Неабмежаваныя духам

Общество
12.12.2014 08:19
1029
Дзіцячы калектыў «Завадныя смыкі» і іх кіраўнік Яўгенія ПЕТРАСЯН са школы мастацтваў.
Аўстраліец Нік Вучыч, якому цяпер 32 гады, нарадзіўся без канечнасцей, у яго толькі маленькая стапа з двума пальцамі, якую ён называе “курынай лапкай”. Але дзякуе Богу за гэтыя абмежаванні. Яны, як гэта не парадаксальна, дапамаглі яму жыць без абмежаванняў....
Дзіцячы калектыў «Завадныя смыкі» і іх кіраўнік Яўгенія ПЕТРАСЯН са школы мастацтваў. Дзіцячы калектыў «Завадныя смыкі» і іх кіраўнік Яўгенія ПЕТРАСЯН са школы мастацтваў.

Аўстраліец Нік Вучыч, якому цяпер 32 гады, нарадзіўся без канечнасцей, у яго толькі маленькая стапа з двума пальцамі, якую ён называе “курынай лапкай”. Але дзякуе Богу за гэтыя абмежаванні. Яны, як гэта не парадаксальна, дапамаглі яму жыць без абмежаванняў. Аўстраліец адзін з самых вядомых аратараў свету, выступаў у многіх краінах. Ён сцвярджае, што адсутнасць канечнасцей дапамагае яму абнадзейваць многіх людзей, якія страцілі цікаўнасць да жыцця.
Мне часта даводзіцца мець справу з “асаблівымі” людзьмі. Я не знаёма асабіста з Нікам Вучычам, але ведаю шмат яму падобных, якія таксама вучаць іншых не падаць духам, цярпець, не плакацца, не шкадаваць сябе, а знаходзіць у кожным новым дні нешта добрае.




На канцэрце прысутнічалі ксёндз Здзіслаў ВЭДЭР, айцец Міхаіл Вароха і старшыня райсавета дэпутатаў Іван РАМАНОВІЧ. На канцэрце прысутнічалі ксёндз Здзіслаў ВЭДЭР, айцец Міхаіл Вароха і старшыня райсавета дэпутатаў Іван РАМАНОВІЧ.

Напачатку снежня ў Беларусі адзначаецца Дзень інвалідаў. На праблемы людзей з абмежаваннямі звяртаецца асаблівая ўвага. У Смаргонскім раёне такіх налічваецца 2700, у тым ліку 174 дзіцяці.
Грамадскае аб’яднанне “Жыццё без межаў” у супрацоўніцтве з аддзяленнем дзённага прабывання маладых інвалідаў “Цёплы дом”, РДК і пры падтрымцы райвыканкама і гісторыка-краязнаўчага музея на працягу мінулага тыдня ў Смаргоні арганізавалі шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Дню інвалідаў. Самым гучным аказаўся дабрачынны канцэрт, у якім прынялі ўдзел ваеннаслужачыя Смаргонскай пагранічнай групы, настаўнікі і выхаванцы музычнай школы, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь, ансамбль танца “Мішутка”, народны ансамбль “Хутарок” РДК, Тэймур Пагасян, Мікалай Рэзановіч і іншыя.
- У дабрачынных канцэртах мы ўдзельнічаем не вельмі часта, - удакладняе ваеннаслужачы Сяргей Паўлаў. - Для мяне такія выступленні асаблівыя, адчуваю павышаную адказнасць і хваляванне. Да людзей з абмежаваннямі, якія знаходзяцца ў зале, хочацца данесці толькі самае добрае і светлае.
У маім блізкім асяроддзі ёсць, так называемыя, “асаблівыя” людзі. Напрыклад, сёння выступае Тэймур Пагасян, наш смаргонскі кампазітар і музыкант. На мой погляд, гэты чалавек па сваіх унутраных, псіхалагічных, творчых якасцях яшчэ больш паўнацэнны, чым той, у каго няма праблем з фізічным здароўем.
На просьбу паўдзельнічаць у дабрачынным канцэрце адгукнуўся яшчэ адзін артыст – Дзяніс Дзямідаў. Гэтага спевака смаргонцы добра ведаюць пад іншым прозвішчам – Пацэвіч. “На мінулым тыдні я ўдзельнічаў у дабрачынным канцэрце ў Лідзе, які быў арганізаваны ў падтрымку хворага хлопчыка са Слоніма, - расказвае Дзяніс. – Людзям трэба дапамагаць, калі гэта ў нашых сілах”.
Да нядаўняга часу Дзяніс быў салістам легендарнага калектыву “Песняры”. “Крыштальны голас калектыву” (менавіта так называлі нашага земляка) адчуў у сабе сілы і вырашыў адправіцца ў сольнае плаванне, узяўшы творчы псеўданім. Спявак удакладніў, што цяпер шчыльна супрацоўнічае з вядомым беларускім кампазітарам і паэтам Сяргеем Сухамліным, а таксама сам піша песні.
115 бясплатных білетаў на канцэрт атрымалі людзі з абмежаваннямі. Грошы, сабраныя ад прададзеных 246 білетаў, будуць накіраваны ў сем’і, дзе выхоўваюцца анкалагічна хворыя дзеці. Летась гэтыя сродкі размеркавалі паміж інвалідамі першай групы (з захворваннямі апорна-рухальнага апарату). Арганізатары вырашылі, што кожны год такім чынам будуць падтрымліваць розныя катэгорыі інвалідаў.
Акрамя гэтага на рахунак ГА “Жыццё без межаў” смаргонцы пералічылі шэсць мільёнаў рублёў. Да Дня інвалідаў кожны член аб’яднання атрымаў важкі пакунак з мыючымі і чысцячымі сродкамі. Дапамогу аказалі прыватныя прадпрыемствы “Вудвін”, “НБС-Транспарт і К”, “Карункі”, “Раент”, “Белпрамсэрвіс”, “Пятае кола”, “ОКСНА”, магазіны “Юбілейны” і “Журавінка”, малаказавод і камбінат хлебапрадуктаў, раённы вузел паштовай сувязі, аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі і аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Людзей з «асаблівасцямі» падтрымалі святары - ксёндз Здзіслаў Вэдэр і айцец


Міхаіл Вароха.
Галіна АНТОНАВА.
Фота Міхаіла РАЗУМНІКА.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений