Між намі пасяліўся цудоўны сусед

Общество
02.11.2019 10:00
364
Фотаальбом адной з суседак Аляксандра Дзяругі (напомню, ён жыў на вуліцы Танкістаў) багаты на гістарычныя фотаздымкі. Былая карэктар газеты “Светлы шлях” Леакадзія Бароўская ў свае 86 гадоў мае добрую памяць і цікава распавядае пра свайго “цудоўнага суседа” (мусіць, пра яго спявала Эдзіта П’еха).

Пан Капусцінскі

Пачынаем з фота, на якім пазначаны 1943 год. Апошні званок у гандлёвай школе. У цэнтры здымка – Канстанцін Капусцінскі, цесць Аляксандра Дзяругі. Пасля заканчэння юрыдычнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта Канстанцін Іванавіч працаваў ваенным следчым. Праўда, нядоўга. Пасля перайшоў у адвакаты. У 20-х гадах пераехаў на Смаргоншчыну. Мясцовы краязнаўца Уладзімір Прыхач бачыў дакументы, якія сведчаць, што ў 1925 годзе Канстанцін Капусцінскі быў адвакатам у Залессі, а ў 1927 годзе – у Смаргоні.

Б1.jpg

У цэнтры - Канстанцін КАПУСЦІНСКІ (1943 год)


Смаргонская гандлёвая школа адкрылася ў верасні 1929 і праіснавала да верасня 1939 года. У гады другой сусветнай вайны – аднавіла сваю дзейнасць. У гісторыка-акументальнай кнізе “Памяць” напісана: “У 1942 годзе ў Смаргоні пад эгідай беларускай акупацыйнай адміністрацыі пачала працаваць Гандлёвая школа. Дырэктарам яе быў адвакат Канстанцін Капусцінскі. Навучанне вялося толькі на беларускай мове, падручнікі былі савецкія. Палітыкай у школе не займаліся”. Уладзімір Прыхач удаклядняе, што многія з педагогаў школы падчас вайны, рызыкуючы сваім жыццём, перадавалі звесткі ў партызанскія атрады, уратоўвалі яўрэйскіх бежанцаў. Нядаўна стала вядома, што дырэктар школы Канстанцін Капусцінскі ў гады ваенных выпрабаванняў дапамог не адной яўрэйскай сям’і схавацца ад фашысцкага праследвання.

За хуліганскі ўчынак вучняў школы (яны запусцілі чарнільніцу ў партрэт на сцяне) Канстанціна Капусцінскага перавялі з дырэктарскай пасады ў настаўнікі. Пасля вайны ён пераехаў у Вільнюс, працаваў у электразбыце.

Успамін першы: беласнежная сукенка і чорны аўтамабіль

А вось фотаздымка з вяселля Аляксандра Дзяругі і Надзеі Капусцінскай мая суразмоўца не мае. Затое захоўвае адзін выразны дзіцячы ўспамін: “Я была зусім малая, мне было амаль пяць гадоў. Але я добра памятаю, як паглядзець на маладых сабралася паў-Смаргоні. Тады ўсе бедныя былі, раскошы не ведалі. Глядзелі, як на дзіва. Нявеста Надзя была такая прыгожая, у такой паветранай, беласнежнай сукенцы са шлейфам! Жаніх – у чорным фраку. Нявеста – нашмат маладзейшая за жаніха. Гаварылі, што ёй – толькі дваццаць гадоў, а Аляксандру Анісімавічу – трыццаць пяць.

Пазней, калі мы сталі сябраваць з Дзяругам, я аднойчы сказала: “Вы такую жонку маеце!Такую прыгажуню!” Безумоўна, для яго мае словы не былі адкрыццём: многія Надзеяй Канстанцінаўнай захапляліся. Ён, усміхнуўшыся, адказаў: “Але ж і я таксама быў прыгажуном”. І з гэтым нельга было паспрачацца. На той час ён яшчэ не пасівеў, быў цёмненькі, вусаты, высокі, тоненькі, як таполік”.

Хто гэта дзяўчынка з гітарай?

Адразу пасля вайны Дзяруга пачаў збіраць струнны ансамбль. У каго якія інструменты былі, на тых падлеткі і гралі. Далучаў да аркестра вясковых самабытных музыкаў. Ёсць у альбоме Леакадзіі Станіславаўны здымак аркестра, датаваны 1947 годам, дзе акрамя школьнікаў, ёсць дарослыя хлопцы з гармонікамі. Мая суразмоўца сцвярджае, што гэта якраз тыя, хто цешыў публіку на вяселлях і святах.

Б7.jpg

Струнны ансабль. 1947 год. У цэнтры з гармонікам - Мікалай ДЗЯРУГА. У трэцім радзе трэцяя злева - Надзея, жонка Аляксандра ДЗЯРУГІ


Б12.jpg

1947 г.


У струнным ансамблі на гітары грала старэйшая сястра Леакадзіі Ірына. Яна часта хадзіла да Дзяругі дадому, сябравала з яго пляменніцай Валяй Дэшыневіч (сястра Дзяругі з дачкой жыла ў іх доме). Коля Дзяруга быў самым юным удзельнікам ансамбля, граў на акардэоне. “Такі харошанькі хлопчык быў: блакітнавокі, светленькі, кучаравенькі, - апісвае малога мая суразмоўца.

- А яго маці Надзея мела добры голас і спявала ў хоры. Ужо ў 1947 годзе смаргонскія артысты выступалі не толькі ў сваім горадзе. Вось паглядзіце яшчэ здымак, зроблены пасля канцэрту ў Маладзечне (тады гэта быў абласны цэнтр)”.

Успамін другі – удзячны: нераўнадушнасць

Бароўскія выхоўвалі пяцёра дзяцей. Бацька Леакадзіі памёр рана - у 1946 годзе. Самаму старэйшаму сыну – 24 (ён ужо жыў асобна), старэйшай дачцэ – 19, другому сыну – 17, Леакадзіі – 14, а самай малой дзяўчынцы толькі тры гады. Перад смерцю бацька моцна хварэў, быў прыкаваны да ложка. 17-гадовы сын Ігнацій вучыўся ў дзявятым класе і вымушана стаў гаспадаром у хаце. Часта прапускаў заняткі ў школе: і за ляжачым бацькам глядзеў, і па гаспадарцы шчыраваў. Настаўнікі гаварылі, што Ігнацій, відаць, недзе грошы зарабляе, таму і ў школу не ходзіць. Гразіліся са школы выключыць.

Б3.jpg

Леакадзія БАРОЎСКАЯ (у цэнтры) з сёстрамі і сяброўкамі (1953 год)


Бацька памёр, а хлопец адразу пасля пахавання зноў на заняткі не явіўся. І тады адміністрацыя школы вырашыла з такім вучнем не цырымоніцца. Калі Аляксандр Анісімавіч даведаўся пра выключэнне, дапамог напісаць заяву ў аддзел народнай адукацыі, у якой пазначыў, што ў Савецкім Саюзе не маюць права пазбаўляць падлетка магчымасці атрымліваць адукацыю.

Папрасіў, каб хлопца вярнулі ў школу. Што было неўзабаве і зроблена. Ігнацій паспяхова скончыў установу, паступіў у горнарудны інстытут. Невядома, як бы склаўся прафесійны лёс юнака, калі б Дзяруга быў раўнадушным да чужога гора чалавекам.

Успамін трэці: асабісты сакратар

Працаваць у рэдакцыю Леакадзія Бароўская прыйшла ў 1954 годзе. На працягу дзесяці гадоў была машыністкай, а пасля чвэрць веку – карэктарам. “Дзяруга часта прыходзіў да нас у рэдакцыю. І я была яго асабістым сакратаром, - смяецца Леакадзія Станіслаўваўна. – Ён прасіў мяне надрукаваць на машынцы тэксты песень, аб’явы святаў. Раней жа ксераксу не было, друкавала я пад капірку. У хор да Аляксандра Анісімавіча людзей хадзіла шмат, таму экзэмпляраў патрабавалася нямала. За работу ён мне стараўся аддзячыць. Часцей за ўсё гэта былі кантрамаркі на танцы. Зарплата ў мяне была невялікая, таму такая адплата здавалася мне сапраўдным падарункам.

Б13.jpg

Леакадзія БАРОЎСКАЯ (канец 50-х гг.)


У альбоме “асабістага сакратара Дзяругі” ёсць здымак са святкавання 30-гадовага юбілею газеты. Імпрэза праходзіла ў зале пасяджэнняў райвыканкама. Сярод прысутных – Аляксандр Дзяруга. Ён не прапускаў ніводнага свята, ніводнай важнай падзеі, якая тычылася смаргонцаў.

Б10.jpg

Апошні прытулак

Ішлі гады, на працягу якіх Аляксандр Анісімавіч часта заходзіў у рэдакцыю. А пасля прапаў. Казалі, што ён ляжыць у шпіталі… “Аднойчы сяджу дома, гляджу ў акно, а там мой “цудоўны сусед” ідзе па вуліцы, - успамінае Леакадзія Бароўская. - Не на “дамачцы” едзе, як заўсёды. А пехатой, павольна. Ногі літаральна цягне. Відаць было, што сілы яго пакідаюць.

Хутка стала вядома, што Дзяруга адышоў у іншы свет. “Нервовая сістэма не вытрымала”, - так апісвалі смаргонцы прычыну яго смерці. А што дзіўнага: ён усю сваю энергію, усяго сябе аддаваў людзям. Яшчэ казалі, што апошняя воля Дзяругі: пахаваць яго на самым высокім месцы могільніка. Маўляў, звысоку будзе глядзець на Смаргонь і ўсё бачыць”.

Б4.jpg

На старых могілках, дзе непадалёку пахаваны Аляксандр ДЗЯРУГА (пачатак 50-х гг.)


Пахаваны Аляксандр Анісімавіч на “французскіх пагорках”. Напэўна, гэта самае высокае месца ў старой Смаргоні. Мясцовы краязнаўца, дырэктар раённай дзіцячай бібліятэкі Аляксей Бумай, адзначыў, што яно мае сваю гісторыю. На пагорках у раёне цяперашняй цэнтральнай раённай бальніцы пры князях Радзівілах у 17 стагоддзі заснавалі “Мядзведжую акадэмію”.

Дрэсіравалі маладых мядзведзяў, вучылі іх танцаваць, барукацца, кланяцца… Пагоркі сталі выкарыстоўваць у якасці акадэмічных класаў: на іх вяршынях капалі трохметровыя ямы, у іх апускалі жалезныя клеткі з медным дном, збоку пракопвалі ход, а знізу раскладвалі вогнішча. У клетку ўпускалі па два ці тры мядзведзяняты. Тут на гарачай “патэльні” касалапыя вучыліся танчыць. У 1812 годзе французы праявілі вялікую зацікаўленасць да “акадэміі”, іх туды вадзілі на экскурсію. Падчас адступлення французскіх войскаў у Смаргоні, у доме аднаго з мядзведнікаў (так называлі дрэсіроўшчыкаў), начаваў польскі афіцэр Генрык Брандт, які апісаў у сваіх мемуарах працэс дрэсіроўкі мядзведзяў.

Так што апошні прытулак маэстра аказаўся сапраўды месцам гістарычным.

Галіна АНТОНАВА.

Фота з архіва Леакадзіі БАРОЎСКАЙ.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений