Сустрэцца, пагаварыць, дапамагчы

Общество
16.09.2019 11:19
328
Валянціна Ахмядзянава ўзначаліла ветэранскую арганізацыю завода аптычнага станкабудавання год таму, а раней, да выхаду на пенсію, яна працавала на гэтым прадпрыемстве, была вядучым канструктарам. Не дарэмна ў тэхналагічным інстытуце, дзе вучылася жанчына, чарчэнне выкладалі студэнтам усе пяць гадоў. Работа ёй падабалася. Асаблівае задавальненне выклікала тое, калі начэрчаныя на паперы дэталі потым увасабляліся ў метале, іх можна было паглядзець у цэху.
IMG_1567.JPG

Старшыня ветэранскай арганізацыі Валянціна АХМЯДЗЯНАВА абмяркоўвае надзённыя пытанні разам з начальнікам аддзела кадраў ЗАСа Надзеяй СТАРАВОЙТАВАЙ

На пенсіі Валянціна Іванаўна, як сказала сама, таксама была “канструктарам”, але ўжо на дачы. “Там райскі куток, усё так прыгожа, адпачываеш душой, - пахвалілася жанчына. – Кветкі, экзатычныя расліны, кусты, дрэвы. Усё сартавое. Нават грэцкі арэх калісьці прывезлі з Украіны. Гэтаму дрэву ўжо 40 гадоў, але яно паранейшаму пладаносіць. Летась сабралі 50 кг грэцкіх арэхаў.

Пасля заканчэння мінулагодняга дачнага сезона Валянціна Ахмядзянава прыйшла на завод аптычнага станкабудавання – кіраўніцтва прадпрыемства прапанавала ёй стаць старшынёй ветэранскай арганізацыі, у якой 592 чалавекі. З імі трэба было наладзіць сувязь, пагутарыць з гэтымі людзьмі, пацікавіцца ў іх, можа патрэбна якая дапамога. Усіх наведаць было б складана, таму члены ветэранскага савета пайшлі па адрасах, дзе жывуць заводскія пенсіянеры ва ўзросце 70 і больш гадоў. А такіх 182 чалавекі. Гэтыя людзі былі ўдзячныя за тое, што іх памятаюць. Потым Валянціна Іванаўна ўзялася за спісы ветэранаў. Прыйшлося звярнуцца ў сацыяльную службу райвыканкама. Цяпер у ветэранскай арганізацыі стаяць на ўліку ветэраны ва ўзросце ад 56 да 93 гадоў.

- Мы наведваем тых, каму патрэбна пасільная дапамога, - сказала Валянціна Ахмядзянава. - Але ў асноўным гэтым людзям дапамагаюць іх дзеці. Ёсць адзінокія. Адзін ветэран  знаходзіцца  ў сацыяльным прытулку, а яшчэ за адным замацавана сядзелка. Я таксама наведваю гэтага чалавека.

На заводзе аптычнага станкабудавання ёсць пярвічная арганізацыя БРСМ. Юнакі адзінокім пенсіянерам нарыхтоўвалі бульбу, ездзілі па яе на поле. Адной жанчыне на прысядзібным участку касілі траву. Заводскія ветэраны ўдзельнічаюць у самадзейнасці. На прадпрыемстве створаны хор ветэранаў, які выступае падчас святаў, удзельнічае ў конкурсах.

Ветэранская арганізацыя завода аптычнага станкабудавання віншуе ветэранаў з юбілеямі. Сёлета да 75-годдзя з дня ўтварэння Гродзенскай вобласці на заводзе аптычнага станкабудавання вырашылі ўшанаваць ветэранаў, у якіх 75-годдзе.

Справы лепш вырашаць разам, таму ветэранская арганізацыя цесна супрацоўнічае з адміністрацыяй прадпрыемства, кадравай службай, прафкамам і “пярвічкай” БРСМ.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений