Падарункі на юбілей

Общество
14.11.2014 10:29
1081
Ірына Дурэйка, Валерый Бацько, Элеанора ЯзерскаЯ.
Найлепшым падарункам на 35-годдзе гімназіі стала для гэтай установы адукацыі адкрыццё пасля рэстаўрацыі памяшкання народнага гісторыка-краязнаўчага музея. Пераразаннем чырвонай стужкі і першай экскурсіяй для ганаровых гасцей распачалося святкаванне юбілею. 
Дырэктар гімназіі Ірына Дурэйка расказала, што два гады таму яна падпісала загад аб прыпыненні дзейнасці музея, якому...
 Ірына Дурэйка, Валерый  Бацько, Элеанора ЯзерскаЯ. Ірына Дурэйка, Валерый Бацько, Элеанора ЯзерскаЯ.

Найлепшым падарункам на 35-годдзе гімназіі стала для гэтай установы адукацыі адкрыццё пасля рэстаўрацыі памяшкання народнага гісторыка-краязнаўчага музея. Пераразаннем чырвонай стужкі і першай экскурсіяй для ганаровых гасцей распачалося святкаванне юбілею. 


Дырэктар гімназіі Ірына Дурэйка расказала, што два гады таму яна падпісала загад аб прыпыненні дзейнасці музея, якому патрабаваўся капітальны рамонт і поўная рэканструкцыя. З дапамогай райвыканкама, а найбольш уласнымі сродкамі і сіламі справа пасоўвалася ў розныя перыяды рознымі тэмпамі, але дзякуючы ўласнаму энтузіязму і падтрымцы з боку шматлікіх сяброў новая, па-сучаснаму абсталяваная экспазіцыя адкрылася да дня нараджэння ўстановы. Асабліва ўрачыста выглядалі ў гэты дзень кіраўніцы музея Ларыса Рогач і Ядвіга Красоўская, якія разам са сваімі юнымі экскурсаводамі падрыхтавалі цікавае “падарожжа” для наведвальнікаў. Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Валерый Бацько пажадаў, каб выхаванне і адукацыя моладзі грунтаваліся на добрых традыцыях, якія беражліва захоўваюцца ў музеі. Разам з Ірынай Дурэйка і Элеанорай Язерскай Валерый Уладзіміравіч перарэзаў чырвоную стужку, але зайсці адразу ў прываблівы этнаграфічны куток не ўдалося. На парозе ўзнік дзесяцікласнік Валерый Вайнілка, які прапанаваў узяцца ўсім за сімвалічны паясок з беларускім арнаментам і, адчуўшы еднасць з гістарычным працэсам, увайсці не натоўпам і прыстойна.
Юныя экскурсаводы называюць свой музей цікавай кнігай, прачытаць якую немагчыма за кароткі час, таму прапанавалі спыніцца на асобных “старонках” і апавядалі, як у 1988 годзе пад кіраўніцтвам настаўніцы Таісіі Мускай адкрылася першая экспазіцыя школьнага музейнага пакойчыка. Менш чым праз дзесяць гадоў ён атрымаў званне народнага музея, якое двойчы пацвярджаў у 2007 і 2013 гадах. Кардынальна змяніўся яго выгляд пасля рэстаўрацыі. Пры ўваходзе размешчаны экспанаты народнага побыту і вырабы рамеснікаў, якіх у нашым горадзе было заўжды шмат. Другі пакой уразіў новымі выставачнымі сцелажамі і шафамі, прыгожа аформленымі стэндамі. Надалей мяркуецца праводзіць у гэтай зале мерапрыемствы, для чаго будзе ўстаноўлена інтэрактыўнае абсталяванне, а лаўкі для ўдзельнікаў ужо чакаюць свайго часу, прыхаваныя за экспазіцыяй.
Да надання новага іміджу музея прыклалі сваю руку калегі са Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея. Асаблівая ўдзячнасць была выказана мастаку Дзмітрыю Ярмаку. Падзякі прагучалі фотакарэспандэнту мясцовай газеты Міхаілу Разумніку, загадчыку дзіцячай бібліятэкі Аляксею Бумаю, аператару ПК Ірыне Уласенка і ўсім, хто далучыўся да высакароднай справы.




Юбілейны торт. Юбілейны торт.

Яшчэ дзве “круглыя” даты з пяцёркай на канцы святкаваліся ў гэты дзень у гімназіі: 35-годдзе з дня адкрыцця сярэдняй школы №4 і 15-годдзе надання ёй статусу гімназіі. Свята, што праводзілася ва ўтульнай і арыгінальна прыбранай актавай зале, больш нагадвала сямейна-хатнюю ўрачыстасць. Таму што не было ніякай заарганізаванасці, лішняга афіцыёзу, а была сардэчная сустрэча блізкіх па духу людзей. Атмасферу разняволенасці і дамашняй утульнасці стваралі найперш выхаванцы тэатральнай студыі ва ўбранні дамавічкоў. Перадаючы эстафету свайму юнаму сябру, стары дамавік завяшчаў аберагаць добрыя традыцыі. А расказалі пра іх і пра тое, як працавалася першым настаўнікам 35 гадоў таму, завуч Таццяна Рогач, якая прыйшла ў новую школу лабарантам, колішнія завучы Вольга Андрушчанка, Ніна Жукоўская, выкладчыца Ларыса Гурская. А настаўніца геаграфіі і першы радактар гімназічнай газеты Ірына Гаева завітала на свята са сваімі сяброўкамі – вакальнай групай “Крынічка”, якая падарыла душэўныя спевы.
Настаўніца рускай мовы Алена Панфёрава прачытала свой верш, прысвечаны настаўнікам-вэтэранам, мінутай маўчання ўшанавалі прысутныя тых, каго няма ўжо сярод жывых.
Некалькі разоў са сцэны прагучала прыемная навіна, што Смаргонская гімназія ўвайшла ў спіс сотні лепшых навучальных устаноў па выніках цэнтралізаванага тэсціравання гэтага года, заняўшы 29-е месца ў рэспубліцы і шостае ў вобласці. Бясспрэчна, у гэтым вялікая заслуга педагогаў, многія з якіх атрымалі падчас святкавання юбілею гімназіі Ганаровыя граматы.
Шмат радасных эмоцый падарылі сваімі выступленнямі ўдзельнікі заслужанага ўзорнага калектыву “Мішутка”, у складзе якога пераважная большасць навучэнцаў гімназіі. Яркія пярлінкі гумару шчодра сыпаліся са сцэны і з экрана, на які праецыраваліся цікавыя фотафакты, фотаздымкі настаўнікаў, якія калісьці былі вучнямі СШ №4 і гімназіі. Ну, і які ж юбілей без торта са свечкамі? А на завяршэнне імпрэзы ўсе дружна спявалі гімн гімназіі.


Ала СТРАШЫНСКАЯ.
Фота аўтара і Міхаіла РАЗУМНІКА.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений