Зборнік “Маміных песень” з нотамі выдаў Янка Трацяк

 

Зборнік “Маміных песень” з нотамі выдаў Янка Трацяк

Общество
15.08.2021
1454
“Спакон вякоў пяе народ, і песні б’юць жывой крыніцай…”. Калі адчуваецца сугучнасць музыкі, слова і кахання, то ў выніку нараджаецца цудоўная песня, матыў і мелодыя якой льюцца недзе з глыбіні душы, як ціхая плынь малой рачулкі, спрытна лавіруе паміж прыбярэжнымі хмызнякамі.

Янка Трацяк книга.png

Адразу прызнаюся: мая цікавасць да беларускай народнай творчасці з гадамі толькі памнажаецца. І каб наталіць прагу, шукаю самыя розныя крыніцы. Нядаўна мне трапіла ў рукі ўнікальная кніга “Маміны песні”, якая пабачыла свет літаральна некалькі месяцаў таму. Цікава, што яе аўтар – кандыдат культуралогіі Янка Трацяк – наш зямляк. Цяпер ён жыве ў Гродне, а родам з Труханава (была гэта вёска паблізу Навасёлак, цяпер яе няма) Крэўскага сельсавета.

У кнігу ўвайшлі песні Станіславы Трацяк, якія Іван Іванавіч запісаў ад маці ў 2006 годзе. А нотныя запісы з голасу ажыццявіў Аляксандр Пашкоўскі, акампаніятар народнага ансамбля народнай песні “Жывіца” (з Ашмянскага раёна).

Станіслава Антонаўна выхоўвалася ў сям’і, дзе спявалі ўсе дзеці: чатыры сястры і пяць братоў. У маладосці яны стварылі свой хор, які ў ваколіцы ніхто не мог пера спяваць. Не мелі спецыяльнай адукацыі, а спявалі ў некалькі галасоў.

Любоў да песні дзецям перадалася па мацярынскай лініі. Добра спявала яе бабуля, сёстры і браты цёткі і дзядзькі. “Згадваецца не адзін момант, калі маці прасіла сваю маці альбо яе родную сястру праспяваць тую ці іншую песню, каб запомніць маці не запісвала песні, бо была малапісьменнай. Мамін бацька таксама меў добры голас і ў гасцях гучна яго праяўляў, але песнямі асабліва не захапляўся. І не таму, што не хацеў, а таму, што часу на іх не было за гаспадаркай”, успамінае Янка Трацяк.

У 1960-х гадах, калі беларуская фалькларыстыка толькі адраджалася, вядомы беларускі фалькларыст, доктар філалагічных навук Арсень Ліс (родам са Смаргоншчыны, з Вётхава) пазнаёміўся са Станіславай Антонаўнай і запісаў ад яе шэраг песень. “Арсень Сяргеевіч адкрыў мне вочы на разнастайны і ўнікальны склад песень, якія былі ў маміным рэпертуары, прызнаецца аўтар кнігі. – Я тады паабяцаў яму, што пастараюся запісаць гэтыя песні. Але зрабіць магнітафонны запіс – гэта толькі частка працы…”.

Аказалася, Станіслава трымала ў памяці каля 150 песень. У кнігу “Матуліны песні” ўвайшлі тэксты валачобных, вясельных, жартоўных, жніўных і лірычных песень, а таксама песні літаратурнага паходжання (беларускія, рускія) і “жорстскія” рамансы, а таксама песні на польскай мове.

“Рэпертуар Станіславы Антонаўны (у гэтым можна пераканацца ўжо са зместу) даволі разнастайны і багаты, калі не сказаць пярэсты, напісаў у прадмове да кнігі навуковы супрацоўнік аддзела фалькларыстыкі і культуры Нацыянальнай акадэміі навук Юрась Пацюпа. Ён цікавы як тыповы ўзор таго вялікага злому, які перажыў фальклор з канца XIX стагоддзя да нашага часу, калі за сціслы тэрмін супольнасць беларусаў ад суцэльнай непісьменнасці перайшла да абавязковай сярэдняй адукацыі, пры гэтым з’явілася прэса і іншыя масавыя камунікацыі аж да інтэрнэту… Збор песень Станіславы Антонаўны каштоўны менавіта рэпрэзентацыйнасцю і тым самым аб’ектыўнасцю, бо далёка не кожны выканаўца можа помніць аўтара соцень песень”.

Хочацца заўважыць, што прыемны бонус кнігі – нотныя запісы да песень, таму можна ўпэўнена сцвярджаць: гэта выданне стане цудоўным падручнікам для музыкаў, якія спасцігаюць цудоўны свет беларускага народнага мастацтва.

Галіна АНТОНАВА.

Статьи по теме: