Патрыятычны праект "Я хачу гэта памятаць": Андрэй Гаеў

Общество
11.08.2019 14:00
315
Да 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якую мы адзначылі 3 ліпеня, рэдакцыя газеты “Светлы шлях” прымеркавала патрыятычны праект «Я хачу гэта памятаць». Кожны жыхар Смаргонскага раёна, чые родныя ваявалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, можа ўвекавечыць памяць сваіх герояў на старонках нашага выдання.

Андрэй Міхеевіч Гаеў - ветэран “трох ваенных кампаній” (як ён сябе называў іншы раз). Больш таго, гэты сціплы, справядлівы чалавек – мой свёкар. Старэйшаму пакаленню смаргонцаў добра вядома гэта імя, бо ён, “пасляваенны абарыген” Смаргоні, прыехаў у горад 6 ліпеня 1944 года і жыў тут амаль паўстагоддзя.

WG_FfKNtyfA.jpg

Родам Андрэй Міхеевіч з Гомельшчыны, са Жлобінскага раёна. Рана стаў працаваць. Пачынаў свой працоўны шлях рахункаводам у дарожным аддзеле. Пасля заканчэння бухгалтарскіх курсаў у Мінску быў накіраваны ў горад Сураж Віцебскай вобласцібухгалтарам у гарадское спажывецкае таварыства. Тут і сустрэў сваю “палавінку”, Кацярыну Сямёнаўну Масцераву.

У 1939 годзе Андрэй Гаеў ідзе ў Чырвоную Армію. Прайсці давялося ад Віцебшчыны ажно да Брэста.

Не паспеў салдат апамятацца ад адной ваеннай завірухі, як падзеі кінулі ў другую, на фінскую граніцу, у люты холад і небывалыя маразы. Там з пісьма даведаўся, што ў яго нарадзіўся сын.

Пазней гаварыў, што гэта радасць дала сілы вынесці ўсе цяжкасці, выжыць. Але сына адразу ўбачыць не давялося, бо неўзабаве пачалася Вялікая Айчынная вайна. Ужо на другі дзень вайны Андрэй Міхеевіч атрымаў цяжкае раненне. Роўна паўгода правёў у шпіталях, шмат чаго перажыў…

Затым – зноў на перадавую, на Бранскі фронт.

“Вайна для салдата - штодзённая, знясільваючая работа, боль за забітых і параненых сяброў, нянавісць да ворага. I пастаянная барацьба са смерцю: ці яна цябе, ці ты яе. Дапамагала адно: мы ведалі, за што змагаліся - за зямлю сваю, за людзей, дзяцей, каб жылі ў вольнай краіне”, - гаварыў Андрэй Міхеевіч.

Усе жахі бітвы на Курскай дузе прыйшлося яму перажыць асабіста. Кроў, агонь, смерць сяброў і ўсведамленне таго, што і твая ходзіць побач... У адным з баёў у імгненне пасівеў. Усё жыццё ён памятаў Курскую дугу, гарачае лета 43-га. Тады яго цяжка параніла ў жывот, куля перабіла правую руку. Зноў шпіталь, боль, змаганне за жыццё. Захавалася пісьмо, пажоўклы ад часу трохкутнік, у якім Андрэй Гаеў па-салдацку стрымана паведамляе жонцы і сыну, што жывы, просіць не хвалявацца.

Урачэбная камісія пасля лячэння прызнала годным да нясення нестраявой службы. Далі Андрэю Міхеевічу водпуск і накіравалі дамоў. Якраз у гэты час фарміраваўся Смаргонскі райваенкамат.

Вось тады і назначылі Андрэя Гаева начальнікам адміністрацыйна-гаспадарчай часткі ваенкамата.

14 параненых нестраявых афіцэраў сталі працаваць ва ўстанове. Больш чатырох гадоў нёс тут службу і Андрэй Міхеевіч. Але вайна, холад, акопы адбіліся на здароўі. Кашляў даўно. Як гром сярод яснага неба быў медыцынскі дыягназ - туберкулёз лёгкіх. Зноў прыйшлося змагацца за жыццё, цяпер ужо разам з Кацярынай Сямёнаўнай. Дзяржава давала магчымасць папраўляць здароўе ў санаторыях Крыма. У рэшце рэшт, як кажуць, “аклямаўся”, стаў жыць спакойна, размерана, дачакаўся ўнука. У маёй памяці застаўся вечар, калі Андрэй Міхеевіч паказваў унуку свае ўзнагароды: ордэн Айчыннай вайны, медалі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”, “За Перамогу над Германіяй”, юбілейныя медалі.

Ніколі не пакідалі яго ўспаміны ваенных гадоў. “Мне часто снятся те ребята”, - гаварыў ён іншы раз словамі песні. “3 ім я пайшоў бы ў разведку”, - так ён ацэньваў надзейнасць чалавека.

Андрэй Міхеевіч не быў раўнадушным. Да болю ў сэрцы перажываў падзеі, якія адбываліся ў краіне, цікавіўся міжнародным жыццём, шмат чытаў, выпісваў шмат газет і часопісаў. Быў нешматслоўным, не любіў мітусні, пустых размоў, востра рэагаваў на несправядлівасць, умеў даваць слушныя парады.

Цяжкае выпрабаванне выпала франтавіку на старасці год – заўчасная смерць адзінага сына. Сэнсам жыцця стала выхаванне ўнука. Ніколі не забуду выраз твару, вачэй Андрэя Міхеевіча, калі ўнук прыгожымі букетамі віншаваў дзеда з Днём Перамогі, Днём абаронцаў Айчыны. Радасць, боль перажытага, слёзы, мужчынская стрыманасць і штосьці такое, што цяжка выказаць словамі, - усё было ў гэтым поглядзе.

Аднойчы я, здаецца, зразумела. Сярод мноства пачуццяў, што бушавалі ў душы дзеда, была боль за ўсіх сяброў-франтавікоў, якія паляглі на палях вайны і не дачакаліся такога моманту.

Ірына ГАЕВА.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений