ці ў тутэйшай раённай газеце – у кожнага з гэтых выданняў ёсць прыхільныя чытачы, сябры і аднадумцы. У каталіцкім выдавецтве “Про Хрысто” выйшла кніга паэзіі “Прыйсці да алтара” і кніга для дзяцей “Паэтычны каляндар”. Выдадзены зборнікі вершаў для дзяцей: ”Зялёны акварыўм”, ”Світаюць сосны”, ”Працавітае сонца”.

Наведвае Мар’ян Мікалаевіч і наш дзіцячы садок са сваімі творчымі вечарамі, чытае новыя вершы. Дапамагае нам, выхавальнікам, у падрыхтоўцы розных паэтычных конкурсаў. У 2015 годзе ў аўтарскай апрацоўцы нашага земляка ў вершаванай форме была складзена казка “Пых”, з пастаноўкай якой нашы выхаванцы выступілі на раённым аглядзе і занялі першае месца. Таксама Мар’ян Мікалаевіч склаў і гімн нашай установы, які ведаюць і спяваюць дашкольнікі. Калі б мы ні паклікалі гэтага чалавека, ён заўсёды прыйдзе на дапамогу, шчыра ўсміхнецца і падтрымае нашу задуму.

Паэтычны радок Мар’яна Дуксы – сапраўды пазначанае сонцам слова. Гартаючы зборнікі паэта, дакранаемся да свету яго паэзіі і прыходзім да высновы, што яна, паэзія, дапаможа нам: дзесьці падкажа, штосьці параіць, а часам скажа: ”Падумай,дружа”.

Пажадана, каб кожны з нас услухаўся ў словы,сказаныя Мар’янам Мікалаевічам, узяў іх з сабой у дарогу…

Жыццё цудоўным можа вам здавацца,

Бяскрайнім, вечным, радасным,

Але з гары жадаю вам я не сарвацца…

Трымайцеся надзейна на скале!

Прымайце ў твар усе марскія ветры,

Кідайцеся сабе ў глыбіні ўсе.

Ды помніце пра бераг запаветны,

Куды вас лёс спагадлівы нясе.

З нагоды 75-годдзя, якое прыйдзе да Мар’яна Мікалаевіча 5 красавіка, хочацца ад усіх нас, сольцаў, пажадаць гэтаму добразычліваму, спакойнаму, ураўнаважанаму, мудраму, таленавітаму, шаноўнаму чалавеку здароўя, божай міласэрнасці.

Жанна МАРОЗ, выхавальнік дзяржаўнай установы адукацыі ”Сольскі яслі-сад”. 

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений