Цаніць не кожны дзень, а кожную хвіліну

Общество
10.09.2019 16:35
573
Менавіта гэтаму навучыла Алену Дасюкевіч, бухгалтара з райветстанцыі, яе сястра-медык. “У жыцці шмат непагадзі, але трэба трымацца разам, нягледзячы ні на што”, - а гэта ўжо наказ ад бацькоў Алены Казіміраўны, якія выгадвалі пяцёра дзяцей.

Днямі Алена Дасюкевіч адзначыла “залаты” юбілей. Калегі па рабоце шчыра віншавалі яе, не шкадуючы прыгожых эпітэтаў. А што яшчэ можна гаварыць у адрас юбіляркі, якая адпрацавала ў райветстанцыі трыццаць гадоў? Як скончыла Ашмянскі  тэхнікум, размеркавалася сюды на работу, так і працуе па сённяшні дзень. Больш за дзесяць гадоў яна сумяшчае абавязкі казначэя ў прафсаюзным камітэце ўстановы.

“Адказнасць і працавітасць – галоўныя рысы Алены Казіміраўны”, - удакладніла Галіна Кузьміна, старшыня прафкама прафсаюза райветстанцыі, якая ведае юбілярку з моманту ўладкавання яе на працу. Віталь Івашка, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК, уручыў юбілярцы Ганаровую грамату за шматгадовую добрасумленную працу, актыўную абарону працоўных прафесіянальна-эканамічных правоў, законных інтарэсаў членаў прафсаюза. Сама Алена Дасюкевіч зазначыла: “Мне камфортна тут працаваць. Напэўна, я магу назваць сябе шчаслівым чалавекам, бо іду на работу з радасцю. І вяртаюся з работы з пазітыўнымі эмоцыямі”.

IMG_2229.JPG

У вольны час жанчына любіць вышываць крыжыкам, вязаць, гатаваць. Раней яе 26-гадовы сын вельмі любіў фірменныя маміны катлеткі. Апошнім часам адмовіўся ад мяснога,  а мама, у сваю чаргу, стала асвойваць новыя вегетарыянскія стравы.

Чытанне – яшчэ адно захапленне гэтай жанчыны з маленства. Калі была навучэнкай тэхнікума, літаральна прападала ў бібліятэцы. Нават бібліятэкары здзіўляліся, калі яна толькі і вучыцца. Дагэтуль вельмі любіць рускую класіку, творы Шамякіна, раман “Поющие в терновнике” Коліна Макалоў перачытала шмат разоў.

IMG_2248.JPG

Свой юбілей Алена Казіміраўна будзе адзначаць у коле родных у вёсцы Копцевічы. У доме, дзе прайшлі яе дзіцячыя і юнацкія гады, дзе вельмі часта збіраюцца са сваімі сем’ямі  яе сёстры і брат. На жаль, бацькоў ужо няма ў жывых, але наказ, які яны пакінулі дзецям: “І ў бядзе, і ў радасці быць разам”, выконваецца.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений