Таямніца бетонных глыбаў

 

Таямніца бетонных глыбаў

Общество
29.08.2020
1739
Першая сусветная вайна, якая пракацілася вогненным смерчам па тэрыторыі Смаргоншчыны краю, захавала да нашых дзён шматлікія напаміны пра сябе. Змрочныя бетонныя збудаванні, насыпы чыгуначных дарог, глыбокія шнары траншэяў, пагоркі брацкіх і адзіночных магіл нагадваюць сёння пра тыя жахлівыя часы. Сустракаюцца сярод іх і загадкавыя аб’екты, прызначэнне якіх адразу цяжка вызначыць. Адзін з такіх помнікаў той далёкай вайны на смаргонскай зямлі знаходзіцца каля Казянятаў, і пра яго пойдзе гаворка.

Аэрастаты_2.jpg

Аэрастат з фотаальбома генерала Уладзіміра ДЖУНКОЎСКАГА.


Восенню 2019 года вядомы мясцовы краязнаўца і падарожнік Алег Мізула пазнаёміў мяне з таямнічым аб’ектам на левым беразе “Козега рова”, дзе да нашага часу захаваліся два магутныя бетонныя цыліндры, большая частка якіх - пад зямлёй. Адразу цяжка было вызначыць, з якой нагоды яны паўсталі ў гэтым месцы, якое іх прызначэнне. Але па некаторых прыкметах стала зразумела, што адносяцца памяткі да часоў Першай сусветнай вайны.

Звярнуўшыся па дапамогу да сяброў, якія займаюцца ваеннай тэматыкай, у хуткім часе я атрымаў адказ з Пастаўшчыны. Мясцовыя знаўцы далёкай вайны выказалі меркаванне, што гэтыя бетонныя часткі з’ўляліся месцам швартоўкі прывязнога нямецкага аэрастата. У пацверджанне сваёй думкі яны даслалі фотаздымкі амаль аналагічных і аднолькавых па памерах бетонных цыліндраў з месца стацыянарнага базіравання аэрастата ў іх рэгіёне.

Сустракаецца назва Казянятаў у пераліку станцый нямецкіх аэрастатаў на нашым участку фронту, што таксама пацвярджае выказаную здагадку. Між іншым, на Смаргоншчыне паветраныя станцыі праціўніка знаходзіліся ў Пастарынях, Працутах, Мартышках (сучасныя Бярозы), Лычніках, Стымонях, Аславянятах, Панары і ў наваколлях Крэва.

Неабходна заўважыць, што паралельна вісела ў паветры падобная гірлянда аэрастатаў і з боку рускай імператарскай арміі. Па звестках людзей, у 1916 годзе, назіралі за нямецкімі пазіцыямі змейкавыя аэрастаты, якія размяшчаліся каля вёсак Лемяшы, Ардзяя, станцыі Залессе,  фальварка Копанае Балота і вёскі Карачоўшчына.

Прывязныя аэрастаты, трапна празваныя французамі “сасіс”, а нашымі салдатамі –“каўбасамі”, выкарыстоўваліся для назірання за праціўнікам. Бесперапыннае і пільнае сачэнне за размяшчэннем ворага на невялікіх участках разведкі дазваляла паветраным назіральнікам дасканала вывучаць свой раён, ведаць яго дэталі і ўвесь час трымаць
пад кантролем. Ад “паветранага вока”, як немцы празвалі аэрастаты, немагчыма было нідзе схавацца, таму што з вышыні ў тысячу метраў у бінокль заўважаўся рух абозаў на адлегласці да 15-20 вёрст. Ствараў аэрастат і вялікую перавагу пры карэкціроўцы артылерыйскага агню. Назіральнік-артылерыст, які знаходзіўся ў кошыку аэрастата, меў магчымасць
непасрэдна звязацца па тэлефоне з той батарэяй, з якой вялася стральба, і сур’ёзна дапамагаў сваім таварышам па службе.

Аэрастаты_1.jpg

Нямецкі аэрастат пад Суцькавам. 1916 год.


Што адчуваў ваенны службоўца, калі знахо­дзіўся на паветранай “назіральнай вышцы” каля Аславянят, можна зразумець, пазнаёміўшыся з гістарычнай інфармацыяй пра  нямецкі 251 рэзервовы пяхотны полк, якой падзяліўся сталічны даследчык Уладзімір Багданаў. З кошыка аэрастата летам 1917 года ў добрае надвор’е можна было ўбачыць не толькі водную паверхню возера Нарач, але разглядзець сілуэты Вілейкі, Мінска, Вільні. На поўнач і на поўдзень ад аславяняцкай станцыі назірання на розных высотах цягнуўся шэраг нямецкіх аэрастатаў, з якімі можна было ў любы момант звязацца па тэлефоне.  Такі ланцуг “дывізіённых каўбас” пралёг па тылавых пазіцыях і з боку рускай арміі. З вышыні назіральнік мог бачыць заняткі
войск на пазіцыях і ў тыле, заўважаць пераходы салдат па мастах праз Вілію, а па ўспышках гармат і гуках стрэлу вызначаць артылерыйскія пазіцыі.

На працягу ліпеньскіх баёў 1917 года нямецкі назіральнік праводзіў наверсе 19 поўных гадзін без перапынку, з іх большую частку – ноччу. Адзначыў аўтар успамінаў і той факт, што калі праводзіць на вышыні некалькі гадзін, нягледзячы на спякотнае надвор’е, моцна мерзлі ногі. Пры спуску нарастаючы атмасферны ціск прыводзіў да лёгкай тугавухасці, а цяпло на зямлі ўспрымалася як трапічнае і непрыемнае.

З дзейнасцю прывязных аэрастатаў у нашым краі звязана некалькі неардынарных падзей, вынікі якіх мы можам толькі сёння, праз стагоддзе, асэнсаваць і ацаніць. Першая з іх адбылася 6 лютага 1916 года. У гэты дзень для праверкі становішча на пазіцыях паміж Смаргонню і Крэвам на перадавую накіравалася камандаванне нямецкай арміі на Усходнім фронце. У склад інспекцыі ўваходзілі камандуючы 10 арміяй генерал Герман фон Эйхгорн, начальнік штаба арміі падпалкоўнік Эміль Хелл, камандзір рэзервовага корпуса Карл Літцман, начальнік штаба корпуса Рудольф Менгельбір, камандзір 261 пяхотнага палка маёр Вільгельм фон Гоернье і іншыя афіцэры. Сярод высокапастаўленых асоб – прынц Оскар Прускі, пяты сын імператара Вільгельма, што надавала інспекцыі асаблівую ўвагу і значнасць. Дэлегацыя накіравалася да вышыні на паўночнай ускраіне вёскі Суцькава, з якога адкрываўся шырокі від на рускія пазіцыі. Прыезд дэлегацыі быў заўважаны назіральнікамі рускага аэрастата, і артылерыйскія батарэі адкрылі моцны агонь па вышыні. У выніку артылерыйскага абстрэлу загінуў падпалкоўнік Менгельбір, паранены падпалкоўнік Хелл, маёр Гоернье. Атрымаў лёгкае раненне шрапнеллю ў галаву і верхнюю частку сцягна прынц Оскар Прускі, пра што 8 лютага 1916 года паведаміў “Нью-Йорк Таймс”, праўда без згадкі, дзе адбылася падзея. Пакуль застаецца невядомым, ці былі адзначаны рускія паветраныя назіральнікі (ці назіральнік), якія перадалі каштоўныя звесткі артылерыстам.

Другая гісторыя звязана з паспяховай атакай на нямецкі аэрастат ваеннага лётчыка Грэнадзёрскага корпуснага авіяцыйнага атрада Аляксандра Кваснікава. Згодна з загадам  па 10 арміі, у сувязі з узнагароджаннем лётчыка Георгіеўскім крыжам 4 ступені адзначана, што ён “1 чэрвеня 1917 года каля вёскі Панары на знішчальніку “Ньюпар”, нягледзячы на магутны артылерыйскі і кулямётны агонь праціўніка, знізіўся на 900 метраў, смела атакаваў непрыяцельскі змейкавы аэрастат і спаліў яго запальнымі ракетамі “Ле Прыёр”. Аляксандр Кваснікаў быў першым рускім авіятарам, які з дапамогай ракет знішчыў аэрастат на руска-нямецкім фронце.

Сёння мы можам узнавіць і канчатковую дату выкарыстання аэрастатаў на смаргонскай зямлі, у тым ліку і на паветранай станцыі ў Казянятах. Іх пад’ём спыніўся па ўмове 4 пункта, падпісанага ў Солах “Дагавора аб перамір’і”. Дагавор набываў сілу з 12 гадзін 23.11(6.12) 1917 года на ўсім Заходнім фронце ад мястэчка Відзы да ракі Прыпяць, гэта значыць, у межах сучаснай Беларусі.

Уладзімір ПРЫХАЧ.

Статьи по теме: