Прафсаюзы абмеркавалі болевыя кропкі

Профсоюз
11.03.2019 10:51
377
На мінулым тыдні было праведзена  пасяджэнне савета раённага аб’яднання прафсаюзаў. Старшыня гэтай грамадскай структуры Вікенцій Найдзіч падчас выступлення адзначыў, што вялікую увагу Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі надае прыёму грамадзян. Апошнім часам ён праводзіцца сумесна з пракуратурай. І людзі звяртаюцца па дапамогу.

IMG_9342.jpg

Летась у раёне былі наведаны 11 арганізацый. Работнікі атрымалі кансультацыі па пытаннях працоўнага заканадаўства, некаторым з іх была аказана дапамога ў вырашэнні той ці іншай праблемы. Паколькі ў прыёмах грамадзян удзельнічаў яшчэ і спецыяліст Федэрацыі прафсаюзаў, то найбольш складаныя пытанні ад людзей ён вырашаў у Мінску на рэспубліканскім узроўні.

Аб сумеснай рабоце адміністрацыі і прафсаюзнай арганізацыі расказала старшыня прафкама завода аптычнага станкабудавання Галіна Лайкоўская. У прыватнасці, яна адзначыла, што на заводзе адрамантаваны гардэробы, іншыя санітарныя памяшканні, вырашана пытанне патаннення харчавання работнікаў у кафэ “Купалінка”. Працоўнай моладзі на ЗАСе нямнога, але яна актыўная, удзельнічае ў розных раённых мерапрыемствах.

Вольга Глембоцкая, якая ўзначальвае прафкам РУП “ЖКГ”, у сваім выступленні адзначыла, што на прадпрыемстве пастаянна паляпшаюцца ўмовы працы, быту, закупляюцца спец­адзенне, сродкі індывідуальнай і калектыўнай аховы. Аднак ёсць і болевыя кропкі. Хоць прадпрыемства і працуе стабільна, мае прыбытак, зарплата дастойная, аднак маладыя работнікі ў большасці шукаюць сабе чагосьці яшчэ лепшага (прычым часта варочаюцца назад). Узнікаюць цяжкасці  з прадастаўленнем маладым работнікам жылля. Паколькі сваіх інтэрнатаў на прадпрыемстве няма, даводзіцца хадайнічаць перад іншымі прадпрыемствамі.

У прафсаюзе работнікаў АПК 22 пярвічныя арганізацыі. Летась былі створаны дзве і дзве пакінулі прафсаюз аграпрамысловага комплексу – райсельэнерга і райселькамунгаса. А ў цэлым на 119 чалавек стала менш членаў прафсаюза ў параўнанні з пазамінулым годам. “На гэта таксама ўплывае цякучасць кадраў”, - адзначыў старшыня райкама работнікаў АПК Віталь Івашка.

З інфармацыяй аб выкарыс­танні прафсаюзных сродкаў і атрыманні членскіх узносаў выступіла старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Лела Шпак. Яна акцэнтавала ўвагу прысутных на тым, што ўзносы з членаў прафсаюза ўтрымліваюцца згодна з тыпавой інструкцыяй. Прычым па пісьмовай заяве работнікаў шляхам безнаяўнага пералічэння. Тыя, хто знаходзіцца ў водпуску па догляду за дзіцем у адпаведнасці з пэўнымі артыкуламі статута галіновага прафсаюза, вызваляюцца ад выплаты ўзносаў па пісьмовай заяве.

IMG_9334.jpg

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений