Ламаючы стэрэатыпы

 

Ламаючы стэрэатыпы

Общество
06.10.2019
1363
«Калі дзіця прыходзіць у школу, яму бывае страшна і адзінока. І яму вельмі патрэбны абдымкі, нават калі дзіця на галаву вышэйшае за ўсіх настаўнікаў”, - упэўнена Людміла Квяткевіч, настаўнік пачатковых класаў Смаргонскай гімназіі. І яна заўсёды гатова абняць, выслухаць, падтрымаць і сваіх цяперашніх другакласнікаў, і тых “сваіх” дзяцей, якія ўжо вучацца ў старэйшай школе ці наогул яе скончылі.

Квяткевич.JPG

Педагагічны стаж Людмілы Квяткевіч – 30 гадоў. “Я цяпер вучу дзяцей маіх першых вучняў”, - расказвае яна. Людміла Яўгенаўна сцвярджае, што дзеці 30 гадоў таму і дзеці сёння абсалютна розныя. Нельга сказаць, што хтосьці з іх лепшы, а хтосьці горшы. Проста розныя. У першыя гады настаўніцтва, можа, і прасцей было: дзеці савецкага часу былі спакайнейшымі, больш паслухмянымі. Цяпер дзяцей складана трымаць у рамках. Сённяшнія вучні надзвычай актыўныя, у іх большая пазнавальная цікавасць, але не такая ўстойлівая ўвага, ім складаней нешта вывучыць.

Я пытаю ў Людмілы Яўгенаўны, якім павінен быць настаўнік у сучасных дзяцей. Яна на хвіліну задумваецца, а потым упэўнена кажа: “Такі, як яны самі. Ён можа лёгка перастроіцца і гатовы да новых адкрыццяў. Гэты педагог не баіцца зламаць алгарытм, выйсці па-за яго рамкі. Настаўнік не баіцца прызнаць, што чагосьці не ведае і гатовы вучыцца разам з дзецьмі”. Са смехам успамінае Людміла Квяткевіч, як упершыню ўбачыла камп’ютар: “Калі я вучылася, усю групу прывялі па калідоры, паставілі ў дзвярах, паказалі на вялікую машыну і сказалі: “Гэта камп’ютар”. І ўсё”. Цяпер Людміла Яўгенаўна без камп’ютара як без рук. Яна адкрывае папку за папкай, гартае электронныя старонкі і расказвае: “У гэтым годзе мы рэалізуем праект “Быць чараўніком нескладана”. Праз кожны наш урок, кожнае мерапрыемства праходзіць тэма чарадзейства: вось мы трэніруемся паказваць фокусы і раскрываем іх сакрэты, вось рыхтуем спектакль для дашкалят, дапамагаем ветэранам…”

Праектнай дзейнасцю Людміла Квяткевіч займаецца гадоў дваццаць. І не толькі са сваімі пачаткоўцамі. Яна падключае да мерапрыемстваў іншыя класы гімназіі, школы Смаргоншчыны і нават іншых раёнаў. Кажа, што нашмат прыемней працаваць ва ўмовах супрацоўніцтва, а не канкурэнцыі.

Вучням Людмілы Яўгенаўны сумаваць не прыходзіцца, кожны дзень іх чакаюць новыя адкрыцці. Гэта можа быць выстава дамашніх гадаванцаў, калі ў фае на радасць усёй школе дзеці дэманстравалі катоў, сабак, чарапах і іншых “сяброў”. А можа менавіта сёння на ўроку матэматыкі прыйдзецца падлічыць, колькі міліграмаў вітаміну С ты атрымаеш за жменяй малін. Дзеці бяруць прыступкі школьнай праграмы адну за адной з лёгкасцю і азартам. І не баяцца памыліцца, бо побач тая, якая падтрымае і дасць патрэбны штуршок уверх – першая настаўніца.

Віялета ВОЙТКА.

Фота аўтара.

Статьи по теме: