Тыдзень роднай мовы прайшоў у першай школе

 

Тыдзень роднай мовы прайшоў у першай школе

Образование
26.09.2023
526
У пачатку навучальнага года  ў кожнай школе праводзіцца тыдзень роднай мовы. У дзяржаўнай установе адукацыі “Сярэдняя школа №1 г. Смаргоні” свята роднай мовы заўсёды з’яўляецца яркай і запамінальнай падзеяй. Не стаў выключэннем і гэты тыдзень роднай мовы, які прайшоў з 18 па 23 верасня.

Душэўны настрой надаў усяму тыдню першы дзень, які прайшоў пад дэвізам: “Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску”. З самай раніцы пачаліся сюрпрызы: адгадаў беларускае слова – атрымай беларускую цукерку. У фае школы быў аформлены тэматычны стэнд, выстава вучэбнай літаратуры па беларускай мове “Сэрцам роднага слова краніся”.                                                                                                                            

Дэвізам другога дня стаў слоган “Роднаму слову – прызнанне ў каханні”. Вучні  7 класаў  сталі ўдзельнікамі “Свята Ў”. Словамі роднай мове яны выказвалі пачуцці да роднага слова, да незвычайнай літары. А якое здзіўленне і непадробны інтарэс  выклікалі  музычныя  хвілінкі “Роднаму слову – прызнанне ў каханні”.                                                                                                                           

Трэці дзень “Мова родная – мова модная” дадаў новых фарбаў тыдню. Акцыя “Далучы сваю далонь” паказала шчырасць і неабыякавасць да лёсу мовы і Радзімы. Пажаданні росквіту і дабрабыту, незалежнасці і радасці, святла і міру – у большасці тых пажаданняў, што напісалі нашы вучні на далонях. А вось пяцікласнікі сталі  вандроўнікамі па краіне беларускіх казак і спасцігалі вопыт нашых продкаў.

Пятніца прайшла пад дэвізам “Дызайн па-беларуску”. Вучні 6 - 8 класаў на аркушах паперы стваралі свае шэдэўры беларускага адзення.

Завяршыўся тыдзень роднай мовы  квэст-гульнёй “Гонкі за ведамі”. Гульня прайшла весела, цікава, пазнавальна. Навучэнцы школы прадэманстравалі сваю кемлівасць, эрудыцыю. Самыя актыўныя з іх атрымалі дыпломы пераможцаў гульні. А калі на выхадзе яшчэ і вынеслі пару арыгінальных беларускіх слоў, данеслі іх дадому, расказалі бацькам, то, напэўна, запомнілі, што мы – беларусы, самабытны,  таленавіты народ.

Цікавыя і змястоўныя мерапрыемствы ў рамках тыдня роднай мовы садзейнічалі не толькі фарміраванню ў дзяцей  павагі і любові да роднай мовы, але і ўзбагацілі  іх новымі ведамі, далучылі да духоўнай спадчыны нашага народа.  Тыдзень запомніўся ўсім. Кожны вучань зразумеў, што трэба любіць і шанаваць родную мову, бо  ў ёй захавана гісторыя нашага народа.

Юныя мовазнаўцы.jpg

Юныя мовазнаўцы.

Свята Ў jpg.jpg

Мову родную любі jpg.jpg

Мову родную любі.

                                                               Марыя КУЗЬМІЧ, 

                                                               Марыя ГРЫНЧУК,

настаўнікі  беларускай мовы і літаратуры 

сярэдняй школы №1.