4 жніўня ў Данюшаве адбылася ўрачыстасць з нагоды 210-годдзя асвячэння касцёла і 30-годдзя вяртання святыні вернікам

 

4 жніўня ў Данюшаве адбылася ўрачыстасць з нагоды 210-годдзя асвячэння касцёла і 30-годдзя вяртання святыні вернікам

Общество
06.08.2019
2409
Даўно такой колькасці святароў і вернікаў не бачыў касцёл Найсвяцейшай Троіцы ў Данюшаве. У мінулую нядзелю, 4 жніўня, адбылася ўрачыстасць з нагоды 210-годдзя асвячэння касцёла і 30-годдзя вяртання святыні вернікам. Удзел у ім прыняў біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч.

IMG_9697.JPG

Данюшаўская святыня была заснавана ў 1483 годзе ўладальнікамі маёнтка Саковічамі. Старажытны касцёл не захаваўся. У 1809 годзе на ранейшым месцы пабудавалі новы драўляны касцёл з рысамі барока і класіцызму. Асвяціў яго завілейскі ксёндз дэкан Антоні Багіленскі. З гэтага часу Данюшава стала самастойнай парафіяй.

У 1949 годзе савецкія ўлады зачынілі святыню. Зрабілі з яе збожжасховішча. У 1970-я гады будынку надалі статус помніка архітэктуры, а праз сорак гадоў касцёл вярнулі вернікам. У жніўні 1989 года ў Данюшаве адбыўся фэст, на якім было вельмі шмат людзей. Аўтар гэтых радкоў, будучы падлеткам, прысутнічала на той урачыстасці. А цяпер, праз трыццаць гадоў, узнавіла ў памяці і тую ўзвышаную атмасферу,  і радасць, і ўсеагульную веру. Сустрэла многіх вернікаў, якія прадаўжаюць наведваць свой касцёл.

“На самой справе – гэта вельмі важна: мець месца, куды можна прыйсці памаліцца. У гэтай сувязі хочацца ўспомніць Ядвігу Скробат, якой няма ўжо ў жывых. Яна  шмат намаганняў прыкладала, каб касцёл вярнуўся вернікам, ездзіла ў Маскву, у Гродна, збірала подпісы, - удакладніла жыхарка Данюшава Рэгіна Навіцкая, якая на працягу апошніх дзесяці гадоў узначальвае касцельную Раду. - Калі пасля 40-гадовага перапынку мы зноў атрымалі нашу святыню, былі вельмі рады. Бог усемагутны, ён паказаў нам сваю моц, перамогу дабра над злом”.

“Шукаючы цудаў кожны з нас гатоў паехаць на край свету, бо там штосьці незвычайнае адбываецца. Самы вялікі цуд здзяйсняецца тут, на алтары, і ў прысутнасці Езуса ў Еўхарыстыі, - зазначыў у сваім казанні ксёндз Казімір Мараўскі з Гудагая. – Жыццё чалавека – як палёт птушкі. Крылы раз – уверх, раз – уніз. 

IMG_9597.JPG

Адзін раз хочацца спяваць “Алелюя”, а другі – мы ляжым на зямлі, і толькі дзякуючы прысутнасці Езуса і яго цудам, якія здзяйсняюцца на алтары і ў нашых сэрцах, мы можам утрымаць свой курс, свой палёт”.

Ксёндз Казімір прыпомніў гісторыю, якую яму расказалі мясцовыя жыхары падчас яго прыезду ў Данюшава ў 90-х гадах мінулага стагоддзя. У часы ліхалецця фігуру Маці Божай, якая стаяла перад касцёлам, нехта з дарослых і дзяцей вяроўкамі зняў з пастамента, зацягнуў на бераг Віліі і кінуў у балота. 

IMG_9725.JPG

Але знайшлася ў вёсцы  пабожная жанчына, якая забрала фігуру да сябе на захаванне. Аднойчы ў вёсцы здарыўся пажар. Агонь мог перакінуцца на хату гэтай жанчыны. Яна стала прасіць Маці Божую аб дапамозе. Хата ўцалела. Ксёндз Казімір называе гэта цудам. Дарэчы, фігура Маці Божай пазней зноў вярнулася на сваё месца.

На працягу дваццаці трох гадоў з Войстама ў Данюшава прыязджаў ксёндз Леон Ладыш, які цяпер служыць у парафіі за межамі Смаргоншчыны. І на гэтай урачыстасці ён таксама прысутнічаў.

IMG_9691.JPG

Апошнія два гады душпастырам данюшаўскай парафіі з’яўляецца малады ксёндз Уладзіслаў Сурвіла, які шмат намаганняў прыкладае, каб і парафіяне ўзрасталі духоўна, і святыня набывала больш прывабны выгляд. Тое, што вера тут жывая, сумнявацца не даводзіцца.

IMG_9584.JPG

Уладзіслаў СУРВІЛА (крайні справа) 


IMG_9624.JPG

IMG_9682.JPG

IMG_9676.JPG

IMG_9685.JPG

IMG_9689.JPG

IMG_9693.JPG

IMG_9722.JPG

IMG_9728.JPG

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.

Статьи по теме: