Да 135-годдзя Я. Коласа і Я. Купалы: Крок да духоўнага ўзбагачэння

Наука и образование
11.12.2017 11:01
841
Сёння, як ніколі, людзям важна далучацца да культуры, бо яна іграе важную ролю ў жыцці чалавека і грамадства, служыць для захаванняя і перадачы чалавечага вопыту. Менавіта культура робіць чалавека асобай.
Крок.jpg

Вучаніцы 11 “Б” класа Юлія ЗАБЕЛЬСКАЯ, Ульяна СКРОБАТ і Карына КАСЦЕНКА падчас экскурсіі.

У гэтым годзе святкуецца 135-годдзе з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі – Якуба Коласа і Янкі Купалы, творчасць якіх з’яўляецца, па словах Віктара Шніпа, “тымі вежамі, з якіх мы, беларусы, бачым цэлы свет, і па якіх свет бачыць нас”.

Для таго каб далучыцца да культуры і больш глыбока пазнаёміцца з біяграфіяй і творчасцю беларускіх песняроў, настаўнікі Таццяна Мікалаеўна Шыдлоўская і Таццяна Уладзіславаўна Яроўская для нас, вучняў 10-11-х класаў, арганізавалі паездку ў сталіцу Рэспублікі Беларусь – горад Мінск.

Першым пунктам нашага маршруту стаў Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. На першым паверсе музея размясціліся спальныя пакоі сыноў Якуба Коласа, гасцёўня, сталовая, веранда і кухня, а на другім – кабінеты сыноў, Данілы і Міхася Міцкевічаў, кабінет і спальня паэта. У такім прыгожым і вялікім асабняку Якуб Колас пражыў амаль чатыры гады. Памёр паэт у сваім доме, у кабінеце за рабочым сталом.

Каля дома славутага беларуса ёсць мемарыяльны сад. Якуб Колас глыбей, чым хто-небудзь, адчуваў і разумеў духоўнае значэнне кожнай расліны. Адсюль і яго імкненне акружаць сябе прыродай, жыць у згодзе з ёй. Асаблівае месца займае кампазіцыя з чатырох дубоў і бярозы – дрэў, якія сімвалізавалі сям'ю паэта: жонку, сыноў і яго самога.

Дзякуючы займальнаму апавяданню і добрай дыкцыі экскурсавода мы незаўважна нібы акуналіся ў тыя часы, калі там жыў Якуб Колас.

Побач з цяперашнім музейным комплексам размясціўся дом, у якім сёння жывуць нашчадкі вялікага класіка.

Наступным пунктам паездкі стаў Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Мы трапілі на знакамітую камедыю «Паўлінка».

Мне вельмі спадабаўся гэты спектакль, таму што ў ім было шмат вясёлых момантаў, а акцёры выдатна сыгралі свае ролі. На працягу ўсёй камедыі я дзівілася, як артыстам удаецца запомніць так шмат тэксту. Сваёй ігрой, сваімі эмоцыямі мяне заваражыла галоўная гераіня – Паўлінка, ролю якой выконвала актрыса Кацярына Алейнікава. У яе моцны, чысты голас, які слухаеш, затаіўшы дыханне. Але, хутчэй за ўсё, большасці прысутных на спектаклі запомнілася пара Пранцыся і Агаты Пустарэвічаў. Яны былі самымі вясёлымі на сцэне, а каронная фраза Агаты «тудэма-сюдэма» не раз чулася ў аўтобусе падчас вяртання дамоў.

Ад паездкі ў нас засталіся вялікія ўражанні, самыя цёплыя і змястоўныя ўспаміны, за што вялікі дзякуй Таццяне Мікалаеўне і Таццяне Уладзіславаўне. Вечар другога снежня стаў яшчэ адным крокам у нашым духоўным развіцці.

Ульяна СКРОБАТ, вучаніца 11 “Б” класа сярэдняй школы №7 г.Смаргоні.

Фота прадастаўлена аўтарам. 

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений