Дзяцінства не было...

Общество
04.07.2019 14:52
380
Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вікенцій Найдзіч разам са старшынёй раённай ветэранскай арганізацыіУладзімірам Касакоўскім і спецыялістам “Цёплага дома” Аленай Волк завіталі ў Смаргоні на вуліцу Камсамольскую. Тут у прыватным доме разам з дачкою жыве Марыя Мучкаева, якая была падчас Вялікай Айчыннай вайны працаўніцаю тылу.

Госці павіншавалі жанчыну з надыходзячым святам – Днём вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, уручылі ёй віншаванне ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і падарунак.

Марыя Мучкаева хаця і не ваявала, але паспытала гора. Як адзначыла сама, дзяцінства не было, бо прыходзілася працаваць у калгасе, вырошчваць прадукцыю для патрэбаў нашай арміі. Потым быў Архангельск, цяжкая работа на лесапільным заводзе.

Наведалі таксама інваліда дзяцінства Тэрэзу Паўлоўскую, якая ўлетку жыве ў садаводчым таварыстве. Жанчына прызналася, што адчувае сябе не вельмі добра, бо пагоршылася здароўе. Таму цяпер яна знаходзіцца пад наглядам сваёй сястры. За Тэрэзу Паўлоўскую перажывае яе сын, прыехаў са Смалявіч, каб дапамагчы ўправіцца з агародам. Сястра жанчыны таксама выручае, калі трэба прапалоць ці паліць. Яе домік знаходзіцца побач. Даведаўшыся пра мэту прыезду гасцей, Тэрэза Казіміраўна нечакана сказала:

“Ой, не трэба мне падарункаў. Я ж не ваявала. Мне было 2 гады і 9 месяцаў, калі пачалася вайна. Сям’я жыла на вуліцы Іванова. Сярод іншых пабудоў быў і вялікі падвал, дзе пяклі знакамітыя смаргонскія абаранкі. У гэтым падвале хаваліся жыхары з усёй вуліцы, калі чулі ў небе гул варожых самалётаў”.

IMG_7423.JPG

Тэрэза ПАЎЛОЎСКАЯ сустрэла гасцей у сваім дачным доміку


Аднойчы нямецкія сцярвятнікі з’явіліся над горадам з боку вуліцы Вілейскай. Маленькая Тэрэза тады гуляла на дварэ. Маці кінулася да яе, каб аднесці ў схованку, але не паспела дабегчы: нечакана адбыўся моцны выбух і ўдарнай хваляй дзяўчынку закінула на яблыню, якая расла на падворку. Сук трапіў дзяўчынцы ў вока. Пацярпелую неадкладна даставілі на аэрадром у Святлянах. Там ёй аказалі медыцынскую дапамогу і адправілі ў Вільнюс. Заключэнне ўрачоў было несуцяшальным: пашкоджаны вока і вуха, таму будуць праблемы са зрокам і слыхам.

З таго часу траўміраваная частка твару анямела. Вока нічога не бачыць, вуха – не чуе. Жанчына перыядычна трапляла ў бальніцу з-за розных балячак. У яе праблемы з сэрцам. Для таго каб яно рытмічна працавала, устаноўлены кардыястымулятар.

Фёдар ДЗЯТЛАЎСКІ.

Фота аўтара.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений