Дзе дом твой? У Лешчанятах

 

Дзе дом твой? У Лешчанятах

Общество
04.08.2023
952
Не будзе перабольшаннем, калі скажу, што Лешчаняцкі сельскі клуб – душа навакольных вёсак. Якое б свята ні ладзілася, якое б мерапрыемтва ні планавалася, людзі ведаюць, што мясцовыя артысты зробяць дзень незабывальным і радасным. І шчыра дзякуюць за гэта дзвюм прыгожым, таленавітым, неардынарным жанчынам – дырэктару клуба Наталлі Траццяк і культарганізатару Ірыне Найдзіч.

2Z3A7379.JPG

Наталля Іванаўна па сумяшчальніцтве з’яўляецца і старастам вёскі Семянкі. Старастам звычайна выбіраюць чалавека, якому вяскоўцы давяраюць і якога паважаюць. Наталля Траццяк нарадзілася далёка ад Семянкоў – на Гомельшчыне. Таму свой аўтарытэт тут давялося зарабляць з нуля. У 1990 годзе яна пераехала сюды з сям’ёй па праграме перасялення з забруджанай радыяцыяй тэрыторыі. Цяпер Смаргоншчына – яе дом, а ў першыя гады вельмі сумавала па роднай Нароўлі, здавалася, душа засталася там. Непрывычна было ўсё: і невялікая вёсачка, і гаворка, і звычкі людзей. “У нас на Гомельшчыне своеасаблівы дыялект, сумесь беларускай і ўкраінскай моў, а тут людзі размаўляюць на чыстай беларускай, мы нават словаў некаторых не разумелі”, - смяецца Наталля Іванаўна.

Можа, так і не прывыкла б жанчына да Семянкоў, дапамагло тое, што пераязджалі вялікай сям’ёй: яна з мужам і сынам, бацькі, сястра, брат. Ужо тут нарадзілася дачушка. Жылі, працавалі, потым і ўнукі пайшлі – карані надзейна замацаваліся на Смаргоншчыне. Работа была знаёмая і любімая. Яшчэ да пераезду скончыла Магілёўскае культпрасветвучылішча. Таму Лешчаняцкі клуб узначаліла ахвотна і з энтузіязмам.

Ірына Найдзіч, насупраць, свая, мясцовая. Нарадзілася ў вёсцы Пагарэльшчына, як выйшла замуж, пераехала ў Круні. Працаваць у клуб прыйшла на пару гадоў пазней за Наталлю Траццяк. І адразу знайшла сяброўку і аднадумцу.

Сельскі клуб – гэта асаблівае месца. Здаецца, тут час застыў, а душа нібы вяртаецца ў дзяцінства: уручную маляваныя афішы, сваімі рукамі зробленыя касцюмы, дэкарацыі, святочнае аздабленне. І гэта не ад беднасці ці недахопу фінансавання. Проста калі рукі залатыя, а фантазія не мае межаў, усё атрымліваецца прыгажэйшым і больш душэўным, чым на любым магазінным прылаўку.

У Лешчаняцкім клубе намаганнямі Наталлі Іванаўны і Ірыны Францаўны захаваліся многія даўнія традыцыі. Тут святкуюць Троіцу, Вялікдзень, Каляды, ладзяць канцэрты і дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі. І не проста вывешваюць афішу мерапрыемства, а тэлефануюць людзям, зарпрашаюць асабіста. Таму і не дзіўна, што ў галоўнай зале клуба бывае нават цеснавата. Асабліва ў Новы год. Усе вяскоўцы, нават тыя, хто даўно пераехаў у іншую мясцовасць, ведаюць: штогод 31 снежня ў 20.00 пачынаецца касцюміраваны баль. Касцюмы госці рыхтуюць за некалькі тыдняў, спаборнічаюць, у каго найлепшы атрымаецца. І галоўнае тут не прызы, а смех, песні, танцы, некалькі гадзін, калі былыя і цяперашнія суседзі, калегі, прыяцелі ўсіх узростаў адчуваюць сябе сям’ёй.

Асаблівы гонар Ірыны Найдзіч і ўсяго Лешчаняцкага клуба – ансамбль “Бліскавіца”. Жанчыны, якія любяць музыку, жывуць песняй, два разы на тыдзень (а перад выступленнямі і часцей) збіраюцца на рэпетыцыі. Яны жаданыя госці на самых розных мерапрыемствах не толькі ў сельсавеце і раёне. Іх гастрольнаму графіку многія зоркі могуць толькі пазайздросціць, асабліва ўлетку, калі выступленні ледзь не ў кожныя выхадныя.

Не толькі дарослыя імкнуцца праводзіць тут свой вольны час. Лешчаняцкі клуб выглядае, як астравок спакою. Мамы і бабулі, якія адпускаюць дзяцей на гульнявыя пляцоўкі, ведаюць што тут іх не толькі павесяляць, але навучаць адвечным каштоўнасцям: дабрыні, спагадзе, беражлівасці. А дзеці любяць бавіцца на пляцоўцы перад клубам, здзіўляюцца таму, колькі розных мерапрыемстваў для іх рыхтуюць. Тут квэсты, гульні, танцы, флэшмобы – так канікулы ў вёсцы становяцца доўгачаканымі і поўнымі ўражанняў.

Віялета ВОЙТКА.

Фота аўтара.


Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях  #Люди_Сморгонщины