Ваяваў з немцамі, ачышчаў зямлю ад бандытаў

 

Ваяваў з немцамі, ачышчаў зямлю ад бандытаў

Общество
22.02.2020
1029
У Смаргоні, у гарадскім парку, знаходзіцца магіла чэкіста Аляксандра Іванова. Ёсць вуліца і піянерская дружына ў гімназіі, якія носяць яго імя. А яшчэ ў музеі гэтай навучальнай установы ёсць стэнд, прысвечаны супрацоўніку КДБ, за шклом на палічках захоўваюцца яго асабістыя рэчы, альбомы з фотаздымкамі, выразкамі з газет пра гэтага чэкіста.

Кіраўнік музея Таццяна Рогач узгадала, як школьніцай праводзіла экскурсіі, іншыя мерапрыемствы, прысвечаныя Аляксандру Іванову. Ініцыятарам усёй дзейнасці стала настаўніца замежнай мовы Юлія Шэміс. Яна пры падтрымцы класа, дзе была кіраўніком, узняла пытанне аб тым, што неабходна ўстанавіць новы помнік Аляксандру Іванову. І ён з’явіўся на магіле ў парку.

Далучыўся да народных мсціўцаў

Саша Іваноў нарадзіўся ў вёсцы Паруб’е Расонскага раёна. Потым сям’я некалькі гадоў жыла ў Полацку. Хлопчык вучыўся ў 13 чыгуначнай школе. 9 класаў закончыў у Гродне, куды пераехала сям’я. Але неўзабаве пачалася Вялікая Айчынная вайна, і Івановы вырашылі вярнуцца на Віцебшчыну.

У Паруб’і пакуль было спакойна, хаця за кіламетр ад вёскі знаходзіўся нямецкі гарнізон, таму можна было чакаць самага горшага. І гэта разумелі мясцовыя жыхары. А тут неўзабаве ў ваколіцы з’явіліся два афіцэры Чырвонай Арміі. Па іх просьбе моладзь пачала збіраць зброю.

Саша Іваноў рашыў, што пара дзейнічаць, змагацца з ворагам. Але спачатку трэба было сустрэцца з двума чырвонаармей цамі, якія знаходзіліся недзе непадалёку ад вёскі.

Калі пачало цямнець, юнак пайшоў палявой дарогай, трапіў пад дождж. Трэба было схавацца. У святле бліскавіцы ўбачыў гумно. Крыху пастаяў пад страхой, а потым адчыніў вароты, зайшоў унутр будыніны і пачаў выкручваць мокрую кашулю. Раптам пачуў голас: “Што, не ведаеш загаду каменданта… Зброя ёсць?” - “Няма”, - адказаў хлопец і кінуўся наўцёкі. Але нехта падставіў падножку, і ён упаў. Зверху наваліліся, намацалі пісталет.

Невядомымі аказаліся байцы спецыяльнай групы “Баявы”, якая была створана з работнікаў наркамата дзяржаўнай бяспекі. Яны хутка ўстанавілі, што ніякі гэта не лазутчык, а свой хлопец. Так Аляксандр трапіў у атрад, які пакрысе пачаў ператварацца ў партызанскі. Неўзабаве тут апынулася яго старэйшая сястра Жэня, а потым і маці з малодшым братам, бацьку фашысты забілі за сувязь з партызанамі. Вёска Паруб’е стала партызанскай, бо сюды часта наведваліся народныя мсціўцы. Сяляне дапамагалі ім, чым маглі, прапаноўвалі памыцца ў лазні. Карнікаў не прыйшлося доўга чакаць. Яны наляцелі на вёску, з’явіліся першыя ахвяры – дарослыя, дзеці. Ворагі арыштавалі ўсіх мужчын і потым іх расстралялі.

Праз некалькі дзён гітлераўцы зноў з’явіліся ў Паруб’і, людзей сагналі ў гурт, паставілі кулямёт, а самі з паліцаямі пачалі шнырыць па хатах і хлявах. Калі нарабавалі дабра, падпалілі крайнюю хату. Жанчынам удалося яе патушыць. Убачыўшы гэта, карнікі вярнуліся, сабралі дарослых і дзяцей і павезлі іх, як потым аказалася, на пагібель.

Аляксандр Іваноў яшчэ з адным партызанам прыйшоў у родную вёску. Яна жудасна пустэльна выглядала пасля налёту карнікаў. Унутры народных мсціўцаў кіпела злосць, прага помсты за знішчаных людзей.

Помсціў за гібель аднавяскоўцаў

У кіраўніцтва атрада Аляксандр папрасіўся на баявое заданне. Спачатку з яго ўдзелам быў узарваны нямецкі эшалон з жывой сілай і тэхнікай на чыгунцы Дзвінск - Полацк, потым былі пушчаны пад адхон яшчэ некалькі варожых эшалонаў на іншых чыгуначных перагонах. Хадзіў Іваноў і ў разведку.

Трыццаць разоў, як сведчаць архіўныя запісы, выходзіў Аляксандр Іваноў на чыгунку і кожны раз дакладна выконваў баявое заданне. На грудзях народнага мсціўцы неўзабаве заззялі ордэн Чырвонай Зоркі і медаль “Партызану Вялікай Айчыннай вайны” 1 ступені. У 1944 годзе тэрыторыя Беларусі была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Войскі Савецкай Арміі рушылі далей на захад, пачалі расфарміроўвацца партызанскія атрады.

Вясной 1945 года Аляксандра Іванова накіравалі на курсы аператыўнага саставу ў школу КДБ, якая знаходзілася ў Магілёве. Пасля яе заканчэння ён быў размеркаваны ў Смаргонь. Тут месціўся атрад Камітэта дзяржаўнай бяспекі.

На працягу 1945-1951 гадоў на тэрыторыі Смаргонскага раёна дзейнічала некалькі ўзброеных бандаў, якія рабавалі мясцовае насельніцтва. Гэтыя незаконныя фарміраванні асталяваліся ў Войстамскім, Крэўскім, Сольскім, Жодзішкаўскім і іншых сельсаветах. Чэкісты выяўлялі месцазнаходжанне бандытаў і знішчалі іх.

Аляксандр Іваноў пачаў сачыць за бандай, якая з’явілася ў ваколіцах Войстама. Асцярожна дзейнічаць яму дапамагаў партызанскі вопыт. Пад покрывам ночы чэкіст мінуў голы пагорак і, арыентуючыся на кусты ядлоўцу, пакрочыў наперад. Наводшыбе вёскі, за ядлоўцам, Іванова павінен быў сустрэць мужчына і паведаміць, дзе дакладна знаходзіцца банда, колькі ў ёй чалавек і чым яны узброены.

Напярэдадні старшыня мясцовага сельсавета параіў Аляксандру Сцяпанавічу ўзяць з сабою некалькі супрацоўнікаў, але мужчына, з якім ён павінен быў сустрэцца, папрасіў абысціся без іх. Напэўна, баяўся лішніх людзей, бо ў яго сям’я, дзеці, яму тут жыць.

Адзін куст ядлоўцу, другі. Раптам супрацоўнік раённага аддзела КДБ адчуў нешта няладнае за спінаю, але азірнуцца не паспеў. Некалькі моцных удараў, і ён праваліўся ў бездань… Гэта быў жнівеньскі дзень 1950 года. Банду з 9 чалавек супрацоўнікі КДБ разграмілі. Яе кіраўніка і некалькіх найбольш актыўных бандытаў суд прыгаварыў да смяротнага пакарання.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.