Рэха былых аэрадромаў Смаргоншчыны

 

Рэха былых аэрадромаў Смаргоншчыны

Общество
09.04.2024
599
Стагоддзем авіяцыі можна смела называць ХХ стагоддзе. За гэты час паветраплаванне прайшло вялікі шлях – ад простых фанерных аэрапланаў да магутных звышгукавых лайнераў і шатлаў. Разам з развіццём самалётаў удасканальваліся і наземныя службы. З аэрадромаў пачыналася нябеснае жыццё паветраных караблёў, сюды яны вярталіся пасля заканчэння палётаў. Нагадаем малавядомыя старонкі летапісу такіх аб’ектаў на Смаргоншчыне.

Упершыню жыхары Смаргоншчыны пазнаёміліся з самалётамі падчас Першай сусветнай вайны. Па абодва бакі лініі фронту, якая па­дзяліла тэрыторыю сучаснага раёна на амаль роўныя дзве часткі, закладваліся ўзлётна-пасадачныя пляцоўкі. Для тагачасных аэрапланаў імі маглі быць досыць роўныя і цвёрдыя ўчасткі зямлі мінімальных памераў. Бліжэйшыя ваенныя аэрадромы з адпаведнай інфраструктурай, з якіх выляталі на пазіцыі асы рускага паветранага флоту, знаходзіліся ў Вілейцы, каля населеных пунктаў Малінаўшчызна, Яхімоўшчына, Мясата на Маладзечаншчыне, паблізу ад фальварка Адамполь (каля Валожына). Па архіўных звестках вядома, што за 1916 год на баявыя заданні з аэрадромаў вылятаў 21 самалёт, большасць з якіх складалі самалёты сістэм «Вуазен», «Маран – Парасоль», «Фарман» і «Ньюпар». Авіятары праводзілі разведку бліжэйшага тылу, прыкрывалі аб’екты ад налётаў праціўніка, прымалі ўдзел у паветраных баях з варожымі самалётамі. У межах сучаснага Смаргонскага раёна вядомы палявыя аэрадромы ў Залессі і Лашанах.

З германскага боку існавалі аэрадромы каля ­Дабраўлянаў, Тупальшчыны і Солаў. З успамінаў Ф. Жылкі, якія адносяцца да 1916 года, вядома, што немцы «пабудавалі аэрадром на палях Тупальшчыны, летам мы здалёку назіралі за прызямленнямі і ўзлётамі невялікіх самалётаў, раней мы іх ніколі не бачылі». Участак ад Вішнеўскага возера да Крэва абслугоўвалі авіяцыйныя аддзяленні, якія размяшчаліся ў Солах і Асіпанах. Па колькасці ангараў, як заўважыў збеглы з палону салдат, на кожным аэрадроме знаходзілася ад 4 да 6 самалётаў. На лётным полі каля Асіпанаў 29 жніўня 1917 года адбыўся парад з удзелам кайзера Вільгельма.

У пасляваенны час гэты аэрадром выкарыстоўваўся ў якасці запаснога. Па сведчаннях мясцовых жыхароў, на яго прызямляліся «маленькія самалёты». У 1926 годзе магістрат Смаргоні ахвяраваў пляц пад аэрадром і ангар каля яго. У наступным годзе было праведзена даследаванне стану аб’ектаў узлётна-пасадачнай паласы і адкрыты запасны палявы аэрадром у нашым горадзе.

Наступная старонка гісторыі мясцовых аэрадромаў звязана з пляцоўкай паблізу ад Святлянаў. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны тут пачалося будаўніцтва сакрэтнага аб’екта НКДБ №110 – так азначаны той аэрадром у ­дакументах. Будавалі яго вязні, для якіх былі прыстасаваны пад лагер гаспадарчыя пабудовы Данюшаўскага маёнтка. Пра гаротны стан трапіўшых у няволю людзей і цяжкую працу пры пабудове ўзлётнай паласы сведчаць успаміны старажылаў, зафіксаваныя ў раённай кнізе «Памяць». Пасля пачатку вайны зняволеныя былі накіраваны на ўсход, а аэрадром застаўся недабудаваным. У 1944 годзе, незадоўга да летняга адступлення немцаў, акупанты паспрабавалі выкарыстаць гэтую пляцоўку для сваёй авіяцыі, але дзейнічаў варожы аэрадром нядоўга.

Пасля вызвалення Смаргоні, хуткага аднаўлення ўзлётнай паласы з дапамогай мясцовага насельніцтва ўжо 8 ліпеня 1944 года пад Святляны перабазіравалася ­278-я авіядывізія знішчальнікаў. Пасля тут базіраваліся штурмавікі, а затым бамбардзіроўшчыкі. Гэтаму аэрадрому было наканавана адыграць важную ролю ў аперацыі па вызваленні Прыбалтыкі і Усходняй Прусіі, адсюль выляталі самалёты на разгром фашысцкай Германіі.

У другой палове мінулага стагоддзя пад Смаргонню, недалёка ад Мацюлянаў, быў закладзены ваенны аэрадром, які на працяглы час ізноў звязаў авіяцыю з нашым краем. Гісторыя яго будаўніцтва бярэ пачатак у 1954 ­годзе, калі з цэнтральнай групы войск сюды быў выведзены з Аўстрыі 116 авіяцыйны полк 330 авіядывізіі. У сувязі з яго перабазіраваннем ваенныя будаўнікі падрыхтавалі двухкіламетровую ўзлётна-пасадачную паласу, узвялі аб’екты наземнай інфраструктуры аэрадрома. Дзякуючы іх намаганням былі закладзены будынкі сённяшняй Смаргонскай пагранічнай групы, а таксама новага гарадскога раёна, які вядомы пад назвай ДАСы.

Летам 1960 года побач з аэрадромам заступіў на баявое дзяжурства ракетны полк стратэгічнага прызначэння, у гэты ж самы час быў расфарміраваны 116 авіяполк. Аэрадром стаў запасным, падтрымліваўся ў рабочым стане, але не меў замацаванага за ім тактычнага падраздзялення. Ён прымаў рэактыўныя МІГі, транспартныя самалёты і верталёты. У ходзе вучэнняў 1979 года сюды прылятаў на верталёце Міністр абароны СССР Дзмітрый Усцінаў. Па дамоўленасці паміж гарадскімі ўладамі і ваеннымі летам 1988 года тут арганізавалі рух грамадзянскага паветранага транспарту. Адну з пабудоў прыстасавалі пад аэрапорт, дзе размяшчалася каса і зала чакання. Яго начальнікам прызначылі вопытнага пілота, былога камандзіра лётнага атрада, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Льва ­Хлябовіча, які нязменна быў адзіным кіраўніком нашага аэрапорту.

Адсюль выляталі самалёты АН-2 па маршруце Смаргонь – Гродна. У летні сезон адбывалася па два рэйсы, у астатні час – па аднаму. Як адзначыў Леў Міхайлавіч, палёты карысталіся нязменным попытам, борт самалёта заўсёды поўнасцю запаўняўся 12 пасажырамі. І гэта мела тлумачэнне: час палёту да абласнога цэнтра складаў каля 1 гадзіны, кошт квітка не нашмат адрозніваўся ад квітка на міжгародні аўтобус, для зручнасці пасажыраў з горада да аэрапорту быў нала­джаны аўтобусны маршрут.

Смаргонскі аэрадром быў закрыты восенню 1991 года. Паступова прыйшоў у запусценне. Яго зборныя металічныя пакрыцці для ўзлётнай паласы «разляцеліся» па падворках і платах мясцовых жыхароў, адзін час часткамі гэтых канструкцый быў агароджаны гарадскі парк у ­ДАСах. Сёння тэрыторыя былога аэрадрома зарасла пасадкамі, і амаль нічога не напамінае пра былое яго існаванне.

Аповед пра аэрадромы Смаргоншчыны быў бы няпоўным, калі б не ўзгадаць пра «крылатых хлебаробаў» – сельскагаспадарчую авіяцыю. Самалёт АН-2, у народзе вядомы пад назвай «кукурузнік», працяглы час выкарыстоўваўся для абароны ўраджаю ад шкоднікаў, хвароб і пустазелля, падкормкі сельскагаспадарчых культур… Сельгасавіяцыя таксама мела свае ўзлётныя пляцоўкі. Самая вядомая з іх знаходзілася ў самым канцы вуліцы В. Сінкевіч, у кірунку на Шэматова. Гэты аэрадром абслугоўваў не толькі сельскагаспадарчую авіяцыю, але і санітарную. Адсюль выпраўляліся самалёты, якія дастаўлялі цяжка хворых з раённай бальніцы ў медыцынскія цэнтры вобласці і рэспублікі. Аэрадром сельгасавіяцыі з асфальтавым пакрыццём знаходзіўся каля Данюшава, існавалі невялікія грунтавыя ўзлётна-пасадачныя палосы каля Свірыдавічаў, Паніззя, Ардашоў. Магчыма, падобныя пляцоўкі існавалі ў іншых мясцінах, таму распачатая тэма чакае свайго даследчыка.

У час пошуку звестак для артыкула мне пашчасціла сустрэцца з Львом Міхайлавічам Хлябовічам, знакавай асобай у гісторыі авіяцыі раёна. Ён працяглы час дапамагаў  гаспадаркам раёна ў якасці камандзіра самалёта сельскагаспадарчай авіяцыі, а потым быў адзіным кіраўніком грамадзянскага смаргонскага аэрадрома. Што цікава, іншыя суразмоўцы, якія падзяліліся інфармацыяй пра авіяцыю ў нашым краі, заўсёды ўзгадвалі прозвішча  гэтага чалавека. Яго імя захавалася ў іх памяці і варта таго, каб ганарыцца нашым земляком-авіятарам.

1.jpg

Леў Хлябовіч (справа) і ваенны з аэрадромнай службы. На ўзлётнай паласе смаргонскага аэрадрома

4.jpg

Зборным металічным пакрыццём для ўзлётнай паласы абгарадзілі гарадскі парк у ДАСах


2.jpg


Уладзімір ПРЫХАЧ.

Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях

 

Статьи по теме: