Жыццё з Божай дапамогай

 

Жыццё з Божай дапамогай

Общество
18.08.2019
1158
«Калісьці так я хацеў выйсці на пенсію! Думаў, адпачну”, - расказвае ветэран працы, былы загадчык папелевецкай фермы Тадэвуш Давідовіч. “Ага, а як на пенсію пайшоў, то стаяў у акне і цішком пазіраў на сваю ферму!” – смяецца яго дачка Яўгенія. “Ну так ужо і стаяў у акне! Скажаш!”- смяецца гаспадар і дадае: “Але сумаваў па рабоце”.

Сорак тры гады адпрацаваў загадчыкам фермы Тадэвуш Уладзіміравіч. Пасля выйшаў на пенсію. А калі прапанавалі вярнуцца на ранейшае працоўнае месца, не змог адмовіць. Усяго атрымалася сорак пяць гадоў. Колькі разоў за гэты час станавіўся лепшым у раёне і калгасе ён асабіста, колькі разоў узнагароджвалі ўвесь працоўны калектыў – і не лічыў нават. У канцы 80-х атрымаў ордэн Працоўнай Славы.

Калі напярэдадні свайго 80-гадовага юбілею Тадэвуш Давідовіч азіраецца на жыццёвы шлях, яму не сорамна ні за адзін пражыты дзень. А працаваць Тадэвушу Уладзіміравічу давялося з самага дзяцінства. Сям’я жыла тады на хутары Канстанцінава, гэта пазней ужо пачалі перасяляць хутаран. А ў пачатковую школу давялося хадзіць аж у Войневічы. Здаецца, недалёка, а для дзіцячых ножак – цэлае падарожжа. Першыя крокі ў навуку сталі і апошнімі. Усяго чатыры класы паспеў скончыць, а потым давялося застацца дома, каб дапамагаць бацькам па гаспадарцы. Настаўнікі ўсё шкадавалі: добры, маўляў, вучань выйшаў бы. І бацькі здаліся. Пасля гадавога перапынку ў канцы першай чвэрці Тадзік трапіў у пяты клас. Ды якая там навука! Другую чвэрць адхадзіў дзень у школе, дзень у хаце, у трэцяй чвэрці дома быў ужо па два дні запар, а вясною ўвогуле кінуў. І зноў настаўніца перадала праз малодшага брата, каб хоць экзамены прыйшоў здаць за пяты клас. І здаў– дзве “5” і адна “4”.

А потым Тадэвуш падрос і захацеў пабачыць свет. Ды як гэта зрабіць без пашпарта? Тады моладзь вербавалі для работы ў аддаленых кутках Савецкага Саюза. Але бралі толькі паўналетніх. Тадэвуш вырашыў, што крыўдна губляць такую магчымасць з-за некалькіх месяцаў, якіх не хапала да паўналецця. Тым больш, што метрыкі пасля вайны не захаваліся. Вось і дапісаў сабе патрэбны ўзрост. Такім чынам на цэлы год трапіў у Карэла-Фінскую ССР.

А праз год хлопца забралі ў армію. Дагэтуль памятае, як збіраўся ісці ў ваенкамат пехатою, але, на шчасце, з Мілідаўшчыны ішла машына з цэглай, шафёр падкінуў у горад. Служыў у Падмаскоўі, там і пашпарт атрымаў. Таму пасля арміі мог ехаць куды заўгодна. Выбраў шахты ў Кузбасе. Цяжкая праца, нікому не пажадаеш. І небяспечная – сотні метраў пад зямлёй. “Мне нічога, а мама вельмі баялася, што некалі гэтыя шахты абваляцца і я загіну, - расказвае Тадэвуш Уладзіміравіч. – То яна мне ўсё пісьмы пісала, што цяжка з гаспадаркай упраўляцца, каб я прыязджаў дапамагаць. Я і вярнуўся. Дакладна, у Дзень Перамогі ў 1964 годзе”.

Асаблівага выбару, дзе працаваць у Папелевічах, куды з хутара перасяліліся бацькі, не было. Стаў у калгас хадзіць. Прапанавалі быць загадчыкам фермы. Не думаў спачатку, што так надоўга, ды каханне ўсё вырашыла. На ферме і сустрэў сваю Крысціну. Дзяўчо зусім. Як жаніліся, ёй усяго 18 было, а Тадэвушу – 27. Потым сталі “абрастаць” дзецьмі. Куды ўжо тут з’едзеш! Тая ферма, якую атрымаў у падначаленне малады загадчык, мала чым нагадвала цяперашнія комплексы.

Пару драўляных хлявоў, нават электрычнасці не было. Гэта ўжо з 70-х сталі будаваць тыповыя кароўнікі. А жывёлы ў гэтых хлявах багата было: 200 галоў толькі дойнага статку. А пазней – усе 400. І яшчэ 600 на адкорме. Усю жывёлу абслугоўвалі 40 чалавек. “Добры такі калектыў у нас быў, стараліся людзі. Мы і па выніках пяцігодак перамагалі, і ў сацыялістычных спаборніцтвах дастойна сябе паказвалі”, - успамінае Тадэвуш Давідовіч.

IMG_9848.JPG

Самае страшнае было для вяскоўцаў і калгаснікаў – ваўкі. І на жывёлу нападалі, і пад самыя хаты прыходзілі. Колькі разоў праводзілі яны загадчыка ад дома да самай фермы! І за дзяцей баяліся. Ім у школу праз лес ісці. Летам хоць на веласіпеды перасаджваліся, калі трактар ці камбайн у Крэва ідзе – заўсёды падвозілі. А ўзімку факелы бяруць – і шнурочкам па сумётах. На кароў драпежнікі таксама нападалі. Прыходзілі раніцай работнікі – а ў каровы цэлы бок выгрызены. Шкада жывёліну, не тое слова! За кожную карову душа балела. І не таму, што прыйдзецца адказваць перад начальствам за страты, а таму што працу прывык выконваць сумленна.

Бывала, і ўночы падымалі, калі карова захварэе ці яшчэ што здарыцца. А ў вольную хвіліну ішоў жонцы дапамагаць, тая на адкорме працавала, даводзілася цяжкія кармы, ваду цягаць.

Заўсёды начальства адзначала дасягненні работнікаў фермы і загадчыка асабіста. Незадаволенасць выклікала адно толькі – ніяк Тадэвуш Давідовіч у партыю не ўступаў.

IMG_9851.JPG

“А як я мог уступіць? У мяне бацькі такія веруючыя былі. Каб я ім сказаў, што ў партыю ўступіў, дамоў лепш было б не вяртацца”, – успамінае юбіляр. Камуніст з Тадэвуша Уладзіміравіча і сапраўды не атрымаўся б. Нікога не баючыся, хадзіў у касцёл. І дзяцей вадзіў. Дачка Яўгенія ўспамінае: “Глядзім у акно, татка без шапкі ідзе. Ага, значыць, моліцца. Ён увесь час па дарозе з фермы і на ферму маліўся”. Так і прывык Тадэвуш Давідовіч, так і жыве дагэтуль: спадзяецца больш за ўсё на Бога, крыху менш – на ўласныя сілы і характар. Можа, таму і атрымліваецца ўсё найлепшым чынам?!

Віялета ВОЙТКА.

Фота аўтара і з архіва Тадэвуша ДАВІДОВІЧА.

Статьи по теме: