Брыльянты адносін шліфуюцца гадамі

 

Брыльянты адносін шліфуюцца гадамі

Общество
02.11.2019
1921
Больш за 100 гадоў стаіць у Нястанішках касцёл Маці Божай Добрай рады. Для жыхароў парафіі гэта не проста храм-будынак, а храм іх душаў і лёсаў, храм хрысціянскай дасканаласці, дзе яны, нібы з жыватворнай крыніцы, чэрпаюць гаючую ваду, бо нішто іншае так не здольна наталяць смагу сапраўднай веры і падмацоўваць кожнага, хто падносіць да вуснаў малітоўны келіх.

Зянон Лобач нарадзіўся ў Нястанішках. У другой палове 50-х, вярнуўшыся з войска, хлопец некалькі гадоў прыслугоўваў пры алтары. У касцёле быў штодня. У тыя часы Святыя Імшы тут адпраўляліся кожны дзень. Юнак паспяваў аддаць свой працадзень калгасу і знайсці ў гэтым дні месца для Бога.

Пройдзе ўсяго два гады, і ў нястанішскім касцёле арганныя гукі напоўняцца асаблівай узнёсласцю, а Зянон Лобач у той дзень будзе не стаяць з боку алтара, а павольна ісці да яго, ведучы пад руку сваю нарачоную.

IMG_4516.JPG

Перад маладымі кніга дарослага жыцця разгорне сваю першую старонку. Ці будуць яны шчаслівыя? Безумоўна! Бо нябачны аўтар іх сумеснага жыцця не стоміцца пісаць і праз 50, і праз 60 гадоў. Дык ці не Божая гэта справа? У гэтым годзе Зянон і Алена Лобач з Будзілак, што ў сямі кіламетрах ад Нястанішак, справілі сваё брыльянтавае вяселле. Усё іх сумеснае жыццё прайшло тут. Адразу пасля шлюбу маладыя сталі жыць з бацькамі Алены.

У Зянона быў старэйшы брат, і па тагачасных звычаях, бацькоўская хата павінна была застацца яму. А малодшы сын, як кажуць у народзе, вымушаны быў ісці ў прымакі. У Аленіных бацькоў сваіх сыноў не было. Зяця яны прынялі як роднага. Бацька адразу распарадзіўся: “Сям’я павялічылася, трэба перабудоўваць хату”. Зянон рашэнне цесця падтрымаў, і, здаецца, на вачах на месцы невялікага зрубу вырасла новая прасторная будыніна. А са старога зрубу склалі варыўню.

Зянон Браніслававіч расказвае, што гаспадаром у хаце заўсёды быў цесць. “Каманда была яго, але работа – мая, - тлумачыць мужчына. – Лазню я сам узводзіў, майстраваў вокны, ладзіў шчыт”. У руках Зянона Лобача ўся работа спорылася. Дапытлівы хлапчук шмат чаму навучыўся ад бацькі – майстра на любой будоўлі, а пасля перад вачамі быў прыклад цесця – умельца па дрэву.

Маладыя ўсё жыццё пражылі з бацькамі. Разам з імі жыла і старэйшая сястра Алены, якая з дзяцінства была інвалідам па зроку. Сёстры моцна сябравалі і падтрымлівалі адна адну. Алена працавала ў звяне на ільне, сястра – даяркай на ферме. “Раніцай ідзём разам на ферму даіць кароў, а пасля дойкі хутчэй бяжым на поле лён рваць, - прыгадвае Алена Зыгмундаўна. – Цяжка было, але ж дапамагалі адна адной. Памятаю, прыйдзем на ферму, а там каровы-пяршачкі, раздаіць кожную трэба было ўручную. Стомімся – рук не чуем, а нас яшчэ лён чакае. Яго і рвалі, і слалі, і малацілі”.

Алена Лобач расказвае, што ад цяжкай працы цяпер моцна баляць рукі. А вось мужа апошнія гады сталі турбаваць болі ў нагах. Цяжка нават уявіць, колькі дарог прайшлі яны за сваё жыццё, колькі абутку стапталі. “Ён жа быў вельмі заўзятым грыбніком, - працягвае расказваць жанчына. - Толькі развіднеецца – адразу ў лес бяжыць. Назбірае кошык, прынясе дамоў, а пасля на ўвесь дзень у калгас на працу. У маладосці надта танцаваць любіў. Так польку падбіваў, што пасля дух перавесці не мог. Вось ногі цяпер і баляць.”

IMG_4473.JPG

Алена паглядае на мужа і ўсміхаецца. У жанчыны асаблівы позірк: у ім і цеплыня, і замілаванне, і пачуццё ўдзячнасці. Муж і жонка шчаслівыя, што яны ёсць адзін у аднаго. Вядома, сумна назіраць, як з кожным годам у Будзілках становіцца ўсё больш пустых хат, як некалі гаспадарлівыя двары парастаюць дзікімі кустамі і пустазеллем.

Хата Лобачаў знаходзіцца ў канцы вёскі. Іх двор пазнаць няцяжка па стракатым кветніку на чыстым падворку, сонечна-жоўтым колеры шаляванай хаты і высокаму дымку, які кожную раніцу і ўвечары ўзнімаецца над комінам і плыве па вёсцы.

А прыходзяць выхадныя – і ў хаце збіраюцца дзеці, унукі і праўнукі. Уся сям’я – гэта больш за 20 чалавек. “У нас тры сыны, нявесткі, пяцёра ўнукаў, праўнукі, - расказваюць Алена і Зянон. – Усе жывуць у горадзе, але кожны тыдзень прыязджаюць. Мы радуемся, а як пачынаюць дамоў збірацца – сумна становіцца. Але дзякуй Богу, што мы ўдваіх, што разам столькі гадоў пражылі і разам старасць сустрэлі.”

IMG_4509.JPG

Зянон і Алена Лобач ніколі не забываліся складаць Богу падзякі, давяраць яму свае просьбы, прымаць ад яго выпрабаванні. Сваё хрысціянскае жыццё яны пражываюць як сапраўдныя вернікі. Разам працуюць, разам адпачываюць, разам моляцца. Яны адчуваюць: Усемагутны Бог заўсёды з імі, у іх і сярод іх.

Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота аўтара і з архіва сям'і Лобач.