Тэатральныя цуды

Наука и образование
12.12.2014 08:09
1269
Наша Беларусь - прыгожы і непаўторны край. Яе нельга ўявіць без цудоўных краявідаў, без мужнага і працавітага народа, без роднай беларускай мовы, без той спадчыны, якая аднойчы і назаўсёды даецца кожнаму чалавеку разам з яго нараджэннем.
У нашай дзяржаўнай установе адукацыі “Яслі-сад №15 г. Смаргоні” шмат увагі надаецца выхаванню любові да...

DSC0446в1Наша Беларусь - прыгожы і непаўторны край. Яе нельга ўявіць без цудоўных краявідаў, без мужнага і працавітага народа, без роднай беларускай мовы, без той спадчыны, якая аднойчы і назаўсёды даецца кожнаму чалавеку разам з яго нараджэннем.


У нашай дзяржаўнай установе адукацыі “Яслі-сад №15 г. Смаргоні” шмат увагі надаецца выхаванню любові да сваёй краіны, яе духоўнай спадчыны, фарміраванню пачуцця годнасці за прыналежнасць да народа, які мае такую багатую культуру. Асаблівы клопат надаецца развіццю ў выхаванцаў цікаўнасці да беларускага казачнага эпасу праз удзел у тэатры “Батлейка”.
У сучаснай педагагічнай практыцы існуе шмат сродкаў далучэння дашкольнікаў да вытокаў народнай культуры, да агульначалавечых каштоўнасцей, нацыянальных пачуццяў. І адным з дзейсных сродкаў з’яўляецца тэатральная дзейнасць. Таму ў нашай установе дашкольнай адукацыі ўзнікла ідэя стварэння тэатра “Батлейка”. Саму батлеечную скрыню мы зрабілі з фанеры і ўпрыгожылі геаметрычнымi фiгурамi з саломы. Наша батлейка мае гарызантальныя ярусы-сцэны з прарэзамі для вядзення лялек.
Да вырабу лялек таксама падышлі творча, з вялікай цікавасцю. У нашай установе шмат таленавітых людзей. Мы стварылі творчую групу “Пралесачка”, якая і займалася вырабам лялек для тэатра. Лялькі рабілі з тканіны, пенапласту, паралону, а потым апраналі і размалёўвалі. Кожную ляльку прымацоўвалі да драўнянага або металічнага стрыжня, пры дапамозе якога можна было вадзіць персанаж па прарэзах у паверхах сцэны.
Першая наша пастаноўка мела біблейскую тэму. Потым перайшлі да беларускага казачнага эпасу, таму што найбольш папулярнымі і даступнымі ў дзяцей дашкольнага ўзросту з’яўляюцца казкі. Яны даносяць мудры жыццёвы вопыт, выхоўваюць назіральнасць, выпрацоўваюць кемлівасць, фарміруюць эстэтычны густ.
Кожны спектакль заўсёды пачынаецца выхадам беларускіх народных герояў: пеўніка, гаспадара і гаспадыні, казы і г. д. Музычнае суправаджэнне з’яўляецца найважнейшым кампанентам лялечнага тэатра. Яно нясе свой адмысловы сімвалічны падтэкст, бязмежна пашыраючы духоўны аспект пастаноўкі. Музыка дапамагае акцёрам наладзіцца на ролю і ўвайсці ў мастацкі свет прадстаўлення, а гледачам - лепш успрымаць дзею.
Пастаноўкі лялечнага тэатра “Батлейка” радуюць гледачоў падчас правядзення музычнай гасцёўні. Яны сталі неад’емнай часткай правядзення музычных забаў і святаў.
Спачатку выхаванцы з’яўляліся толькі гледачамі пастановак казак. Паступова яны сталі акцёрамі і пачалі агучваць ролі персанажаў. Дзеці заўсёды знаходзяцца за батлейкай і агучваюць лялек, а дарослыя дапамагаюць ім кіраваць “артыстамі”.
Усе казкі гучаць на роднай мове, што дазваляе далучаць дзяцей да багацця беларускай мовы, фарміраваць каштоўныя адносіны да яе. Такім чынам іх далучэнне да тэатральнай дзейнасці спрыяе развіццю тэатральных здольнасцей, уменню перадаваць настрой, характар персанажу.
За апошнія гады ўдзельнікамі тэатра “Батлейка” было паказана шмат прадстаўленняў. Напрыклад, “Зайкава хатка”, “Казка пра гаспадара Хвядоса, яго жонку, яе дачку Хвеську і Настачку”, “Як кот звяроў напалохаў”, “Мядовая хвароба”, “Каза-манюка” і інш.
І дарослыя, і дзеці любяць казкі, вераць у цуд. Аднак нельга сядзець і чакаць яго. Казку можна стварыць сваімі рукамі, набраўшыся цярплівасці, паклікаўшы на дапамогу сваю фантазію і настойлівасць. І тады ўсіх чакаюць вясёлыя прыгоды, цікавыя сустрэчы з казачнымі персанажамі і чароўны настрой.


Алена ТРАСКОЎСКАЯ,
музычны кіраўнік ДУА “Яслі-сад №15
г. Смаргоні”.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений