Выпрабаваныя вайной

Общество
06.06.2014 10:00
1058
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Барыс Мікалаевіч СОСНА з праўнучкай і прадстаўнікі службаў раёна.
Напярэдадні 70-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у нашай краіне ўшаноўваюць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, грамадзян іншых катэгорый, якія ўнеслі значны ўклад у перамогу над лютым ворагам. Іх наведваюць, уручаюць віншавальныя паштоўкі, узнагароджваюць юбілейнымі медалямі, аказваюць...
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Барыс Мікалаевіч СОСНА з праўнучкай і  прадстаўнікі службаў раёна. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Барыс Мікалаевіч СОСНА з праўнучкай і прадстаўнікі службаў раёна.

Напярэдадні 70-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у нашай краіне ўшаноўваюць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, грамадзян іншых катэгорый, якія ўнеслі значны ўклад у перамогу над лютым ворагам. Іх наведваюць, уручаюць віншавальныя паштоўкі, узнагароджваюць юбілейнымі медалямі, аказваюць аднаразовую матэрыяльную дапамогу.


Такая работа выконваецца і ў нашым раёне. З 2 па 6 чэрвеня прадстаўнікі адпаведных дзяржаўных службаў пабываюць ва ўсіх сельсаветах, сустрэнуцца з ветэранамі. 67 чалавекам будзе выплачана аднаразовая матэрыяльная дапамога праз аддзяленне паштовай сувязі, 24 – залічана на банкаўскія пластыкавыя карткі.
На гэтым тыдні ваенны камісар райваенкамата Леанард Гружэўскі, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Святлана Норык, намеснік начальніка раённага вузла паштовай сувязі Аліцыя Гедройц, намеснік дырэктара “Цёплага дома” Людміла Маліноўская і старшыня Каранёўскага сельвыканкама Валянціна Падляшчук наведалі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія жывуць на тэрыторыі згаданага вышэй сельсавета.
Перад гэтым прыйшлося пабываць у тэрапеўтычным аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы. Тут знаходзіцца на лячэнні Уладзіслаў Антонавіч Хадановіч з Хвецавічаў. Яму неўзабаве споўніцца 90 гадоў. Да гэтага часу быў рухавым, нават сам варыў варэнне. Жыве адзін, ёсць дачка, унукі. У пасляваенны час працаваў трактарыстам у саўгасе “Смаргонскі”. Добразычлівы чалавек, адзначыла старшыня Каранёўскага сельвыканкама Валянціна Падляшчук. Гэту зіму Уладзіслаў Антонавіч прабыў у дачкі, якая жыве ў Смаргоні. Дарэчы, яе засталі ў палаце, дзе ляжыць хворы бацька.
Ваенны камісар Леанард Гружэўскі ўручыў Уладзіславу Хадановічу юбілейны медаль, намеснік начальніка раённага вузла паштовай сувязі Аліцыя Гедройц выдала аднаразовую матэрыяльную дапамогу. Ветэрану падзякавалі за мужнасць, стойкасць у барацьбе з ворагам і пажадалі хутчэйшага выздараўлення.
Барысу Мікалаевічу Сосну сёлета – 90 гадоў. Але ён выглядае значна маладзей і яшчэ даволі рухавы. Жыве ў вёсцы Святляны. Жыццё яго не песціла, з чатырох гадоў рос без бацькі. Сям’я была вялікая – дзесяць чалавек. Акрамя Барыса Мікалаевіча ваявалі і чатыры яго браты.
Ветэран узгадаў, як падраз-дзяленне, дзе ён служыў, з баямі рухалася праз Польшчу ў бок Германіі. “Ад Віслы да Одэра 500 кіламетраў пераадолелі за 8 дзён. Да Берліна было рукою падаць”. Барыс Мікалаевіч быў тройчы паранены. Пасля заканчэння вайны прадаўжаў служыць.
Вярнуўшыся дамоў, Барыс Сосна ўвесь час працаваў у калгасе будаўніком. Разам з жонкай выгадавалі трох дачок, маюць 5 унукаў і 8 праўнукаў. Барыса Мікалаевіча характарызуюць як адказнага работніка, добрага сем’яніна.
Да святочнага пінжака са шматлікімі ўзнагародамі, які апрануў ветэран, быў прымацаваны яшчэ адзін медаль. Сямейны бюджэт папоўніла даволі салідная грашовая сума. Барысу Мікалаевічу пажадалі здароўя. У адказ пачулі, што яшчэ сустрэнемся.
У вёсцы Карані завіталі да Рыпіны Сямёнаўны Жабінскай. Ці то ўбачыўшы ваенкома ў ваеннай форме, ці па іншай прычыне, але жанчына расчулілася, узгадала свайго брата, які загінуў на вайне. Яе гітлераўцы вывезлі ў Германію, змясцілі ў канцэнтрацыйны лагер. З няволі вязняў вызвалілі амерыканскія салдаты ў маі 1945 года.
Рыпіне Сямёнаўне амаль дзевяноста. Жыве з мужам. Яе таксама павіншавалі з 70-годдзем з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, уручылі прыгожую паштоўку, юбілейны медаль і грашовую дапамогу. А гваздзікі занялі сваё месца ў вазе, якая стаяла на стале.


Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений