Паэтычнае паветра Вязынкі

Наука и образование
12.06.2015 08:13
1082
Турызм - адзін са значных кірункаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Напэўна, таму напрыканцы кожнага навучальнага года ў школах праводзяцца Тыдні турызму і краязнаўства. Не ведаю, як у іншых класных кіраўнікоў, а ў мяне адразу паўстала пытанне: “Чым жа здзівіць разлагоджаных сучаснымі рэаліямі вучняў?” Азадачыла падлеткаў. Жаданне вучняў 6 і 7 класаў...
Каля музея (2)Турызм - адзін са значных кірункаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Напэўна, таму напрыканцы кожнага навучальнага года ў школах праводзяцца Тыдні турызму і краязнаўства. Не ведаю, як у іншых класных кіраўнікоў, а ў мяне адразу паўстала пытанне: “Чым жа здзівіць разлагоджаных сучаснымі рэаліямі вучняў?” Азадачыла падлеткаў. Жаданне вучняў 6 і 7 класаў здзівіла і адразу парадавала: едзем у Вязынку, на радзіму Янкі Купалы!

Халодная майская раніца. Ліе дождж. Сумны настрой у мяне і маёй калегі - класнага кіраўніка 7 класа.Тэлефаную вучням:
- Колькі вас?
- Усе!
Душа спявае! Вось яны, нашы вучні, цікаўныя і дапытлівыя, прагныя да спазнання нязведанага!
Вязынка сустрэла нас прыемным сонечным цяплом. Жадаючых наведаць філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея імя Янкі Купалы было шмат.
Спачатку экскурсавод правяла нас у мемарыяльную частку музея, у якой узноўлены інтэр’ер пакоя, дзе жыла сям’я Луцэвічаў. Дзеці апынуліся ў атмасферы мінулага, са здзіўленнем разглядалі газоўку, прас на вуглях, калыску для немаўляткі. Асабліва ўразілі самаробныя хадункі: гладка абчасаны камель дрэва з прымацаванай драўлянай дужкай накшталт кола, у якое і ставілі дзіця.
Уразіла і літаратурна-дакументальная частка музея. На падсветленых лямпамі вертыкальных шыльдах узноўлены фрагменты купальскага свята, а таксама прадстаўлены архіўныя дакументы, аўтабіяграфічныя лісты і паэтычныя радкі Янкі Купалы, што адлюстроўваюць гісторыю Вязынкі і рода Луцэвічаў. Ёсць тут і яшчэ адна чароўная рэч, якой можа пазайздросціць кожны музей: вялікі куфар адчыняецца – і перад вачыма нечакана з’яўляецца вялізны сэнсарны планшэт. Тут можна ўвачавідкі ўбачыць, як святкуецца Купалле, і праслухаць песні на словы Купалы. Асабліва цікавым быў для дзяцей прагляд кінастужкі, як у ліпені мінулага года, у купальскія дні, у Вязынцы пры падтрымцы «Альфа-банка» прайшоў кветкавы этнафестываль. Паглядзець было на што: і дэфіле ў нацыянальных строях для дарослых і дзяцей, і майстар-класы фларыстаў, і літаратурныя чытанні, прымеркаваныя да дня нараджэння Янкі Купалы. Дзівосам не было межаў, калі вучні ўбачылі найбольшы ў Беларусі купальскі вянок - дыяметрам аж чатыры метры, які ўдзельнікі свята сплялі і спусцілі на ваду.
Далей мы накіраваліся ў адноўлены будынак свірана, дзе дзейнічае этнаграфічная экспазіцыя, прысвечаная народным святам і абрадам, якія знайшлі яркае ўвасабленне ў творчасці Купалы. Вучні ўбачылі вялікія даматканыя габелены, гліняныя карціны, экспазіцыю купальскага сонца (саламяныя птушкі, размешчаныя на розных узроўнях, сімвалізуюць месяцы года, ручнікі – промні сонца). А як прыемна было адпачыць на адмысловай драўлянай мэблі, зробленай з мудрагелістых карэнняў дрэў. Уражаныя ўбачаным, дзеці расказалі экскурсаводу пра тое, як цікава святкуюць Купалле ў Залессі, запрасілі на экскурсію ў маёнтак М. К. Агінскага.
Я была шчаслівая, што нашы вучні зазірнулі глыбей у скарбніцу роднай спадчыны і зразумелі, што такія вандроўкі – магчымасць дакрануцца да жывой гісторыі, нашага мінулага.

Наталля СІДАРАВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Залескіх ясляў-сада – дзіцячай школы.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений