Жыццёвы кінафільм працягласцю ў 90 гадоў

 

Жыццёвы кінафільм працягласцю ў 90 гадоў

Общество
21.03.2020
1318
Прафесар эвалюцыйнай біялогіі з Каліфарнійскага ўніверсітэта Майкл Роўз сцвярджае: дажыўшы да 90 гадоў, арганізм больш не будзе старэць. Здароўе чалавека, вядома, не палепшыцца, але і горшым не стане. Гэта азначае, што арганізм больш не сутыкаецца з новымі хваробамі, акрамя тых, якія ўжо назапасіліся да дзевяноста гадоў.

Праўда, каб пражыць так доўга і праверыць, ці працуе тэорыя Роўза, прыйдзецца добра пастарацца. Мая гераіня Ядвіга Дзевяцень (на фото) ужо пастаралася. 22 сакавіка яна адзначыць 90-годдзе. За такое доўгае жыццё шмат давялося перажыць. І радасных момантаў, і бедаў.

IMG_9272.JPG

У памяці Ядвігі Іванаўны – цяжкія гады дзяцінства. Шматдзетная сям’я жыла надгаладзь. Маці далівала вады ў малако, каб даць кожнаму дзіцяці па кубку. З цацак Ядзя мела адзіную ляльку, дакладней, кавалак анучы, скручаны валікам і абвернуты ў хустку. Але і гэта не самыя страшныя ўспаміны дзяцінства. Вайна.

Чэрвень 1943 года. Калі яе родная вёска Целякі гарэла. “Спачатку немцы прымусілі ўсю  скаціну з Целякоў у гарнізон сагнаць. А потым нас, як скаціну, гналі ў хлеў, каб спаліць. Хаты тым часам ужо гарэлі. Але раптам партызаны з’явіліся, кінулі некалькі гранат. Перастрэлка пачалася. Ад нечаканасці – паніка, людзі сталі разбягацца, хавацца за вёскай у бульбу (бульбоўнік ужо вялікі быў).

Практычна ўсе хаты згарэлі: вельмі густа стаялі. Агонь скакаў з адной саламянай страхі на другую. Згарэла і наша хата, толькі гумно засталося… Нейкі час мы жылі ў знаёмых у Абрамаўшчыне. Іх саміх было восем і нас шэсць. Паслалі салому ў хаце - і спалі ўсе разам”.

Пажылі мы так некалькі месяцаў, вярнуліся і сталі хату будаваць”. Замуж Ядвіга Іванаўна выйшла за свайго аднавяскоўца.

- А я ж свайго будучага мужа на вайну праводзіла…

- Колькі ж Вам тады было гадоў?

- Трынаццаць… Мой старэйшы брат сябраваў з ім. Памятаю, прыйшоў Браніслаў да брата развітацца і мне руку падаў. Я - яму ў адказ. Убачыліся мы пасля гэтага толькі ў 1947 годзе. Бронька служыў у польскай арміі. Быў моцна паранены. Куля прайшла праз язык і ніжнюю сківіцу. І другое раненне меў - палец на руцэ быў пашкоджаны. Доўга ў шпіталі ляжаў...

- Як вярнуўся дадому, Вас, напэўна, не пазнаў?

- Сапраўды. Падрасла дзеўка (Ядвіга Іванаўна ўсміхаецца). Агледзеў “маладушку”. А тут яшчэ яго маці пахваліла: файная, усё рабіць умее. І я на яго па-іншаму паглядзела. Ён мяне на танцы паклікаў. З таго часу і пачалося каханне. У 1949 годзе мы павянчаліся ў Войстамскім касцёле.

У альбоме Ядвігі Іванаўны ёсць вясельнае фота, якое мяне здзівіла тым, што пасля вайны вялікія вяселлі спраўлялі. Маладыя пачалі новы дом будаваць у Целяках. Муж у калгаснай будаўнічай брыгадзе працаваў. Ядвіга Іванаўна і паляводам была, і даяркай, і па дсобнай рабочай на будаўніцтве.

Пазней Дзевятні дапамаглі сыну пабудаваць хату ў Смаргоні. Калі сталі пенсіянерамі, пераехалі ў горад. Пасяліліся ў кватэры на вуліцы Савецкай. Нарэшце, адчулі палёгку без фізічнай працы.

Пахавала Ядвіга Іванаўна свайго чалавека чатыры гады таму. Разам з Браніславам Пятровічам пражылі 66 гадоў.

“Яны адзін аднаго вельмі гарманічна дапаўнялі, - кажа нявестка Галіна. - Свёкар быў больш спакойны, а Ядвіга Іванаўна – хуткая, вельмі рухавая. Паважлівыя адносіны былі ў сям’і. Узор для іншых”.

“Мы жылі з Богам. Як ён вучыў, так і рабілі”, - важнае, на мой погляд, удакладненне прагучала з вуснаў маёй гераіні. Цяпер Ядвіга Іванаўна жыве адна. Нягледзячы на сталы ўзрост, выглядае цудоўна. З хатнімі справамі сама спраўляецца. Ходзіць у касцёл. Вяжа шкарпэткі. Любіць чытаць. Польскія і беларускія газеты і часопісы. Па-польску чытаць яшчэ да вайны навучылася, адзін клас польскай школы скончыла. Па-беларуску – калі сын у школу пайшоў, разам буквар асвойвалі.

“А вось па-руску – не атрымліваецца, - прызнаецца мая суразмоўца. – Калі што пісаць даводзіцца, то і “польскімі” літарамі пішу, і “беларускімі”. Раней жанчына ў касцельным хоры спявала. Цяпер – толькі па нябожчыках, калі папросяць. І моліцца шмат. За мужа памерлага. За сына і нявестку. За двух унукаў і іх сем’і. Ужо і праўнучка замуж выйшла. Глядзіш, хутка Ядвізе Іванаўне і прапраўнука падорыць…

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.