Добраахвотнік Ванька

 

Добраахвотнік Ванька

Сморгони - 520 лет
29.04.2023
602

Смаргонская зямля стала месцам апошняга прытулку для многіх салдатаў Першай сусветнай вайны. Адзіночныя магілы, брацкія пахаванні, вайсковыя могілкі сёння нагадваюць пра тыя далёкія і трагічныя часы. Сярод пахаваных знаходзяць ахвяр розных нацыянальнасцей, веравызнанняў, поглядаў, сацыяльнага статута і ўзросту. Большасць з іх загінулі маладымі, але сустракаюцца і дзеці, што больш сумна і жахліва. Пра лёс аднаго з юных змагароў гэты матэрыял.

ванька.jpg

Ваенны ўрач Яўген ПЛІНАТУС каля драўлянага крыжа на цвінтары міхневіцкай царквы.

З часопіса ваенных дзеянняў Лейб-гвардый Паўлаўскага палка за 14 (27 па н. ст.) верасня 1915 года стала вядома, што ў другой палове дня полк атрымаў загад свайго начальства ўтрымліваць пазіцыі на фронце Цары – Суцькава. У гэты дзень з вялікімі намаганнямі стрымлівалася наступленне 101-га ландвернага і 254-га рэзервовага нямецкіх палкоў. У палкавой хроніцы пазначана: “Імклівае вылучэнне нашага палка насустрач ворагу, якое прынесла шмат ахвяр, не магло не сыграць велізарнай ролі ў затрыманні далейшага прасочвання і ахопу з правага боку немцаў, якія, трапіўшы пад смяротны кулямётны і ружэйны агонь палка, прыпыніліся”. Вечарам атрымалася ўмацавацца на занятай пазіцыі, і далейшае прасоўванне праціўніка стала цалкам немагчымым.

Страты палка за дзень склалі 12 забітых і 37 параненых ніжніх чыноў палка. У ліку забітых адзначаны: “Хлопчык добраахвотнік Ванька, які заўсёды знаходзіўся пры 5-й роце. І нагэты раз Ваня бег за патронамі, каб аблегчыць горача любімую 5-ю роту ў патронным голадзе, але нямецкая куля не пашкадавала малютку, і ён загінуў”. Не падобны да сухіх дакладных ваенных фармулёвак запіс не толькі прыцягнуў увагу сваім трагізмам, а спрычыніўся да пошуку месца пахавання і звестак пра мужнага маладога героя.

З імяннога спіса страт ніжніх чыноў Лейб-гвардый Паўлаўскага палка за верасень 1915 года стала вядома імя хлопца. Гэта быў дабраахвотнік, праваслаўнага веравызнання Іван Мітрафанаў з горада Петраграда. З тымі ж самымі звесткамі герой прадубліраваны ў картцы даведачнага ўлікова-статыстычнага аддзела аб стратах на фронце ў гады Першай сусветнай вайны. У часопісе палка адзначана, што ўсе, хто загінуў у гэты дзень, былі пахаваныя ў брацкай магіле каля праваслаўнай царквы ў вёсцы Міхневічы.

Узгадаўся адзін даўнейшы фотаздымак, які на пачатку 21 стагоддзя даслаў пляменнік загадчыка гаспадарчай часці 65-й пяхотнай дывізіі, падпаручніка Яўгенія Плінатуса для ўдакладнення мясціны, якая адлюстравана на здымку. На фота ваенны ўрач, кавалер ордэна Святога Станіслава 3-й ступені Яўген Плінатус сфатаграфаўся каля драўлянага крыжа на цвінтары міхневіцкай царквы. Пры разглядзе надпісу на крыжы, які знаходзіцца побач з афіцэрам, можна ўбачыць, што на шыльдзе прысутнічае імя Івана Мітрафанава і пералічаны імёны загінуўшых воінаў Лейб-гвардый Паўлаўскага палка. У нашы дні месца спачыну Івана Мітрафанава знаходзіцца па левы бок ад галоўнага фасада царквы, бліжэй да алтарнай часткі святыні.

Што б ні кіравала хлопцам у тую грозную пару: звычайная для падлеткаў цяга да прыгод, патрыятычныя пачуцці, іншыя ідэалагічныя матывы, - ён варты таго, каб пра яго памяталі. Магчыма, вядомы пісьменнік Валянцін Катаеў, які таксама ў гады імперыялістычнай вайны ваяваў у нашых мясцінах, мог даведацца пра подзвіг юнага добраахвотніка і ў час ужо Другой сусветнай вайны на яго прыкладзе, як і на прыкладзе іншых юных герояў, стварыў яркі і пранізлівы твор “Сын палка”.

Уладзімір ПРЫХАЧ.