Дзед Карней

Общество
12.05.2020

Смаргонскі майстар Іван Карней жыў на вуліцы Леніна. Яго акуратны дом літаральна патанаў у зеляніне. За густымі вялікімі кустамі бэзу з розным адценнем квецені нават не было відаць плоту. Утваралася дадатковая жывая агароджа. Каля хаты – прысядзібны ўчастак. Іван Міхайлавіч быў выбітным садаводам. Меў вялізны яблыневы сад, у якім раслі яблыні розных гатункаў. Усе дрэўцы дагледжаныя. Яблыкі сабраныя.

“Ровар”- кармілец

“Гаспадар ён быў што трэба, - кажа Ганна Карней, сваячка майстра. – Надзвычай рукасты. Сур’ёзны, спакойны, нешматслоўны: калі гаворыць, то па справе. І з ім, калі здаралася гутарыць, то словы трэба было падбіраць. Не любіў плётак, пустых размоў, не піў і не курыў. За ім баба Маня сапраўды была, як кажуць, “за мужам”.

“Надзвычай разумны. Я ўпэўнена: каб яму далі магчымасць вучыцца, прафесарам стаў бы ”, - дадае штрыхоў да партэта Івана Карнея яго суседка Ларыса Мех.

Нарадзіўся Іван Карней у 1907 годзе. Да Вялікай Айчыннай вайны працаваў кавалём. Саматужна вырабляў плугі, бароны, палазы для саней, падковы… А пасля надумаўся змайстраваць агрэгат для заточвання гаспадарчага інвентару (сякер, косаў, рыдлёвак, нажніц, нажоў) і для расточвання пілаў.

Раней як было? Тачыльшчык нёс свой станок на плячах і крычаў: вастру нажніцы, нажы… А Іван Карней падумаў: “Навошта цягаць цяжкі станок на плячах? Буду ездзіць!” Зрабіў трохколавы цуд-веласіпед.

IMG_0755.JPG

“Ровар”-вастрыльня.


Спераду – невялікае кола. Ззаду – два нашмат большыя. Праз прывад злучыў правае задняе кола з валам, які прыводзіў у рух тачыльны дыск (камень), прымацаваны каля руля. Змайстраваў раму – ножкі пры спыненні прыпадымалі заднія колы, якія пачыналі свабодна круціцца ў паветры. Ціснеш на педалі – дыск круціцца, як ад матора. Так падчас работы веласіпед з паходнага пераводзіўся ў стацыянарны стан.

Свой агрэгат майстар называў “рабочым веласіпедам”. Едзіў на ім па горадзе і навакольных вёсках, дзе трэба, спыняўся і працаваў. І на рынку часта заказы выконваў. Каля тачыльшчыка збіраўся натоўп людзей. Не толькі, каб штосьці павастрыць, але і каб паглядзець на вынаходку мясцовага Кулібіна. Праўда, за прагляд майстар грошы не браў. Толькі за работу. Добра з дапамогай такога агрэгата зарабляў. Бывала, яшчэ пры Польшчы, за адзін кірмаш дваццаць злотых меў. За іх можна было дзесяць пудоў жыта купіць. Але трэба было плаціць падаткі, таму атрымлівалася менш.

Падчас нямецкай акупацыі Іван Карней працаваў на Смаргонскім лесазаводзе: ваенкамат наклаў бронь на спецыялістаў, якія неабходны былі на аднаўленні прадпрыемства. Адтуль і пайшоў на заслужаны адпачынак.

У вайну “рабочы веласіпед” знаходзіўся пад павеццю, часам гаспадар выцягваў яго на двор. Немцы, якія заходзілі да майстра, заўсёды аглядалі агрэгат, хвалілі: “Гут, спецыяліст!” У час налёту нямецкай авіяцыі ў Карнеяў згарэла хата. Пакуль адбудоўваў дом, Іван Мікалаевіч з сям’ёй жыў у пляменніц Івана Сініцкага, вядомага мемуарыста, падарожніка, рэвалюцыянера. “Гэта была нейкая радня Карнею, а хутчэй за ўсё – яго жонцы Марыі, бо яна – з заможнай сям’і, з паненак”, - узгадала сваячка Ганна Карней. Пасля вайны тачыльшчык зноў пачаў карыстацца сваім “роварам”. Але на кірмаш не выязджаў – падаткі былі высокія.

У 1990 годзе майстар скарыстаў апошнюю магчымасць зарабіць на “рабочым веласіпедзе”: прадаў яго смаргонскаму гісторыка-краязнаўчаму музею за 300 тагачасных савецкіх рублёў. У музейных дакументах пазначана пра пакупку: “Веласіпед сабраны ў 1935 годзе з двух веласіпедаў і спецыяльнага прыстасавання для стацыянарнай устаноўкі, дзе змяшчаліся тачыльныя кругі”.

Скрыпічныхспраў майстар

IMG_0772.JPG

Дудачка майстра.


У якасці бонуса падараваў у музей самаробную дудачку. І гэта не ўсе экспанаты ад Івана Карнея. Дзве самаробныя скрыпкі… Аказваецца, смаргонскі Кулібін рабіў яшчэ і музычныя інструменты.

скрыпка.jpg

Іван КАНЕЙ і яго скрыпкі. Пачатак 90-х гадоў ХХ стагоддзя.


У архівах музея знаходжу матэрыял “Скрыпкі дзеда Карнея”, які быў змешчаны ў газеце “Светлы шлях” у кастрычніку 1989 года, дзе майстар расказвае карэспандэнту Валянціну Барысевічу пра свае скрыпкі:

“Даўно гэта было. У 1931 годзе ў артылерыі служыў. Стаялі мы ў горадзе Сувалкі. Трапіў мне неяк пад рукі ходкі кавалак драўніны. Дай, думаю, зраблю скрыпку. Доўга важдаўся, пакуль давёў яе да ладу. Інструмент атрымаўся. Там, дзесьці ў ваенным аркестры, і засталася мая першая скрыпка”.

“Лепей за ўсё скарыстоўваць клён і елку, - прадаўжае аповед Іван Мікалаевіч. – Пры выбары матэрыялу варта звярнуць увагу на слаенне драўніны. Яліна, напрыклад, тым лепшая, чым больш ёй гадоў і драбнейшы слой. Астатняе – справа рук.

Аднак далёка не так проста вырабіць скыпку. Тут важна ведаць не толькі, дзе і які матэрыял лепей скарыстаць, каб надаць адпаведнае гучанне, але і тэхналогію сушкі драўніны.

Карней зняў з цвіка скрыпку, крануў смычком струны.

- Адчуваеце, як гучыць?

- Так, - адказаў я.

- Дык вось, - прадоўжыў Іван Мікалаевіч, - у гэтай скрыпцы верх яловы, а ўсё астатняе зроблена з клёну.

- А смычкі да інструмента таксама робіце самі? – цікаўлюся ў майстра.

- Так. Сам. Тут асаблівай мудрасці няма. Галоўнае – конскага воласу раздабыць”.

«З якой любоўю, далікатнасцю Іван Мікалаевіч шліфуе кожную дэталь, як скрупулёзна падбірае пароды драўніны… - піша Валянцін Барысевіч. - Невыпадкова да “дзеда Карнея”, як яго з павагай называюць многія вядомыя музыканты, едуць, каб зрабіць заказ, з розных куткоў Беларусі”.

IMG_0768.JPG

Галоўны захавальнік фондаў Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея Павел КАРТАВІК са скрыпкай Івана КАРНЕЯ.


“Тэхналогія вырабу імітуе выраб ХІХ стагоддзя”, - пазначана ў музейнай анатацыі. Менавіта таму музыкі і цікавіліся такім інструментам. Не фабрычным, зробленым па ўсіх акадэмічных канонах, а тым, які рабіўся найперш душой і… залатымі рукамі майстра.

скрыпка 2.jpg

Іван КАНЕЙ і яго скрыпкі. Пачатак 90-х гадоў ХХ стагоддзя.


Этнограф, музыка, заснавальнік фальклорнага гурта “Ліцвіны” Уладзімір Бярбераў з Мінска ў 1989 годзе купіў у смаргонскага майстра скрыпку, якая і дагэтуль грае ў калектыве. “Іван Карней быў носьбітам старой традыцыі вырабу скрыпак. Ён паходзіў з дынастыі скрыпічных майстроў: яго бацька і дзед таксама рабілі гэтыя музычныя інструменты. Яны былі цікавага гучання – вясковага, вельмі спецыфічнага, прарэзлівага. Без перабольшання скажу: скрыпкі вясковых майстроў павінны гучаць, як скрыпка Карнея.

Увогуле Іван Мікалаевіч быў чалавекам незвычайным, вынаходлівым, з добрай канструктарскай думкай. Нестандартнай, крэатыўнай, як цяпер кажуць. Мяне здзівіла “машына”, з дапамогай якой Іван Мікалаевіч араў свой агарод. У канцы будучай баразны ён ставіў матор, запускаў яго – і ў рух прыходзіў механізм, які цягнуў трос з плугам. Я бачыў яго самаходны “ровар”-вастрыльню, які ён зрабіў у 30-я гады мінулага стагоддзя. Па маёй просьбе ён прадубліраваў свой агрэгат - і яго купілі для музея-запаведніка “Заслаўе”. Скрыпка Івана Карнея там таксама захоўваецца”.

Вальтэр, французскі філосаф-асветнік 18 стагоддзя , сцвярджаў: “Праца вызваляе нас ад трох вялікіх заганаў – ад нуды, хібаў і нястачы”. “А яе вынік – пакідае пра сябе цудоўную памяць”, – так і хочацца прадоўжыць думку вядомага француза, гледзячы на рукатворныя работы смаргонскага майстра.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара і з архіва Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений