Да 75-годдзя газеты "Светлы шлях": Ірына Бачкова

Общество
13.12.2019 12:40
570
Ірына Бачкова аддала рэдакцыі 30 гадоў свайго жыцця. Прыйшла сюды працаваць зусім маладой – у далёкім 1984 годзе. На яе памяці лінатыпы змяніліся тыпатайперамі, а затым і камп’ютарамі. Цяпер Ірына Эдуардаўна з гумарам успамінае, як асвойвала новую тэхніку, а тады даводзілася нялёгка.
nyrvWZlRTI8.jpg


“Гэта цяпер у кожнага журналіста пад рукой камп’ютар. А некалі да мяне чаргой выстройваліся, каб набрала тэкст”, - жартуе Ірына Бачкова. Тады з тэхнікі ў рэдакцыі былі лінатыпы. Наборшчыца набірала тэкст на клавіятуры, жалезныя пласціны з літарнымі сімваламі паступова складваліся ў радкі. “Надрукуеш радок – і праглядаеш, ці ёсць апячатка. Калі знаходзіш, пальцамі дастаеш лішнюю літару, мяняеш парадак, дадаеш ці адымаеш міжслоўныя інтэрвалы. Вельмі карпатлівая і цяжкая праца”, - успамінае яна. Каб надрукаваць нумар газеты, рабочых дзён не хапала, работнікі рэдакцыі заставаліся на начныя дзяжурствы. З прыходам тыпатайпераў усё змянілася. Можна было друкаваць не радкі, а нават цэлыя газетныя палосы. Ужо не трэба было сядзець начамі, можна было адмовіцца ад паслуг тыпаграфіі. Увесь тыраж, а гэта больш за 11 тысяч экзэмпляраў, друкавалі ў рэдакцыі. А потым прыйшлі камп’ютары. Дакладней, спачатку толькі адзін. Гэта было ў пачатку 2000-х. “Як я баялася што-небудзь зламаць! Сто разоў перачытала кніжку-дапаможнік, – успамінае Ірына Эдуардаўна. – Муж смяяўся: прачынаецца ён сярод ночы, а я над кніжкай сяджу. А раніцай ішла на работу – прымяняць веды на практыцы”.

“Я прыйшла ў газету, ледзь споўнілася 28 гадоў. Тады здавалася, пенсія ой як няхутка. А трыццаць гадоў праляцелі імгненнем. Ведаеш, не магу прайсці міма, заўсёды пазіраю на рэдакцыйныя вокны. Сумую па тым калектыве, які быў адной сям’ёй, па імклівых буднях, па рабочай мітусні. Для мяне, ды і для іншых калег, “Светлы шлях” стаў жыццём”, - дзеліцца Ірына Эдуардаўна. Яна распытвае пра кожнага, цікавіцца справамі і маладых, і сталых работнікаў, перадае кожнаму асабістае прывітанне, здзіўляецца новаўвядзенням. Прыемная такая ўвага, што ні кажы!

Віялета ВОЙТКА.

Фота з архіва І. БАЧКОВАЙ.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений