Людзі Смаргоншчыны: Пётр Шчасны

 

Людзі Смаргоншчыны: Пётр Шчасны

Общество
14.08.2019
1185
Яшчэ школьнікам Пётр Шчасны асабіста пазнаёміўся з цяжкай калгаснай працай. Не было ў тыя часы заведзена, каб працавалі ў сям’і толькі бацькі. Вось хлопец і бег пасля школы, у выхадныя, каб дапамагчы бацьку пасвіць жывёлу, трошкі палегчыць працоўны дзень маме, якая была даяркай. А пасля арміі стаў у калгасе паўнапраўным работнікам на падвозе кармоў.

З 75 гадоў свайго жыцця ферме Пётр Пятровіч аддаў 48, нават на пенсіі яшчэ сем гадоў працаваў. Прызнаецца, нялёгка было і на падвозе кармоў, і на адкорме жывёлы. Гэта цяпер сілас прывозяць адразу рэзаны, толькі падавай. А тады скосяць, прывязуць, а ты ўжо сячэш.

IMG_9974.JPG

Трэба салома? Бярэш каня, едзеш у поле, грузіш яе на воз і вязеш на ферму. Як некалі сам бегаў на дапамогу бацькам, так і яго дзеці рады былі паспытаць нялёгкай калгаснай працы. Возьмуць па вядру – і ідуць паіць кароў, усё ж бацька не такі стомлены дадому вернецца.

Дзеці і сёння клапоцяцца пра бацьку. “У горадзе ў іх шмат работы, але вясковых спраў не цураюцца. Гародніну садзім на ўсю сям’ю, гэта іх клопат. А я ўжо па гаспадарцы”, - расказвае Пётр Пятровіч. А гаспадарка даволі вялікая: конь, карова, свінні, куры. “Як спраўляюся? З узростам-то цяжэй, - усміхаецца мужчына. – Але ж не разумею, чаму цяпер не хочуць жывёлу трымаць. Калісьці ў Сяльцы нашым было ў статку 124 каровы. А сёння восем ці набярэцца. Яшчэ гадоў 20 таму шукалі, дзе травы скасіць можна, а цяпер калгас гатовае сена пад хату прывязе, толькі кармі”.

Некалькі дзён таму Пятру Шчаснаму споўнілася 75 гадоў. Ён адзін з самых паважаных людзей у вёсцы. Былыя работнікі фермы з радасцю адзначаюць: “Усё, што можа быць добрага ў чалавеку, знойдзеце ў Пятра Пятровіча”. Юбіляр ганарыцца сваімі дзецьмі, з любоўю і ўдзячнасцю ўспамінае жонку, якой няма ўжо сем гадоў, і стараецца кожны дзень пражываць так, каб не пасароміць імені свайго.

Віялета ВОЙТКА.

Фота аўтара.

Статьи по теме: