На “Халесе” з самага пачатку

Общество
15.03.2020 10:00
670
У сераду да дырэктара таварыства з абмежаванай адказнасцю “Халес” работнікі прадпрыемства, а таксама госці прыйшлі з кветкамі і падарункамі, каб павіншаваць Уладзіміра Гарбачыка з прыгожым днём, светлым жыццёвым юбілеем. Кіраўніку пажадалі здароўя, шчасця, дабрабыту і прадстаўнікі пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі.

Да калегаў далучыўся старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Віталь Івашка.

IMG_0012.JPG

Уладзімір ГАРБАЧЫК з падарункам, які ўручыў яму Віталь ІВАШКА


Уладзімір Гарбачык родам з Бераставіцкага раёна. Ён адзначыў, што ў Смаргонь трапіў выпадкова. У далёкім 1982 годзе яго жонку, якая закончыла навучальную ўстанову, накіравалі на працу на завод аптычнага станкабудавання. Уладзімір Васільевіч тады ўладкаваўся на ліцейна-механічны завод, дзе адпрацаваў амаль 9 гадоў, унёс пэўны ўклад ва ўкараненне на гэтым прадпрыемстве мастацкага ліцця. Але спачатку прайшоў стажыроўку на заводзе імя Гастэлы ў Мінску, дзе адліваюць медалі, ордэны, бюсты і статуі.

Потым Уладзіміра Гарбачыка запрасілі на працу ў Залессе, дзе адкрылася дрэваапрацоўчае прадпрыемства. На першым часе працаваў станочнікам, потым – начальнікам вытворчасці. Праз 7 гадоў Уладзіміру Васільевічу паступіла прапанова ад заснавальніка прыватнага дрэваапрацоўчага прадпрыемства “Халес”. Ужо споўнілася 20 гадоў з таго часу, як тут працуе Уладзімір Гарбачык. Ён добра памятае, як калісьці выбіралі ўчастак для прадпрыемства. Прапаноў было некалькі: тэрыторыя былой вайсковай часці, што знаходзілася каля Солаў, пляцоўка ў горадзе, недалёка ад камбікормавага завода і будынак былой міжрайбазы. Выбралі апошні аб’ект. Спачатку арэндавалі, а потым выкупілі яго.

IMG_0023.JPG

Глобус ад працоўнага калектыву


Наступны крок – закупка тэхналагічнага абсталявання. Уладзімір Гарбачык і цяпер з удзячнасцю ўзгадвае італьянскую фірму, якая прадаставіла станкі ў крэдыт. Як адзначыў дырэктар “Халеса” Уладзімір Гарбачык, у лепшыя часы гэта дрэваапрацоўчае прадпрыемства пастаўляла дзверы ў Італію, Іспанію, Азербайджан, Малдову, Румынію, краіны Прыбалтыкі. Амаль на ўсёй тэрыторыі Расіі куплялі вырабы “Халеса”. Добрым попытам яны карысталіся ва Украіне.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений