Усе сябры ў госці да нас. "Светлы шлях" адзначае сваё 70-годдзе

Общество
28.11.2014 09:10
1373

- Жэня, ты бачыш маю маму?

- Я і сваёй не бачу…

- Вось заўсёды так: у людзей свята, а ў мамы работа.

- І чым яны толькі ў свай рэдакцыі займаюццца? Пра нечыя святы пішуць, а да родных дзяцей на ранішнік не маюць часу прыйсці.

Вось такі дыялог “рэдакцыйных дзяцей” распачаў нашу імпрэзу, прысвечаную 70-годдзю газеты. Мамы, і таты таксама, у той час у зале знаходзіліся. Сярод вялікай колькасці людзей было няпроста іх вызначыць. Тым больш, што мамы былі не такія, як звычайна, а святочна апранутыя з прыгожымі прычоскамі, ну, проста “зоркі” Галівуда. І нашы старэйшыя калегі, якія ўжо на заслужаным адпачынку, таксама выглядалі на ўсе “сто”.

Вольга ВОЛКАВА (злева) прымае падарункі ад прадстаўнікоў ліцейна-механічнага і агрэгатнага заводаў. 
Вольга ВОЛКАВА (злева) прымае падарункі ад прадстаўнікоў ліцейна-механічнага і агрэгатнага заводаў.

Сяргей СВЕРКУНОЎ (злева) уручае Ганаровую грамату  Міхаілу РАЗУМНІКУ. 

Сяргей СВЕРКУНОЎ (злева) уручае Ганаровую грамату Міхаілу РАЗУМНІКУ.

Работа ў рэдакцыі – гэта не работа, гэта лад жыцця. І часам сабе, сваёй сям’і не маеш магчымасці ўдзяліць належнай увагі. “Бо падзеі не выбіраюць, калі ім адбыцца, а журналісты павінны быць у іх гушчыні. Задача журналістаў – як мага хутчэй і цікавей данесці інфармацыю да любімага чытача”, - адзначыў Аляксандр Вярсоцкі, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, які прыехаў да нас на свята. Гэту думку падтрымлівалі і многія выступоўцы. Гэту думку мы пацвердзілі фотааўдыёпрэзентацыяй, дзе пастараліся ўспомніць усіх, хто працаваў у нашым выданні і расказалі пра свае цяперашнія будні.

Аляксандр Людвігавіч уручыў Ганаровую грамату Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь за добрасумленную і плённую працу ў журналістыцы, значны асабісты ўклад у рэалізацыі інфармацыйнай палітыкі галоўнаму рэдактару газеты Вользе Волкавай і загадчыцы аддзела культуры, маралі і права Але Страшынскай. Госць з Гродна аб’явіў і яшчэ пра адну прыемую навіну: нашай калезе Але Страшынскай (паэтцы Але Клемянок) прысвоілі званне “Заслужаны пісьменнік Саюза пісьменнікаў Беларусі” з уручэннем адпаведнага дакумента.

Аляксандр Вярсоцкі ўручыў таксама Ганаровыя граматы Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканвама адказнаму сакратару выдання Марыі Страшынскай, мастацкім рэдактарам Вадзіму Берзіню і Але Вакулінай, тэхнічнаму рэдактару Марыне Лапыцька.

Ганаровую грамату з рук Аляксандра ВЯРСОЦКАГА  атрымлівае Марыя СТРАШЫНСКАЯ. 
Ганаровую грамату з рук Аляксандра ВЯРСОЦКАГА атрымлівае Марыя СТРАШЫНСКАЯ.

Пасведчанне аб прысваенні ганаровага звання “Заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў” атрымаў Іван Лазута, намеснік галоўнага рэдактара газеты.

Загадчыкі аддзелаў Юрый Янушкевіч і Галіна Антонава, вядучы фотакарэспандэнт Міхаіл Разумнік атрымалі Ганаровыя граматы Беларускага саюза журналістаў.

Адказны сакратар БСЖ Сяргей Сверкуноў (дарэчы, былы рэдактар “Вячэрняга Мінска”), які ўручаў узнагароды, выказаў упэўненасць, што ў наш імклівы час развіцця высокіх тэхналогій “раёнкі” не саступяць месца інтэрнэту, а яшчэ доўгія гады будуць самымі роднымі і блізкімі газетамі для чытачоў.

Былы рэдактар газеты “Светлы шлях” Аляксандр Лазоўскі, які цяпер узначальвае “Маладзечанскую газету”, прызнаўся, што шэсць гадоў працы ў нашым выданні для яго былі самымі шчаслівымі.

Іван РАМАНОВІЧ узнагародзіў  Ганаровай граматай Ірыну БАЧКОВУ.

Іван РАМАНОВІЧ узнагародзіў Ганаровай граматай Ірыну БАЧКОВУ.

Старшыня райсавета дэпутатаў Іван Рамановіч таксама падрыхтаваў узнагароды. Ганаровую грамату райсавета дэпутатаў і райвыканкама атрымала тэхнічны рэдактар Ірына Бачкова. Падзячныя пісьмы старшыні райвыканкама – галоўны бухгалтар Аксана Мурачова і тэхнічны рэдактар Валянціна Мінкевіч.

Вельмі шмат людзей нас павіншавала. Ліцейна-механічны завод, ”Смаргоньміжрайгаз”, жыллёва-камунальная гаспадарка, ЖРЭС, агрэгатны завод, райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, філіял “Аграпрамбанк”, падатковая інспекцыя, РАУС, аб’яднанне “Ахова” Смаргонская пагранічная група і вучэбны цэнтр Інстытута пагранічнай службы, раённая цэнтральная бібліятэка, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, праваслаўныя і каталіцкія святары…

Асабліва дарагімі аказаліся прэзенты ад выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра – дзеці самі ператварылі звычайныя каменьчыкі (прыгожа размалявалі іх) у цудоўныя сувеніры, цяпер кожны супрацоўнік рэдакцыі мае сабе памяць аб свяце. Яшчэ над адным рукатворным падарункам шчыраваў член арганізацыі дзяцей інвалідаў і маладых інвалідаў “Агеньчык надзеі” Валік Лапыцька з мамай.

Намеснік начальніка РАУС Антон КУРЫЛОВІЧ (злева) віншуе Юрыя ЯНУШКЕВІЧА. 
Намеснік начальніка РАУС Антон КУРЫЛОВІЧ (злева) віншуе Юрыя ЯНУШКЕВІЧА.

Не толькі нам, але і мы дарылі падарункі і ўручалі ўзнагароды. Памятныя сувеніры ад газеты атрымалі восем чытачоў, якія прынялі ўдзел у конкурсе “Светлы шлях і я” (іх пісьмы мы змясцілі ў мінулым нумары газеты). Адзінаццаць грамат і падарункаў падрыхтавалі тым, хто даволі працяглы час супрацоўнічае з газетай. Наш пастаянны пазаштатны аўтар Уладзімір Прыхач атрымаў ажно дзве граматы – ад газеты і Беларускага саюза журналістаў.

У той дзень мы, сціплыя людзі, пачулі столькі прыемных слоў у свой адрас, што і дагэтуль не можам ачуняць. Жартую, канешне. Мы цудоўна разумеем, што ўсё пачутае – гэта аванс на далейшую, яшчэ больш плённую работу. Таму мы не расслабляемся, бо ведаем: ужо ў бліжэйшую пятніцу чытач чакае ад нас свежую газету.

Галіна АНТОНАВА.

Фота Міхаіла РАЗУМНІКА.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений